Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: страйк на абутковым прадпрыемстве “Чырвоны кастрычнік” (фота)


Радыё Свабода Каля сарака работніц 1-га закройнага цэху сёньня адмовіліся ўключаць станкі й спынілі працу. Гэтак жанчыны вырашылі пратэставаць супраць нематываванага, на іхны погляд, паніжэньня заробкаў.

Атрымаўшы ўчора разьліковыя квіткі, супрацоўніцы “Чырвонага кастрычніка” ўбачылі, што іхныя заробкі за мінулы месяц зьменшыліся прыкладна на 100 тысяч рублёў. Гэта і сталася асноўнай прычынай сёньняшняга страйку.



Работніцы скардзяцца й на дрэнныя ўмовы працы: у іх не прадугледжаны перапынак на абед, працаваць даводзіцца і ў выходныя. Страйкоўцы апавялі, што на суседнім недзяржаўным прадпрыемстве “Марка” работнікі атрымліваюць значна болей, хаця працоўныя пляны й заданьні ў іх аднолькавыя.



Свае патрабаваньні закройшчыцы выклалі ў лісьце дырэктару “Чырвонага кастрычніка” й паведамілі пра страйк адмністрацыі. Аднак ніхто з начальства да іх у цэх не прыйшоў.

Намесьніца галоўнага інжынэра Ларыса Воюш сказала журналістам, што дырэктара няма ў горадзе. Пацьвердзіць, што работніцы страйкуюць, яна катэгарычна адмовілася — заявіла, што ў жанчын “звычайны перапынак”. Журналістаў спадарыня Воюш паспрабавала абвінаваціць у парушэньні прапускнога рэжыму й пачала высьвятляць у супрацоўнікаў аховы, хто прапусьціў пабочных асобаў на тэрыторыю прадпрыемства. Таксама спадарыня Воюш загадала высьветліць, хто з работнікаў паінфармаваў пра страйк сродкі масавай інфармацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG