Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: ад выбуху пацярпелі двое аматараў піратэхнікі


Радыё Свабода, Віцебск Як паведамілі ў прэсавай службе УУС Віцебскага аблвыканкаму, начны выбух у Віцебску адбыўся з прычыны неасьцярожнага абыходжаньня з пэтардамі. Якіх-кольвек элемэнтаў уласна выбуховых прыстасаваньняў на месцы здарэньня знойдзена не было. У выніку інцыдэнту пацярпелі двое: хлопец і дзяўчына, якія цяпер знаходзяцца ў шпіталі з траўмамі рук ды ног.

Выбух адбыўся ўчора каля 10-й ночы на праспэкце Фрунзе каля кавярні "Фаварыт". Сьведкам стаўся выпадковы мінак, які распавёў выратавальнікам ды міліцыянтам, што бачыў у гэтым месцы дзяўчыну з хлопцам, і нешта выбухнула проста ў хлопца ў руках.

Зь мінулае ночы месца здарэньня ачэпленае міліцыянтамі. Праводзіцца расьсьледаваньне, але кавалкаў дроту ды іншых дробны мэталічных прадметаў, якія фігуруюць у справе віцебскіх выбухаў 14-га і 22-га верасьня 2005-га году, ня знойдзена. Прэсавая служба запэўнівае ўсіх журналістаў, якія зьвяртаюцца з пытаньнямі, што "гэта было менавіта піратэхнічнае, а не выбуховае прыстасаваньне, тым больш ня бомба і не граната".

Цяпер, напярэдадні Калядаў, самадзейныя "салюты" ў горадзе можна назіраць ці не штовечар, тым ня менш, начны выбух чарговы раз устурбаваў жыхароў Віцебску: зьвесткі пра яго разьнесьліся вельмі хутка і спарадзілі новую хвалю чутак пра так і ня знойдзеных леташніх "тэрарыстаў".

Нагадаем, што пасьля верасьнёўскіх выбухаў 2005-га году, ад якіх пацярпелі больш за 40 чалавек, сьледчыя органы праводзілі ў горадзе масавыя ператрусы, у тым ліку і ў кватэрах мясцовых апазыцыянэраў. Падазраванымі ў абедзьвюх крымінальных справах былі каля дзесятка чалавек, сярод якіх апынуўся і жодзінскі моладзевы актывіст Павал Красоўскі. Аднак сапраўды вінаватых так і не знайшлі: 3-га лістапада намесьнік Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Уладзімер Ціхіня ў часе прэсавай канфэрэнцыі паведаміў, што ў справе віцебскіх выбухаў увогуле "няма ні падазроных, ні затрыманых".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG