Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ф.Лук''янаў: "Рада бясьпекі рэжымам Лукашэнкі займацца ня будзе"


Радыё Свабода Аляксандар Казулін паставіў умовай спыненьня галадоўкі скліканьне пасяджэньня Рады бясьпекі ААН па сытуацыі ў Беларусі. Магчымасьць выкананьня гэтага патрабаваньня камэнтуе ў “Праскім акцэнце” расейскі экспэрт у міжнародных справах – рэдактар часопісу "Россия в глобальной политике” Фёдар Лук’янаў.

(Лук’янаў: ) "Гэта не прэрагатыва Рады бясьпекі ААН – разглядаць унутраную, унутрыпалітычную сытуацыю ў краінах, калі гэта не зьяўляецца прадметам дзейнасьці ААН па міратворчай дзейнасьці ці дзейнасьці па ўрэгуляваньні канфліктаў. Напрыклад, сытуацыя сёньня ў Судане ці сытуацыя ў Югаславіі часоў яе распаду і войнаў – гэта канфлікты, якія выходзяць ці выходзілі за межы нацыянальных межаў і якія маюць сур''ёзныя наступствы для усіх краінаў, у тым ліку і для вялікіх дзяржаваў.

Калі размова ідзе пра сытуацыю ўнутры краіны, а наколькі я разумею, спадар Казулін патрабуе абмеркаваць рэжым у Беларусі, то гэта пытаньне не ААН. Тут можна апэляваць да Рады Эўропы, да АБСЭ, але Рада бясьпекі тым, наколькі дэмакратычны рэжым Лукашэнкі , займацца ня будзе.

Скажам, у Судане мы маем справу з канфліктам паміж этнічнымі групамі ўнутры краіны, які, па першае, выплюхваецца за яе межы ў выглядзе патоку ўцекачоў, а па-другое, сытуацыя фактычнай грамадзянскай вайны прыводзіць да гуманітарнай катастрофы. Гуманітарная катастрофа лічыцца падставай для ўмяшальніцтва ААН і наагул зьнешніх сілаў.

Зразумела, можна спытаць – чаму Рада бясьпекі ААН ня ўмешвалася ў справы Паўночнай Карэі, дзе пэрыядычна быў жахлівы голад, у 90-я гады асабліва?

Але тут працуе такі крытэр – калі ўлады краіны надзейна кантралююць яе, няважна якая там унутраная сытуацыя, калі гэта дзеяздольная, хай і рэпрэсіўная, дзяржава, то ўмяшальніцтва звонку практычна выключана. Судан – гэта ў тэрмінах паліталёгіі "недзеяздольная дзяржава", там цэнтральныя ўлады фактычна не кантралююць тэрыторыю краіны.

Вяртаючыся да Беларусі і ідэі спадара Казуліна: можна як заўгодна ставіцца да прэзыдэнта Лукашэнкі , але сказаць, што Беларусь – недзеяздольная дзяржава, а ўлады не кантралююць яе тэрыторыю, што можа прывесьці да генацыду ці этнічных чыстак – гэта відавочнае перабольшваньне".
XS
SM
MD
LG