Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Юрэк: “Турма народаў развалілася”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы і праз 15 гадоў пасьля развалу Савецкага Саюзу гэты крок лічаць правільнай і адной з найважнейшых падзеяў мінулага стагодзьдзя. Апошнія дні ў Сэйме вельмі гарачыя – магчыма, вырашаецца лёс урадавай кааліцыі. Аднак ніводзін з дэпутатаў не адмовіўся пагаварыць на тэму распаду Савецкага Саюзу.

Віцэ-сьпікер Сэйму ад кансэрватыўнай Лігі польскіх сем’яў Януш Добраш.



(Добраш: ) “Гэта вельмі добра, бо ў выніку паўстала незалежная беларуская дзяржава. На жаль, некаторыя з тых палітыкаў, якія кіравалі Беларусьсю пасьля 1991 году, не змаглі прадбачыць, як будзе разьвівацца сытуацыя. У савецкія часы беларуская інтэлігенцыя мэтанакіравана вынішчалася – узяць хаця б трагічны лёс выбітнага беларуса Браніслава Тарашкевіча. Я цешуся, што вырасьлі новыя беларускія эліты, але над самасьвядомасьцю большасьці беларускага грамадзтва трэба шмат яшчэ працаваць”.

Ізабэла Яруга-Навацка, былая віцэ-прэм’ер з посткамуністычнага Саюзу левых дэмакратаў кажа, што Белавескія пагадненьні дазволілі вялікай колькасьці краінаў самастойна будаваць уласныя дзяржавы.



(Навацка: ) “Маё пакаленьне ў маладосьці марыла аб тым, каб пазбавіцца савецкай гегемоніі. Вялікі рух “Салідарансьці”, які пачаў працэс вызваленьня Ўсходняй Эўропы – гэта найвялікшая падзея ў маім жыцьці. Канешне, адбудова незалежнай дзяржавы – справа нялёгкая, ёсьць шмат праблемаў. Але гэта нашыя праблемы і мы самі вырашаем, што зь імі рабіць. Ліквідацыя Савецкага саюзу гэта радасны дзень, бо кожны народ мае права жыць самастойна – гэтага шчыра жадаю і беларусам”.

У сваю чаргу сьпікер польскага Сэйму Марэк Юрэк сказаў Радыё Свабода, што пасьля 8 сьнежня 1991 году таксама і Польшча, дзе ўжо скончылася ўлада камуністаў, магла быць больш упэўненай у сваёй незалежнасьці.



(Юрэк: ) “Савецкі Саюз трымаў у няволі шмат народаў і ягоная ліквідацыя адкрыла шлях да свабоды такім дзяржавам, як Літва, Беларусь, Грузія ды іншым. Але таксама і мы ў Польшчы маглі адчуваць сябе больш бясьпечна. Турма народаў развалілася”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG