Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У якім фармаце апазыцыя плянуе ўдзельнічаць у мясцовых выбарах?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: сакратар Партыі камуністаў беларускай Алена Скрыган і намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

(Валер Карбалевіч: ) “Закончыўся чарговы этап кампаніі мясцовых выбараў: збору подпісаў. Месяц таму было зарэгістравана каля 800 ініцыятыўных груп дзеля вылучэньня кандыдатамі ў дэпутаты ад апазыцыйных сілаў. Паводле папярэдніх зьвестак, цяпер засталося каля 500—600 апазыцыйных кандыдатаў. Плюс 77 чалавек вылучыліся ад партыйных арганізацыяў. Якія высновы можна зрабіць пра палітыку ўладаў, сілу альбо слабасьць апазыцыі, настроі насельніцтва?”

(Алена Скрыган: ) “Сёньня нашы людзі жывуць за жалезнымі дзьвярыма. Першыя дзьверы ў пад’езьдзе, другія — у кватэры. Вельмі шмат людзей не адчыняюць дзьвярэй. Гэта такая ўнутраная эміграцыя. Напрыклад, нашы людзі ў Бабруйску казалі, што мясцовыя саветы нічога ня могуць, яны не патрэбныя, таму ня трэба дарэмна траціць грошы. Ніхто ня ведае дэпутатаў мясцовых саветаў.

У Менску трохі іншая сытуацыя. Але таксама абыякавасьць. Людзі кажуць, што калі вам патрэбны мой подпіс, то я пастаўлю, але выбары мяне не цікавяць. Хоць галасаваць давядзецца, бо ўлады гэты працэс кантралююць. Увогуле, нашы кандыдаты сабралі неабходную для рэгістрацыі колькасьць подпісаў”.

(Аляксей Янукевіч: ) “Першая выснова: партыйныя актывісты, нягледзячы на адсутнасьць моцнай матывацыі актыўна ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі. Сярод тых новых людзей, якія далучыліся да апазыцыі падчас прэзыдэнцкай кампаніі, ёсьць шмат актывістаў, але новых лідэраў, моцных кандыдатаў у дэпутаты не зьявілася.

Я балятуюся ў Менскі гарсавет у Чыжоўцы. У мяне такое ўражаньне, што толькі цяпер да людзей пачало даходзіць рэха прэзыдэнцкіх выбараў. Падаецца, што калі зьбіралі подпісы за Мілінкевіча падчас прэзыдэнцкіх выбараў, цікавасьці было менш. Адчуваецца вялікі падзел грамадзтва. Дзіўна тое, што людзі больш цікавяцца агульнанацыянальнымі пытаньнямі, чым мясцовымі. Таму правільна, што мы пайшлі на гэтыя выбары”.

(Карбалевіч: ) “Партыя камуністаў беларуская (ПКБ) на сваім зьезьдзе пастанавіла ня ўдзельнічаць у выбарах. Што гэта за форма палітычнай барацьбы? Чым гэта тлумачыцца?”

(Скрыган: ) “Тэрмін “няўдзел у выбарах” не зусім правільны. 2 сьнежня ў нас адбыўся нечарговы зьезд партыі. Кіраўніцтва партыі ня ставіла на парадак дня зьезду пытаньне пра далейшы ўдзел у выбарах. Але яно было пастаўленае прадстаўнікамі зь месцаў. Чым яны матывавалі?

Найперш, ні адзін прадстаўнік ПКБ (а мы вылучылі 270 чалавек) ня трапіў у выбарчыя камісіі. Па-другое, прадстаўнікі мясцовай улады сталі адкрыта гаварыць, што вынікі выбараў ужо вядомыя. І гэта нядзіўна пасьля прызнаньня Лукашэнкі, што прэзыдэнцкія выбары сфальсыфікаваныя. І пасьля гэтага не пайшлі ў адстаўкі старшыня і сябры Цэнтравыбаркаму, не завялі крымінальнай справы. Таму, казалі дэлегаты зьезду, удзельнічаць у гэтым фарсе і абсурдзе не выпадае.

На зьезьдзе адбылася гарачая дыскусія. Як вынік, вырашылі рэкамэндаваць сябрам партыі, якія балятуюцца кандыдатамі ў дэпутаты, зьняць свае кандыдатуры да прыняцьця рашэньня аб рэгістрацыі. Але гэтае рашэньне мяккае. Людзям, якія захочуць ісьці да канца ў выбарчай кампаніі, мы забараняць ня будзем.

Гэтая пазыцыя ня ёсьць байкотам. У цяперашніх умовах байкот немагчымы. Бо ўлады ажыцьцяўляюць кантроль за галасаваньнем людзей. Але гэта ня значыць, што мы спыняем працу з выбарцамі. Мы рыхтуем улётку, дзе тлумачым сваю пазыцыю, якую будзем даводзіць”.

(Карбалевіч: ) “Ёсьць розьніца паміж рэкамэндацыяй зьняцца з выбараў і байкотам выбараў. Байкот — арганізаваная акцыя, падчас якой палітычная сіла тлумачыць свае дзеяньні, выстаўляе патрабаваньні, праводзіць агітацыю. Чаму б тады замест такой палавінчатай пазыцыі не арганізаваць байкоту ў чыстым выглядзе, поўным аб’ёме?”

(Скрыган: ) “Гэта не палавінчатая пазыцыя. Бо праца з выбарцамі працягваецца. У нас ужо быў досьвед байкоту з удзелам усёй апазыцыі, але патрэбных вынікаў не дасягнулі. Паўтараю, байкот не магчымы ва ўмовах, калі ўдзел у выбарах кожнага працоўнага выбарца кантралюецца ўладамі”.

(Карбалевіч: ) “Ідэя байкоту заўсёды была даволі папулярная сярод апазыцыі. Можна згадаць байкот мясцовых выбараў 1999 году, выбараў у Палату прадстаўнікоў 2000 году. І сёлета КХП—БНФ на чале з Пазьняком з самага пачатку заклікала да байкоту. Фактычна да гэтага ж заклікаў і старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), былы кандыдат у прэзыдэнты Казулін, які цяпер за кратамі трымае працяглую галадоўку. Як Партыя БНФ ставіцца да ідэі байкоту?”

(Янукевіч: ) “Я пагаджуся, што байкот у цяперашніх беларускіх умовах немагчымы. Байкот магчымы тады, калі рэальная яўка выбарцаў на ўчасткі мае значэньне й сумленна фіксуецца. А ў нас сёньня лічбамі яўкі й галасаваньня выбарчыя камісіі маніпулююць. У такіх умовах байкот ня можа прынесьці ніякіх вынікаў. У 2000 годзе большасьць апазыцыйных партыяў ладзілі байкот, але, здаецца, толькі ў Баранавічах было аб’яўлена, што выбары не адбыліся з прычыны няяўкі неабходнай колькасьці выбарцаў. А ва ўсіх іншых месцах улады напісалі тыя лічбы, якія былі патрэбныя.

Зь іншага боку, шмат людзей блытаюць паняцьці “байкот” і “няўдзел у выбарах”. Насамрэч байкот — найбольш актыўная форма ўдзелу ў выбарах.

Цяпер у нашай партыі ёсьць меркаваньне, што, магчыма, трэба будзе здымаць нашых кандыдатаў у дзень пачатку датэрміновага галасаваньня. Але тыя кандыдаты, якія будуць зарэгістраваныя, павінны скарыстаць магчымасьць легальнай агітацыі. А ўвогуле пытаньне пра тое, на якім этапе трэба здымаць сваіх кандыдатаў, апазыцыйная кааліцыя павінна была прыняць раней”.

(Карбалевіч: ) “Чаму сярод апазыцыйных сілаў няма узгодненай пазыцыі на гэты конт? Партыя камуністаў здымае цяпер сваіх кандыдатаў. “Грамада” думае, іншыя працягваюць удзел у кампаніі. Калі няма згоды наконт стратэгіі, то хоць у такім тактычным пытаньні можна было б дамовіцца пра нейкую адзіную лінію”.

(Скрыган: ) “Нехта павінен быў выступіць з ініцыятывай. Гэта зрабіла ПКБ — прычым, працэс пайшоў зьнізу. Мы зьвяртаемся да апазыцыйных палітычных партыяў з прапановай абмеркаваць наша рашэньне й падтрымаць яго”.

(Янукевіч: ) “Было б добра, каб рашэньне было агульнае, узгодненае й прынятае раней. Разам з тым, ня бачу праблемаў для дзейнасьці апазыцыйнай кааліцыі ў тым рашэньні, якое прыняла ПКБ. Трэба сабрацца й абмеркаваць сытуацыю — і прыняць супольнае рашэньне”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, апазыцыя ўступіла ў агітацыйны этап выбарчай кампаніі — але няма агульнай тактыкі, узгодненых дзеяньняў. Кожная партыя пакуль праводзіць асобную лінію адносна далейшага ўдзелу ў кампаніі. Але яшчэ ня позна вырашыць гэтую праблему”.
XS
SM
MD
LG