Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саляры – прычына раку скуры?


Ігар Карней, Менск Сумныя зімовыя вечары шмат хто імкнецца разнастаіць наведваньнем месца, дзе можна кампэнсаваць дэфіцыт сонца. Гэта – салярыі, дзе за адпаведныя грошы вам прапануюць прыняць сонечныя працэдуры а-ля гарачае марское ўзьбярэжжа, не пакідаючы межы Беларусі. Аднак, як запэўніваюць мэдыкі, апошнім часам фіксуецца павелічэньне выпадкаў анкалягічных захворваньняў у зьвязку з захапленьнем салярыямі.

Паводле статыстыкі Менскага анкалягічнага дыспансэра, працяглае ўзьдзеяньне ўльтрафіялетавых выпраменьваньняў правакуе злаякасныя новаўтварэньні на скуры.

У беларускіх гарадох зьявіліся салярыі, якія карыстаюцца падвышаным попытам ня толькі ў мясцовых прыгажунь, але і сярод мужчынскай паловы. Ахвотных пахваліцца летнім загарам пасярод зімы толькі более. Аднак, як сьцьвярджае лекар Алег Бруноў, новае захапленьне прывяло да таго, што з падазрэньнямі на рак скуры ў шпіталі ўсё часьцей трапляюць маладыя людзі, якія раней наведвалі салярыі.

(Бруноў: ) “Сытуацыя ў нас досыць складаная. Вы разумееце і ведаеце, што і ў нас, і на Захадзе і ў краінах СНД у маладых людзей існуе такая запатрабаванасьць, такое захапленьне. Аднак усё гэта наўпрост вядзе ня толькі да хваробы, але да парушэньня рэпрадуктыўнай функцыі ў маштабах краіны. Яшчэ раз паўтару: бальшыня наведнікаў салярыяў – гэта моладзь. Таму, натуральна, трэба зьвяртацца на гэта ўвагу, і досыць сур’ёзную ўвагу”.

Паводле мэдыкаў, сярод анкалягічных захворваньняў ў жанчынаў рак скуры займае другую пазыцыю пасьля раку малочнай залозы. Сёлета толькі ў Менску зафіксавана больш за паўсотні выпадкаў, што ўдвая больш ў параўнаньні зь мінулым годам. Прыблізна такая ж колькасьць хворых і ў мужчынаў.

Спадар Бруноў удакладняе, што нельга ўсе беды сьпісваць выключна на салярыі. Аднак празьмернае захапленьне штучнымі працэдурамі здароўя не дадае, – перакананы спэцыяліст. Паводле суразмоўцы, сам па сабе салярый рак не выклікае, але можа стымуляваць працэс, які гіпатэтычна можа пачацца.

Адмыслова статыстыкі пра пагрозу салярыяў для здароўя чалавека няма. Аднак мэдыкі кажуць, што менавіта ў зімовы сэзон колькасьць скаргаў на ракавыя сымптомы на скуры істотна падвышаецца.

У сваю чаргу, гаспадары салярыяў кажуць, што ніякай пагрозы абсталяваньне для загару ня мае. А статыстыку фармуюць турысты, якія бескантрольна атрымліваюць сонечныя звышдозы на пляжах Эгіпту ці Турэччыны. Пар гэта гаворыць гаспадар аднаго зь менскіх салярыяў Віталь Баранаў.

(Баранаў: ) “Насамрэч гэтая рэч, рак, пра які пачалі так актыўна гаварыць, ад таго, што людзі пачалі езьдзіць на курорты і там атрымліваць вялікую дозу сонечнага выпраменьваньня. Салярый – гэтаксама ўльтрафіялет. Але ў салярыі ўсё лімітавана. Там, па-першае, адміністратар, кансультант, лімітаваныя хвіліны. А дзе ўсё адбываецца бескантрольна? Толькі на поўдні. Прыкладам, Эгіпет зімой. Тут скура ўльтрафіялету не атрымлівае,а паехаў у Эгіпет, як далбанула за тыдзень. А ў салярыі за тыдзень не загарыш”.

Кошт адной хвіліны знаходжаньня ў салярыі – ад 1000 да 1900рублёў. Каб атрымаць неабходны эфэкт неабходна як мінімум 6 сеансаў, альбо 30-40 хвілінаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG