Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельшчына: прадстаўнікі ПКБ адмаўляюцца балятавацца ў дэпутаты


Радыё Свабода Сёньня ў Гомелі дзесяць сяброў Партыі камуністаў беларускай падалі заявы ў выбарчыя камісіі — яны адмовіліся балятавацца кандыдатамі ў дэпутаты гарадзкога ды абласнога саветаў.

Сярод тых, хто адмаўляецца быць кандыдатам у дэпутаты на выбарах, і кіраўнік абласной суполкі ПКБ Уладзімер Сякерка:

(Сякерка: ) “Выбары ў мясцовыя саветы — чарговае палітычнае шоў, і мы не зьбіраемся ўдзельнічаць у гэтым шоў”.

Спадар Сякерка вылучаўся кандыдатам у дэпутаты аблсавету ў Пушкінскай выбарчай акрузе №18. За яго сабралі больш як трыста подпісаў. У заяве ў акруговую камісію Ўладзімер Сякерка напісаў, што лічыць бессэнсоўным і амаральным удзел у выбарах. Ніводзін прадстаўнік ПКБ ды іншых апазыцыйных партыяў ня быў уключаны ў склад выбарчых камісіяў. Да таго ж кіраўнік дзяржавы нядаўна на прэсавай канфэрэнцыі публічна заявіў, што папярэднія прэзыдэнцкія выбары былі сфальшаваныя.

Падобныя заявы падалі сёньня ў адпаведныя акруговыя ды гарадзкую камісію чальцы ПКБ Анатоль Ільінчык, Віктар Хоміч, Аляксандар Кетураў, Уладзімер Мышак ды іншыя.

Адмаўляюцца балятавацца кандыдатамі ў дэпутаты й прадстаўнікі ПКБ, якія жывуць у райцэнтрах.

У Сьветлагорску заяву пра адмову рэгістравацца кандыдатам у дэпутаты аблсавету ў Моладзевай акрузе №59 падала Сьвятлана Міхальчанка:

(Міхальчанка: ) “Я ня веру ў сумленнасьць гэтых выбараў і папярэдніх. Выбары ў нас былі сфальшаваныя. Пра гэта афіцыйна заявіў сам Лукашэнка. Я памятаю і выбары ў парлямэнт. Таму ў гульню, якая ўжо зробленая, я не хачу браць удзелу”.

Разам у рэгіёне кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў вылучаліся тры з паловай дзясятка прадстаўнікоў ПКБ.
XS
SM
MD
LG