Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты. Калекцыя тыдня (02.12-08.12.2006)


Радыё Свабода Самыя яскравыя выказваньні герояў нашых перадачаў, што прагучалі на нашых хвалях на гэтым тыдні, словы знамянальныя, сьмешныя і жахлівыя – на сайце “Свабоды”.

“Прыехала цэлая мэдычная дэлегацыя зь Менску на чале з начальнікам мэдычнай часткі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Каля гадзіны мяне круцілі, вярцелі, зьдзіўляліся маёй вазе 69 кіляграмаў і майму зьнешняму выгляду, бо маглі параўноўваць з тым, што бачылі, калі я быў у рэспубліканскім шпіталі... Зразумела, што я адмовіўся ад назіраньня ў стацыянары і ўсіх іньекцыяў. Мясцовыя дактары кажуць, што на маім прыкладзе будуць пісаць навуковыя працы пра неверагодныя й незразумелыя магчымасьці арганізму чалавека”.

Аляксандар Казулін, вязень – ў лісьце да родных.

“Магчыма, гэтая драбніца і вызначыць рэальную цану ўсяго аднаго чалавечага жыцьця”.

Аляксандар Казулін, вязень – у лісьце да дэмакратычных урадаў Эўропы і сьвету, у якім ён просіць, каб “хаця б адна з краін “вялікай васьмёркі” праявіла цьвёрды намер унесьці на разгляд Рады бясьпекі ААН пытаньне аб Беларусі".

“Я нікому не казала, што ён сёньня скончыў галадоўку. Ён яе ня скончыў, галадоўка працягваецца. І калі ён скончыць галадоўку, я ня ведаю. Бо гэта скончыцца тады, калі ён яе скончыць, а ня я і не кіраўніцтва калёніі ці нехта яшчэ”.

Ірына Казуліна – камэнтар да інфармацыі агенцтва “Інтэрфакс”, якое са спасылкай на неназванага адказнага супрацоўніка віцебскай калёніі паведаміла, што 8 сьнежня Аляксандар Казулін спыніць галадоўку.

“Заклікаю вас зрабіць ўсё магчымае, каб выратаваць жыцьцё Аляксандра Казуліна і вызваліць палітзьняволеных у Беларусі”.

Аляксандр Мілінкевіч, старшыня Палітрады аб’яднанай апазыцыі – у звароце да Джорджа Буша, Ангелы Мэркель, Уладзімера Пуціна, і Жака Шырака.

"Калі размова ідзе пра сытуацыю ўнутры краіны, а наколькі я разумею, спадар Казулін патрабуе абмеркаваць рэжым у Беларусі, то гэта пытаньне не ААН. Тут можна апэляваць да Рады Эўропы, да АБСЭ, але Рада бясьпекі тым, наколькі дэмакратычны рэжым Лукашэнкі, займацца ня будзе".

Фёдар Лук''янаў, рэдактар часопісу "Россия в глобальной политике" – у перадачы “Праскі акцэнт”.

"Я хацела б сказаць Аляксандру Ўладзіслававічу – ня трэба адчайвацца. Ягоны крок прадыктаваны адчаем, што нельга зламаць гэты мур, што людзі маўчаць, што ў той час, калі Вы гінеце, яны робяць рамонт, будуюць дамы, купляюць новую машыну... Ня трэба сьмерцю акупляць новыя ідэі. Толькі жыцьцём. Вяртайцеся да жыцьця! Адчай нам не памочнік".

Сьвятлана Алексіевіч, пісьменьніца – у перадачы “Праскі акцэнт”.

“Аляксандар Казулін пайшоў шляхам, які калісьці абралі героі польскай свабоды Януш Палубіцкі і Чэслаў Бялецкі, якія некалькі дзесяткаў разоў трымалі галадоўку ў турмах у часе ваеннага становішча. Мы вельмі паважаем людзей, якія ў такі спосаб распачынаюць самотнае змаганьне з рэжымам. Для міжнароднай супольнасьці гэта павінна быць сыгналам для рашучых захадаў. Нават калі тое, чаго дамагаецца спадар Казулін, цяжка будзе выканаць, усё адно трэба спрабаваць гэта зрабіць. Тады ягоныя гераічныя захады прынясуць вынік”.

Робэрт Цішкевіч, кіраўнік дэпутацкай групы салідарнасьці зь Беларусьсю ў Сэйме Польшчы.

“Жанчыны сказалі, што за касьцёл, за веру яны гатовыя аддаць сваё жыцьцё, калі будзе патрэба. Я кажу: такой патрэбы ўвогуле няма. Цяпер толькі ёсьць патрэба ваяваць за справядлівасьць супраць тых, якія топчуць нас нагамі і мяркуюць, што гэта справядліва, што так павінна быць, што касьцёл ня мае права існаваць тут як суполка вернікаў, хаця гэта простыя людзі, а не палітычная партыя. Як яны казалі: мы простыя людзі, нам нічога больш ня трэба, дазвольце нам будаваць касьцёл”.

Аляксандар Шэмет, ксёндз – пра галадоўку вернікаў гарадзенскай парафіі Маці Божай Вострабрамскай.

“Пасьля прызнаньняў Лукашэнкі ў фальшаваньні вынікаў прэзыдэнцкай кампаніі ў сяброў ЦВК няма ні маральнага права, ні прававых падстаў займацца арганізацыяй выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы”.

Анатоль Лябедзька, старшыня АГП – пра намер партыі дамагацца адстаўкі ўсяго складу Цэнтравыбаркаму.

“Ёсьць рэкамэндацыя зьезду ПКБ на тое, што людзі здымуць свае кандыдатуры. Сёньня і заўтра. Я мяркую, што дні тры будзе працэс доўжыцца. Калі мы давядзем да грамадзянаў, што адбываецца, то яны зразумеюць, што гэта ня выбары — калі ўдзельнічаюць толькі прадстаўнікі ўлады і ім няма альтэрнатывы. Людзі будуць думаць, ці варта ўвогуле браць удзел у гэтых выбарах”.

Сяргей Калякін, лідэр ПКБ – аб зьняцьці камуністамі сваіх кандыдатураў на выбарах у мясцовыя саветы.

“Я ня веру ў сумленнасьць гэтых выбараў і папярэдніх. Выбары ў нас былі сфальшаваныя. Пра гэта афіцыйна заявіў сам Лукашэнка. Я памятаю і выбары ў парлямэнт. Таму ў гульню, якая ўжо зробленая, я не хачу браць удзелу”.

Сьвятлана Міхальчанка, сябра ПКБ – заява пры адмове рэгістравацца кандыдатам у дэпутаты аблсавету па Моладзевай акрузе №59 у Сьветлагорску.

"Расейскія мэдыі вядуць неаб’яўленую інфармацыйную вайну супраць Рэспублікі Беларусь... дэмарш пачаўся толькі пасьля таго, як нейкая высокапастаўленая асоба з расейскай дэлегацыі сабрала вакол сябе журналістаў, паступілі нейкія ўстаноўкі, пра якія мы можам толькі здагадвацца. Пасьля гэтага пачалося тое, што я назаву “сумесныя дзеяньні”. Журналісты пакінулі саміт”.

Павал Лёгкі, кіраўнік прэс-службы прэзыдэнта Беларусі – пра сыход расейскіх журналістаў з менскага саміту СНД пасьля адмовы беларускіх уладаў дапусьціць да асьвятленьня карэспандэнтаў "Московского комсомольца" і "Коммерсанта".

"Эўракамісія рэкамэндавала прыпыніць гандлёвыя льготы для Беларусі. Я лічу, што дадзенае рашэньне зьяўляецца нашым сумесным абавязкам у справе абароны правоў рабочых".

Пітэр Мандэльсон, камісар Эўразьвязу ў справах гандлю – са звароту да сталых прадстаўнікоў краінаў–сябраў Зьвязу з просьбай прагаласаваць за выключэньне Беларусі з генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў.

“Эўропа хваліць нас за добрыя межы, дык, можа, нам варта частку сродкаў забраць з тых, што ідуць на памежную бясьпеку, і накіраваць на кампэнсацыю стратаў ад адмены прэфэрэнцый”.

Мікалай Чаргінец, старшыня камісіі міжнародных справаў і нацыянальнай бясьпекі Савету рэспублікі – пра магчымае выключэньне Беларусі з генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў Эўразьвязу.

“Як бы яны ні намагаліся гэта неяк бюракратычна згуляць, па сутнасьці сваёй, гэта санкцыі. Мы заклікаем Эўрапейскі Зьвяз не сьпяшацца з гэтым рашэньнем, каб яны ўзважылі ўсе “за” і “супраць”. Па-першае, гэта адаб’ецца на інтарэсах Эўрапейскага Зьвязу тут у Беларусі. Гэта будзе вельмі нематываваны ўдар па інтарэсах простых беларусаў”.

Андрэй Папоў, прэсавы сакратар МЗС Беларусі – камэнтуючы магчымае выключэньне Беларусі з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў Эўразьвязу.

“Для нас гэта будзе катастрофа, бо ў нас 60-80 працэнтаў прадукцыі ідзе на экспарт у Эўразьвяз”.

Аляксандр Дульчэўскі, кіраўнік службы маркетынгу Баранавіцкага вытворчага баваўнянага аб’яднаньня – пра наступствы магчымага выключэньня Беларусі з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў Эўразьвязу.

