Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзейнасьць “Акту аб дэмакратыі для Беларусі” падоўжаная (абноўлены)


Юрась Бушлякоў, Прага Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прагаласавала за падаўжэньне на два гады тэрміну дзеяньня “Акту аб дэмакратыі для Беларусі”. Дакумэнт прадугледжвае падтрымку дэмакратычных працэсаў у Беларусі, а таксама далейшыя эканамічныя санкцыі ў адносінах да беларускіх уладаў. На рэалізацыю палажэньняў “Акту аб дэмакратыі” будзе выдаткавана 27,5 мільёнаў даляраў.

Прапанова аб падаўжэньні дзеяньня “Акту аб дэмакратыі для Беларусі” была прадстаўленая сёлета ў ліпені. Ключавую ролю ў падрыхтоўцы дакумэнту да пятнічнага абмеркаваньня ў Кангрэсе ЗША адыграў рэспубліканец, сустаршыня амэрыканскай Хэльсынскай камісіі Крыс Сьміт.

Выступаючы пры абмеркаваньні ў Палаце прадстаўнікоў, Сьміт падкрэсьліў асаблівую важнасьць падаўжэньня ўкладу Злучаных Штатаў у справу дэмакратызацыі Беларусі. Сёньняшнюю Беларусь Сьміт ахарактарызаваў як краіну з найгоршай у Эўропе сытуацыяй у галіне датрыманьня правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў.

Вынесены на разгляд законапраект падтрымалі 397 кангрэсмэнаў, два кангрэсмэны прагаласавалі супраць. Дакумэнт прадугледжвае фінансавую падтрымку беларускіх няўрадавых арганізацыяў, незалежных прафсаюзаў, праваабаронцаў, незалежнага радыё- і тэлеперадаваньня на Беларусь, а таксама падтрымку міжнароднага абмену.

У “Акце аб дэмакратыі для Беларусі” акрэсьлены асноўныя палажэньні палітыкі ЗША ў дачыненьні да Беларусі. У дакумэнце чарговы раз зьмешчаны заклік да беларускіх уладаў неадкладна – без папярэдніх умоваў – вызваліць усіх палітычных зьняволеных. Злучаныя Штаты падкрэсьліваюць, што не прызнаю́ць вынікаў сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў, і заклікаюць да правядзеньня новых выбараў.

У дакумэнце падкрэсьліваецца падтрымка Злучанымі Штатамі імкненьня беларускага народу да захаваньня незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі. Паводле “Акту аб дэмакратыі”, ЗША не прызна́юць вынікаў любога магчымага рэфэрэндуму, які паставіць пад пагрозу незалежнасьць Беларусі. Тым самым Злучаныя Штаты чарговы раз паказваюць сябе як гаранта палітычнай незалежнасьці Беларусі.

Ухваленая 8 сьнежня новая рэдакцыя “Акту аб дэмакратыі для Беларусі” пакідае ў сіле санкцыі ў адносінах да найвышэйшага беларускага кіраўніцтва. Да прадстаўнікоў кіраўніцтва дакумэнтам аднесеныя “любыя афіцыйныя асобы ўраду Беларусі, якія асабіста ўдзельнічаюць у здушэньні свабод у Беларусі, у тым ліку судзьдзі і пракуроры”. На рашэньне дзяржаўнага сакратара ЗША ў сьпіс тых, каго ахопліваюць санкцыі, можа быць уключаная кожная іншая асоба, што “ўдзельнічае ў выпрацоўваньні і рэалізацыі палітыкі рэжыму Лукашэнкі”.

Высокія службовыя асобы Беларусі, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам, па-ранейшаму ня змогуць разьлічваць на атрыманьне ў ЗША крэдытаў і ўвогуле любой фінансавай дапамогі, іхныя актывы ў ЗША, згодна з “Актам аб дэмакратыі”, маюць быць заблякаваныя.

Сярод умоваў, неабходных для разгляду прэзыдэнтам ЗША пытаньня аб зьняцьці санкцыяў у адносінах да кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, – вызваленьне ўсіх асуджаных у Беларусі з палітычных матываў; спыненьне палітычна матываваных крымінальных справаў у адносінах да беларускіх апазыцыйных актывістаў і незалежных журналістаў; дэталёвае расьсьледаваньне акалічнасьцяў зьнікненьня апазыцыйных палітыкаў; спыненьне ўсіх формаў уціску незалежных СМІ, незалежных прафсаюзаў, няўрадавых арганізацыяў, рэлігійных супольнасьцяў і палітычнай апазыцыі; прыцягненьне да адказнасьці прадстаўнікоў беларускага кіраўніцтва, адказных за фальсыфікацыю выбараў; правядзеньне свабодных, сумленных і празрыстых прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў у адпаведнасьці з стандартамі АБСЭ і пад кантролем міжнародных і незалежных беларускіх назіральнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG