Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Витебский курьер" гатовы да адключэньня электрычнасьці


Радыё Свабода, Віцебск Супрацоўнікі недзяржаўнай газэты, зь якой прадпрыемства "Элсан" тэрмінова скасавала дамову арэнды, не зьбіраюцца вызваляць памяшканьні на патрабаваньне арэндадаўцаў.

Нагадаем, што скрайні тэрмін высяленьня быў прызначаны на 12-ю дня сёньня, аднак рэдактар Уладзімер Базан адмовіўся выконваць супрацьзаконнае, на ягоную думку, рашэньне гаспадароў. Ён перакананы, што загад пра высяленьне газэты быў аддадзены гарадзкімі або раённымі ўладамі, якія хочуць зачыніць недзяржаўнае выданьне напярэдадні мясцовых выбараў.

У якасьці доказаў сваіх меркаваньняў спадар Базан распавёў, што ў Першамайскай раённай адміністрацыі цягам апошняга месяца з розных прычынаў адмаўляліся разглядаць дакумэнты на перарэгістрацыю газэты па цяперашняй юрыдычнай адрэсе. А ўчора ў райвыканкаме наўпрост сказалі, што газэту не перарэгіструюць, бо ведаюць пра загад на высяленьне.

Пакуль ніякіх прымусовых мераў да "Витебского курьера" адміністрацыя прадпрыемства "Элсан" не прымае. Адно што сёньня фінансавую дзейнасьць газэты прыйшла правяраць падатковая інспекцыя. Аднак, паводле Ўладзімера Базана, калектыў рэдакцыі гатовы і да адключэньня электрычнасьці ў арэндаваных пакоях, і да адмовы ад супрацоўніцтва з боку Віцебскай абласной друкарні.
XS
SM
MD
LG