“Адзіны таталітарны рэжым у Эўропе XXI стагодьдзя нівэлюе ўсё, чаго атрымалася дасягнуць сумеснымі высілкамі пасьля падзеньня “жалезнай заслоны”.

Аляксандар Вондра, міністар замежных справаў Чэхіі, у выступе на пасяджэньні Рады міністраў замежных спраў дзяржаваў-удзельніц АБСЭ.

“Калі мы размаўляем з Іранам, Паўночнай Карэяй, Кубай, дык чаму не размаўляць зь Беларусьсю?”

Аляксандар Квасьнеўскі, былы прэзыдэнт Польшчы – заклікаючы Эўразьвяз пачаць перамовы зь беларускімі ўладамі.

"Тры месяцы назад я лічыў гэта галоўнай падзеяй у сваім жыцьці. Але цяпер, калі Кім Чэн Ір выпрабаваў нейкую дробненькую ядзерную бомбу, дык я лічу галоўным у сваім жыцьці тое, што я зрабіў усё, каб без усялякіх перадумоў з тэрыторыі Беларусі была выведзеная ядзерная зброя. А гэта стала магчыма дзякуючы Віскулям, дарэчы. І вось гэта я лічу галоўным, бо ўявіце, што сёньня Беларусь была б ядзернай дзяржавай. Пры такім няпростым яе кіраўніцтве, якое не ўсьведамляе адказнасьці за стабільнасьць у Эўропе”.

Станіслаў Шушкевіч, былы старшыня Вярхоўнага Савету – пра падпісаньне Белавескіх пагадненьняў аб спыненьні існаваньня СССР і стварэньні СНД.

“Матывацыя трохі бязглуздая. Тым, што нібыта павінны стварыць месца для маладых ксяндзоў. Павінны больш прымаць на працу мясцовых. Толькі забываюцца пра тое, што касьцёл кіруецца сваім уласным правам sui juris. Ён аддзелены ад дзяржавы, і біскуп вырашае, як працаўладкоўваць сваіх ксяндзоў. Усе свае — і тыя, што прыехалі з Польшчы, і мясцовыя. У нас такога падзелу няма і быць ня можа...А чаму гэта здарылася менавіта ў гэтым сьнежні? Відаць, настаў такі момант, як напісана ў Эвангельлі, надышла паўната часу. Мера перапоўнілася, павінен настаць канфлікт”.

Ксёндз Зноска, прадстаўнік Гарадзенскай дыяцэзіі – камэнтуючы рашэньне ўладаў не працягваць візы польскім грамадзянам, сямі ксяндзам і пяці сёстрам-законьніцам, што працавалі на Гарадзеншчыне.

“Мы прытрымліваемся пазыцыі, якая запісаная ў гэтых пагадненьнях (дамовы ў рамках саюзнай дзяржавы аб аднолькавых умовах гаспадараньня) — рух цэн на газ мусіць ажыцьцяўляцца адпаведна стратэгіі Расейскай Фэдэрацыі пра павелічэньне цаны прыроднага газу для спажыўцоў на ўзроўні 15% у наступным годзе”.

Сяргей Сідорскі, прэм''ер-міністар – выступаючы пры абмеркаваньні дзяржаўнага бюджэту на 2007 год.

“Магу ўпэўнена сказаць, што празь нейкіх пару месяцаў давядзецца зноў вяртацца да гэтага бюджэту. Вы ж павінны разумець, што заканчваецца савецкі сацыялістычны пэрыяд. А наступіла зусім іншая эпоха”.

Віктар Кучынскі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў – выступаючы пры абмеркаваньні дзяржаўнага бюджэту на 2007 год.

“Усякіх шмат — і цяпер, і раней было. Але мы былі больш сьціплыя. На маю думку, у гэтым вінаваты ўрад, бо як могуць на сцэну па тэлебачаньні выходзіць зусім аголеныя — гэта невядома што. Нас тады й мужчыны больш кахалі, бо нават каленкі нашай ня бачылі. А цяпер яе ўсю відаць — як зь ёю класьціся спаць, калі ўжо ўсяго наглядзеўся...”

Гарадзенка сталага веку – у адказ на пытаньне Свабоды "Што Вы думаеце пра сучасную беларускую моладзь?"

“Бывае розная моладзь: бывае добрая й бывае дрэнная, як і ў наш час. Ну, а тое, што кураць, п’юць, дык гэта ўлада вінаватая. Мне вельмі не падабаецца, што па тэлевізары сэкс паказваюць. Яны ж з гэтага вучацца, дык чаго тады хацець?”

Менчанка сталага веку – у адказ на пытаньне Свабоды “Як вы ставіцеся да беларускай моладзі?"

"Мы беларусы, савецкія людзі" заселі ў Савецкім Саюзе, як парася ў плоце, – бяжым, а вырвацца ніяк ня можам".

Міхась Батура – званок на Свабоду.
XS
SM
MD
LG