Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкі і праваабаронцы заклікаюць А.Казуліна спыніць галадоўку


Валер Каліноўскі, Менск Апазыцыйныя палітыкі лічаць 50-ці дзённую галадоўку Аляксандра Казуліна мужным учынкам і заклікаюць яго спыніць сваю акцыю пратэсту, каб зьберагчы сілы і здароўе для барацьбы за дэмакратыю ў Беларусі.

Былы кандыдат на прэзыдэнта ад аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч лічыць галадоўку Аляксандра Казуліна ўжо небясьпечнай для жыцьця:

(Мілінкевіч: ) "У ягоным стане абавязкова трэба выходзіць з галадоўкі таму што ягоная сьмерць была б проста катастрафічнай для дэмакратычнага руху і не прынесла б карысьці, такой, якую ён можа прынесьці, калі будзе жывы і здаровы. Таму канешне трэба выходзіць. Безумоўна для яго вельмі важна з маральнага пункту гледжаньня, каб былі выкананыя пэўныя ўмовы. Адна з гэтых умоваў фактычна невыканальная, на жаль. Гэта каб Рада Бясьпекі ААН разгледзела беларускае пытаньне. Яна не будзе разглядаць такое пытаньне, нават пытаньне Кубы там не ставілася, бо там ёсьць каму заблякаваць, і па іншых прычынах таксама. Таму ён павінен панізіць свае патрабаваньні, а мы са свайго боку несумненна робім такія захады. Я зьвярнуўся да чатырох прэзыдэнтаў, якія ўваходзяць у склад “васьмёркі”, і такое было пажаданьне, каб яны гэтае пытаньне жорстка паставілі перад сёньняшняй уладай і магчыма таксама на Радзе бясьпекі".

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка таксама заклікаў А. Казуліна спыніць галадоўку і берагчы сілы для барацьбы з дыктатурай:

(Вячорка: ) "Мы, лідэры партыяў, якія ўваходзяць у аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, ухвалілі і накіравалі зварот да краінаў-сябраў Рады бясьпекі ААН, у якім ахарактарызавалі сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і заклікалі іх ініцыяваць гэтае пытаньне не толькі ў камісіі па правах чалавека, але і на Радзе бясьпекі. Я думаю, што Аляксандар Казулін засьведчыў сваю мужнасьць пасьлядоўнасьць і цьвёрдасьць. І зараз найважнейшае, каб гэты чалавек, гэтаксама як і іншыя людзі, якія адважна змагаюцца з дыктатурай, быў жывы і здаровы для таго каб быць здольным працягваць змаганьне. Я думаю, што Аляксандру трэба спыніць галадоўку. Ён сваімі гераічнымі паводзінамі ўжо ўвайшоў у найноўшую гісторыю беларускай барацьбы з дыктатурай".

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька кажа, што цяпер усё залежыць найперш ад самога Казуліна.

(Лябедзька: ) “Асабіста мне падаецца, што я рабіў усё, што мог, пачынаючы ад маральнай і палітычнай падтрымкі. Зараз усё залежыць ад яго, мы ўчора прынялі два звароты – да Рады Бясьпекі і да Сідорскага, разумеючы, што ад гэтага можа ня будзе наступных нейкіх крокаў, рашэньняў. Але гэта было таксама адной з умоў Аляксандра".

Вядомы праваабаронца Гары Паганяйла перакананы, што галадоўка А.Казуліна нясе пагрозу ягонаму здароўю, бо ў арганізьме магчымыя незваротныя зьмены.

(Паганяйла: ) “Праваабаронцы спрабавалі зьвяртацца і да нашага ўрада і да міжнароднай грамадзкасьці. Але вельмі цяжка дастукацца да нашых уладаў. Рэакцыя міжнароднай супольнасьці зразумелая, такія заклікі да ўраду Лукашэнкі ідуць пастаянна, напэўна носяць мяхамі. Але ўлада не рэагуе. І ў гэтай сытуацыі цяжка нешта раіць. Так, магчыма, патрэбныя больш дзейсныя нейкія акцыі ў Беларусі, магчыма, масавыя, несанкцыянаваныя акцыі ў імя выратаваньня гэтага чалавека. Але перш за ўсё іх павінны арганізаваць сацыял-дэмакратычная партыя, якую ўзначальвае Казулін, іншыя пазыцыйныя партыі і грамадзянская супольнасьць… Але гэта, відаць, хвароба нашага грамадзтва – не навучыліся суперажываць, удзельнічаць, аказваць маральную падтрымку. Кожны паасобку".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG