Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народжаныя ў сьнежні 1991-га


Ганна Соўсь, Прага – Іна Студзінская, Менск 15 гадоў таму былі падпісаныя Белавескія пагадненьні, якія паклалі канец Савецкаму Саюзу. Што думае пра былы Савецкі Саюз моладзь, якая нарадзілася ў сьнежні 1991 году ў былых рэспубліках СССР, а таксама іх бацькі?

(Джангіл з Кыргызстану: ) “Я чула пра тое, што ў 1991 годзе разваліўся Савецкі Саюз. Мае бацькі гавораць шмат пра той час. Гэта быў складаны час”.

(Інга з Армэніі: ) “Я нічога ня ведаю пра сьнежань 1991 году. Ня маю ўяўленьня”.

(Айрат з Татарстану: ) “Я ведаю пра камунізм ад сваіх бацькоў і бабулі зь дзядулем. Я чуў, што пры Брэжневе жыць было лягчэй, паколькі гэта быў спакойны час. Але да Брэжнева краінай кіравалі Ленін і Сталін, і людзям было цяжка, бо былі масавыя рэпрэсіі. Такім чынам, я лепш абраў бы эпоху Брэжнева, бо гэта быў самы спакойны пэрыяд”.

Гэта галасы моладзі, якая ніколі ня ведала, што такое Савецкі Саюз. Яны нарадзіліся за тысячы кілямэтраў адзін ад аднаго, і адзінае, што іх аб’ядноўвае, гэта месяц іх нараджэньня – сьнежань 1991 году. Месяц, калі спыніў існаваньне Савецкі Саюз.

Інга Гукасьян нарадзілася 4 сьнежня ў Ерэване. Яна жыве разам з бацькамі, яе бацька Эдык – інжынэр, а маці Марына – матэматык. 15-гадовая Інга расьце ў зусім іншым сьвеце, чым калісьці яе бацькі. Замест расейскай яна вывучае ангельскую мову, зьбіраецца стаць эканамістам, і спадзяецца на сябе, а не на дзяржаву, каб дасягнуць посьпеху ў жыцьці.

(Інга: ) "Як я ведаю ад бацькоў, раней атрымаць вышэйшую адукацыю было лягчэй, і ўмовы жыцьця былі лепшыя за цяперашнія. Думаю, што мае бацькі ў маім узросьце мелі больш прывілеяў, чым я. Цяпер жа жыцьцё – барацьба. Трэба ўпарта працаваць, каб дасягнуць посьпеху. І хаця я вельмі добра вучуся ў школе, каб паступіць ва ўнівэрсытэты, мне патрэбна дадаткова займацца з рэпэтытарамі, каб падрыхтавацца да іспытаў”.

Многія падлеткі краінаў СНД атрымалі ў спадчыну станоўчыя ўяўленьні пра жыцьцё ў СССР.

Джангіл Ташбаева нарадзілася 27 сьнежня ў кіргіскім горадзе Ош. Яе бацька за савецкім часам быў прадаўцом, цяпер мае ўласную краму ў Бішкеку. Маці была мэдсястрой. А цяпер працуе разам з бацькам ў краме. Джангіл кажа, што бацькі часам з настальгіяй згадваюць савецкія часы.

(Джангіл: ) "Яны кажуць, што маглі шмат што купіць за адзін рубель. За адну капейку можна было купіць запалкі. Яны маглі шмат харчоў набыць за адзін рубель”.

А для бацькоў 15-гадовага беларуса Алега Сушко, за савецкім часам ня грошы былі праблемай, а тое, што за іх складана было нешта купіць.

(Алег: ) "Яны мне расказвалі пра тое, што было вельмі цяжкае становішча ў 1991 годзе. Каб купіць нейкія прадукты, трэба было вельмі доўга стаяць у чарзе. Тады былі грошы, але не было што на іх купіць. А цяпер наадварот, можна купіць амаль што ўсё, але на ўсё не хапае грошай".

Алег нарадзіўся 8 сьнежня, ў дзень калі спыніў існаваньне СССР. Алег жыве з бацькамі ў двухпакаёвай кватэры ў Зялёным Лузе. Ягоныя бацькі ня маюць ані машыны, ані дачы, аднак у іх ёсьць некалькі ровараў, піяніна і вялікая бібліятэка.

Для дзяцей, народжаных ў сьнежні 1991 году, 15 гадоў постсавецкага жыцьця – гэта ўсё, што яны пакуль ведаюць. А як ўспрымаюць цяпер падзеі 15-гадовай даўніны іхнія бацькі?

Бацька Інгі Эдык Гукасьян згадвае, што гэта былі вельмі цяжкія часы.

(Гукасьян: ) "Я памятаю сьнежань 1991. Жахлівыя часы. У нас не было электрычнасьці, было холадна, былі вельмі дрэнныя ўмовы жыцьця. СССР разваліўся, а Армэнія стала незалежнай дзяржавай. Мы хацелі быць незалежнымі, і мы былі вельмі шчасьлівыя, што так адбылося. Магчыма, гэта было слушнае рашэньне – выйсьці з Савецкага Саюзу. Гэта было тое, што павінна было адбыцца, і гэта адбылося”.

Беларусь пры аўтарытарным кіраваньні Аляксандра Лукашэнкі больш чым іншыя постсавецкія рэспублікі захавала асаблівасьці савецкага ладу жыцьця. Маці Алега Сушко 41-гадовая Ірына кажа, што ў постсавецкі пэрыяд было і добрае і дрэннае.

(Ірына: ) “Можа, стала і лепей, калі параўноўваць з гадамі перабудовы. Тады ўсё – дзіцячае харчаваньне, адзеньне даставалі з такімі цяжкасьцямі па талёнах. А ў маральным пляне спачатку было лепей, а потым вярнуліся савецкія сымбалі. Сталін ізноў у нас у героях. Гісторыю, Канстытуцыю перапісалі”.

У Кіргізстане бацькі Джангіл Ташбаевай згадваюць, што былі шчасьлівыя, калі нарадзілася дачка. Марыя Ташбаева кажа, што яны бачылі незалежны Кіргізстан як шанец даць дачцэ бясьпечную будучыню.

(Марыя: ) "Цяпер кожны чалавек пачынае сам змагацца за сваё жыцьцё. Калі Кіргізстан будзе самастойным, гэта будзе добра і для нашых дзяцей. Цяпер у нашым жыцьці ёсьць і добрае, ёсьць і складанасьці адначасова”.
XS
SM
MD
LG