Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Камароўцы сьвіньня звалілася са столі


Радыё Свабода Агляд некаторых публікацыяў недзяржаўных мэдыяў за 8 сьнежня.

“Брестская газета”. Кандыдатамі мясцовых Саветаў у Берасьцейскай вобласьці вылучана 3797 чалавек. Палова зь іх – дзейныя дэпутаты, 39% жанчыны, 238 чалавек (6%) – моладзь да 30 гадоў. Ад палітычных партыяў вылучана 72 чалавекі, ад працоўных калектываў – 1364, шляхам збору подпісаў – 2361. У Берасьці на 40 дэпутацкіх месцаў прэтэндуе 98 чалавек. У мясцовыя Саветы будзе абрана 3573 дэпутаты – на 109 менш, чым у 2003 годзе.

Маладзечанская “Рэгіянальная газэта”. “П’юць дзеці і падлеткі”. Распавядае журналіст Сяргей Зянько:

(Зянько: ) “Колькасьць зарэгістраваных выпадкаў спажываньня алькаголю непаўналетнімі ў параўнаньні з канцом 90-х гадоў сёньня ўзрасла прыкладна ў 8 разоў. У 1989 годзе такіх выпадкаў было 48, а ў 2005 годзе – ужо 393”.

“Мясцовы час”. У Пінску моладзевыя групоўкі (па 30 – 40 чалавек) зьбіраюцца на пустоўях і ўчыняюць бойкі бэйсбольнымі бітамі. Распавядае пінскі журналіст Віктар Ярашук.

(Ярашук: ) “Міліцыянты нічога ня могуць зрабіць, нават калі яны сустракаюць людзей, якія ідуць па горадзе зь бітамі. Затрымаць іх немагчыма, бо біта лічыцца спартовым снарадам. Гэтыя бойкі адбываюцца проста так, без усялякіх прычынаў. У ноч з суботы на нядзелю на цэнтральнай плошчы гораду быў вельмі жорстка зьбіты малады чалавек, у вельмі цяжкім стане ён трапіў у шпіталь”.

“Комсомольская правда” в Белоруссии”. На Камароўцы “падклалі” сьвіньню пакупнікам”. Вялізны пенапляставы кныр, сымбаль наступнага году, рухнуў са столі рынку. Адбылося гэта перад самым закрыцьцём, калі народу ў гандлёвай залі было мала. Ніхто не пацярпеў. Але памеры кныра ўражваюць – каб вынесьці яго з памяшканьня, спатрэбілася 10 чалавек. У адміністрацыі рынку – сур’ёзныя прэтэнзіі да фірмы, якая вырабляла і вешала парсюка. Пасьля таго, як кныра адрэмантуюць, яго зноў павесяць пад купал Камароўкі.
XS
SM
MD
LG