Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць менчукі пра распад Савецкага Саюзу?


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня спаўняецца 15 гадоў развалу СССР. 8 сьнежня 1991 году, ва ўрадавай рэзыдэнцыі Віскулі, што ў Белавескай пушчы, кіраўнікі Беларусі, Украіны і Расеі падпісалі пагадненьне аб скасаваньні дамовы пра ўтварэньне Савецкага Саюзу. Як вы ставіцеся пра распад СССР сёньня?

(Спадар: ) “Незалежнасьць ёсьць незалежнасьць. У саюзе нас уціскалі, а незалежная рэспубліка ёсьць незалежная”.

(Спадарыня: ) “Вельмі шкадуем. Гэта такая вялікая памылка была зробленая! Мы толькі за саюз, каб Лукашэнка і далей змагаўся за гэта”.

(Спадар: ) “Жывучы ў Беларусі, мне падабаецца, што мы жывем у незалежнай дзяржаве”.

(Спадарыня: ) “Ад пачатку да канца стварэньня Савецкага Саюзу, усё рабілася для таго, каб усе рэспублікі залежылі адна ад другой. Таму, канечне, хацелася бы вярнуць, але гэта ўжо не магчыма. І тое, што кажуць, што саюз з Расеяй будзе – я ў гэта ня веру”.

(Спадарыня: ) “Усё ідзе належным шляхам. Пэўна, так трэба было”.

(Спадар: ) “Карацей, сабраліся пап’янствавалі і кінулі нас. А самі засталіся пры ўладзе. Вось і ўсё”.

(Спадар: ) “Я лічу, што распад савецкага саюзу – гэта натуральны працэс, які немагчыма шкадаваць альбо не. Масква – гэта не Расея. Гэтак жа было Масква – і савецкі саюз. Таму такое вызваленьне для нас толькі на карысьць. Іншая рэч – як карыстацца гэтай самастойнасьцю. Гэтаму мы не навучыліся і зараз ня маем уяўленьня пра свае нацыянальныя інтарэсы”.

(Спадар: ) “Я вельмі шкадую пра распад саюзу. Я тады служыў у войску ў Польшчы і галасаваў толькі за СССР”.

(Спадар: ) “Даўно яго трэба было разагнаць гэты саюз”.

(Спадар: ) “Ды раней хоць нармалёва жыць было. А зараз што? Лепш бы ўсё было, як пры саюзе”.

(Спадарыня: ) “Нельга, як кажуць двойчы ўступіць у адну ваду. Калі ўжо развалілася, то развалілася. А на дамоўленасьцях чаму б і не існаваць?”

(Спадар: ) “У пляне самастойнасьці яно лепш, але гэта трэба было зрабіць шмат раней”.

(Спадарыня: ) “Незалежная рэспубліка – гэта лепш для людзей, для дзяржавы. Але хацелася бы, каб больш увагі надзялялася беларускай культуры, мове, усяму нацыянальнаму. Бо якраз у той пэрыяд было больш беларускай мовы і ў школах, і больш літаратуры друкавалася. Было б лепш, каб больш беларускасьці было ў нас”.
XS
SM
MD
LG