Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глыбоцкіх акцыянэраў прымушаюць рабіць падарунак дзяржаве


Радыё Свабода Акцыянэраў "Глыбоцкага малочна-кансэрвавага камбінату" прымушаюць падараваць свае акцыі дзяржаве. Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі, калі камбінат будзе валодаць усімі 100% акцый, яму абяцаюць дзяржаўную грашовую падтрымку. Аднак глыбоцкія акцыянэры не пагаджаюцца падтрымліваць стратнае прадпрыемства за ўласны кошт.

Цягам апошняга месяца адкрытае акцыянэрнае таварыства "Глыбоцкі малочна-кансэрвавы камбінат" – самы буйны вытворца беларускай "згушчонкі" -- рассылае акцыянэрам лісты з просьбай вярнуць свае акцыі прадпрыемству. Такія пісьмовыя просьбы ўжо атрымалі былыя работнікі – пэнсіянэры, а таксама тыя, хто некалі сьвядома ўкладаў у акцыі ўласныя чэкі "Маёмасьць", спадзеючыся некалі атрымліваць дывідэнды.

Бухгальтарка прадпрыемства Ірына Дэмбавіцкая таксама належыць да ліку тых, хто некалі спадзяваўся на прыбыткі з працы прадпрыемства.

(Дэмбавіцкая:) У 1998-м годзе было арганізаванае ААТ "Глыбоцкі МКК". Я тады таксама ўклала свае чэкі. Ніхто нікога не прымушаў – усе самі ішлі, бо прадпрыемства вельмі добра працавала, мы атрымлівалі заробкі, атрымлівалі прэміі. Усе насамрэч зьбіраліся атрымліваць дывідэнды! Але як мы іх атрымалі самы першы раз, прадпрыемства пачало прыходзіць у заняпад. Чаму? Я ня ведаю. Хаця я скончыла Маскоўскі тэхналягічны інстытут мяса-малочнай прамысловасьці, і нас заўсёды вучылі, што самая прыбытковая вытворчасьць – гэта малочныя кансэрвы".

Паводле спадарыні Дэмбавіцкай, "Глыбоцкі малочна-кансэрвавы камбінат" зьяўляецца дзяржаўным прадпрыемствам на 90%, а трымальнікамі астатніх 10% акцый на суму на суму 958, 5 мільёнаў рублёў зьяўляюцца шэраговыя жыхары Глыбоччыны. Некаторыя зь іх працуюць на камбінаце, і ў дачыненьні да іх адміністрацыя гатова прыняць гвалтоўныя меры – загадаць падараваць акцыі роднаму прадпрыемству ў прымусовым парадку. Аднак з амаль дзьвюх тысяч акцыянэраў-прыватнікаў працаўнікоў камбінату – усяго калі 300. А добраахвотна разьвітацца з надзеяй на дывідэнды, паводле Ірыны Дэмбавіцкай, пагадзіліся ўвогуле ня больш як 10 чалавек. Цяпер менавіта ёй адміністрацыя даручыла ўгаворваць нязгодных -- адказваць на тэлефонныя званкі або гнеўныя лісты.

(Дэмбавіцкая:) " У мяне вось пісьмовыя адмовы, дык можаце пачытаць. Гэта адурэць можна, што людзі пішуць! Вось піша, да прыкладу, Уладзімер Дзерваед: " Я, акцыянэр МКК катэгарычна супраць перадачы або дарунку акцыяў. Тры гады я чакаю ад вас хоць якіх дывідэндаў. Падвышайце вытворчасьць працы ды шукайце новыя рынкі збыту! Цяперашнія цяжкасьці вашага прадпрыемства -- гэта вашыя цяжкасьці, а не перакладайце іх на плечы акцыянэраў. І не прыкрывайцеся загадам Прэзыдэнта! " А іншыя кажуць: "Што вы перакладаеце ўсё на Прэзыдэнта! Гэта вашыя праблемы, гэта вашыя рашэньні." Ня вераць людзі!"

Ірына Дэмбавіцкая распавяла, што пэўная колькасьць акцыянэраў гатова прадаць свае акцыі прадпрыемству – хаця б па намінальным кошце: 50 рублёў за акцыю. Але набываць акцыі камбінат ня мае права: згодна з указам № 538, форма ўласнасьці стратных прадпрыемстваў з прыватнай на дзяржаўную мусіць быць зьмененая нібыта паводле жаданьня саміх акцыянэраў. Ірына Дэмбавіцкая сьцьвярджае, што добраахвотна акцыі вярнуць будзе немагчыма, і прапануе ўсім нязгодным гэта зьвяртацца да Аляксандра Лукашэнкі непасрэдна.

Сёньня дэпрыватызацыя, падобная да глыбоцкай, праводзіцца па ўсёй Беларусі: стратных акцыянэрных таварыстваў, якім прапанавана зноў зрабіцца дзяржаўнымі, налічваецца каля 175. Аднак, паводле распаўсюджанай прэсавай службай заявы віцэ-прэм''ера Андрэя Кабякова , з тых або іншых прычынаў на дадзены момант пагадзіліся на дэпрыватызацыю толькі 82 прадпрыемствы.
XS
SM
MD
LG