Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 8 сьнежня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

На пэрсанальным сайце Аляксандра Казуліна наведнікі выказваюцца пра 50-ы дзень галадоўкі палітыка, і пра акцыю-галадоўку прыхільнікаў былога кандыдата на прэзыдэнта: “Нейкае трызьненьне! Хто дазнаецца пра тое, што хтосьці ў хаце галадае? Трэба ўздымаць народ. Вось калі б на плошчы (галадалі), тады іншая справа”; “Малайчына Аляксандар Казулін і ягоны штаб. Вы – вельмі мужныя людзі. Не здавайцеся!!!”; “Няхай Казулін спыняе галадоўку. Трэба думаць як інфармаваць насельніцтва, і вывесьці на вуліцу на падтрымку Казуліна”; “Але хто зможа вывесьці народ на вуліцу… За кім пойдзе народ, і каго ён паслухаецца? Патрэбны рэальны лідэр, падобны да Казуліна”.

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня Ўсерасейскага цэнтру дасьледаваньня грамадзкага меркаваньня, згодна якога амаль 70 працэнтаў расейцаў, амаль 60 працэнтаў украінцаў і крыху больш за 50 працэнтаў беларусаў шкадуюць пра распад Савецкага Саюзу. Камэнтары: “Ці можна шкадаваць аб дзікіх чэргах, татальным дэфіцыце і талёнах на кожную драбязу… падвойнай і патройнай маралі”; “Расейцы і Беларусы – зразумела, яны шкадуюць аб згубе імпэрыі. Але беларусы і ўкраінцы… такія працэнты… Свабода нам дасталася "па блату", сама сабою, і таму Ўкраіна і Беларусь яе ня цэняць”.

На сайце Міжнароднага экалягічнага саюзу разьмешчаная “дошка ганьбы”. “Гэтыя людзі зрабілі НАЙБОЛЬШЫ ЎНЁСАК у зьнішчэньне запаветнага першабытнага лесу – Белавескай пушчы”, – тлумачыцца перад сьпісам людзей, каго стваральнікі сайту лічаць парушальнікамі экалягічнага заканадаўства. У сьпісе пазначаныя былы дырэктар нацыянальнага парку “Белавеская пушча” Мікалай Бамбіза, былая кіраўніца справамі прэзыдэнта Галіна Жураўкова, а таксама яшчэ сем асобаў.

Публіцыст Віталь Тарас разважае на старонках газэты “Наша Ніва” пра інтэрнэт і сучаснасьць: “Інтэрнэт ня можа замяніць сабой камунікаваньня паміж людзьмі, якія ня ўмеюць і ня любяць камунікаваць з сабе падобнымі. Інтэрнэт дае магчымасьць імітацыі чалавечай камунікацыі, чагосьці кшталту "ананімнага сэксу" замест каханьня. Невыпадкова пераважную частку Сеціва складаюць порнасайты і блогі”. Карыстальнік сеціва Лагодніч адказвае: “Спадар Тарас, вы ж таксама карыстаецеся інтэрнэтам. Вось артыкулы папісваеце і не адмаўляецеся. Толькі вас цікавяць і водгукі на іх. Якія толькі дзякуючы інтэрнэту атрымліваеце апэратыўна. Адразу пасьля публікацыі. Гэта ж вельмі зручна, згадзіцеся. Вось Вам перавага інтэрнэту”.

На сайце Podcasting.by/ верш “Ты” Сяргея Балахонава ў аўтарскім чытаньні. Верш лірычны, і ў ім пераплятаюцца рэальнасьць і віртуальнасьць:

"На пяць хвілін ты спозьнісься ў рэал, спытаеш аб рэестры кандыдатак, падорыш смайл, найлепшы ў сьвеце смайл, і я забуду цішу, лад, парадак ледзь-ледзь інсталяваныя ў душы зь пірацкіх дэмак... Бачаш, як бывае? Ня твой, ня твой я... Хоць і не чужы... А ты чыя?.. На гомельскім трамваі зьяжджае ў церні зоркавы дэсант. It is no game, хаця ўсё й ілюзорна. Зь пялёсткаў ружы антыдэпрэсант гатую я. Штодзень працуюць жорны, каб ружу расьцярушыць. Толькі зьбег абставінаў штодзённых чыніць шкоду... І вось ён сьнег, ружовы летні сьнег як сымбаль стогадовай адзіноты з папраўкай на тутэйшы unicode, на звычку піць пад песьні фабрыкантаў. І вось я кот, таўсматы чорны кот лаўлю сьняжынкі і цытую Канта, чакаючы каханьня й кіці-кэт, шукаючы памылкам апраўданьне. Гляджу на сьлед, на твой прастылы сьлед. А раптам новы дзень з табой настане..."

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG