Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзень народзінаў М.Багдановіча ў Менску адбыліся 2 флэш-мобы (фота)


Любоў Лунёва, Менск Сёньня, у дзень народжэньня Максіма Багдановіча, на 6-ую гадзіну вечара актывісты незарэгістраваных моладзевых арганізацыяў прызначылі правядзеньне флэш-мобу каля помніка паэту. Зь месца падзеі перадавала наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) "Я знаходжуся каля помніка Максіму Багдановічу, побач са мной – каля 20 сяброў незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт", а таксама некалькі чалавек з колішняга руху "Зубр". За некалькі мэтраў адсюль, каля музэю Максіма Багдановіча, праходзіць яшчэ адзін флэш-моб.

Удзельнікі акцыі ўсклалі кветкі да помніка паэту, запалілі сьвечкі, а таксама разгарнулі транспаранты з гербам "Пагоня" і аднайменным вершам Багдановіча. Каля помніка – шмат кветак, вянок і сьвечкі.

Байцы спэцназу, якія спачатку былі каля Палацу дасягненьняў народнай гаспадаркі, неўзабаве пачалі абкружаць удзельнікаў флэш-мобу з усіх бакоў, але абышлося без затрыманьняў.

Такім чынам, моладзь адзначыла 115-ю гадавіну з дня нараджэньня М.Багдановіча кветкамі і "Пагоняй". Арганізатары акцыі гавораць, што цяпер у краіне такі час, што даводзіцца рабіць флэш-моб, каб адзначыць угодкі вялікага нацыянальнага паэта".

* * *

"Толькi ў сэрцы трывожным пачую За краiну радзiмую жах – Ўспомню Вострую Браму сьвятую I ваякаў на грозных канях…"

9 сьнежня 1891 году нарадзіўся паэт Максім Багдановіч. Ён упершыню ў беларускай літаратуры ўжыў формы санэту, трыялету, рандо, іншыя клясычныя вершаваныя формы. Выступаў у прэсе як публіцыст, друкаваў шматлікія крытычныя артыкулы ды літаратурныя агляды. Пераклаў на беларускую мову вершы Поля Вэрлена, Эміля Вэрхарна, Гайнрыха Гайнэ, Аляксандра Пушкіна, Авідыя, Гарацыя і іншых замежных паэтаў, на расейскую — творы Янкі Купалы, Шаўчэнкі, Івана Франка...

Памёр паэт у Ялце 25 траўня 1917 г. У 1924 годзе на яго магіле быў устаноўлены помнік з чатырма радкамі з паэтавага вершу "Паміж пяскоў Эгіпецкай зямлі..."



XS
SM
MD
LG