Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа. 7 сьнежня.


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага Сеціва.

У суполцы Жывога Журналу minsk_by Manivid сёньня піша: “Спадарства! Гэта ўжо ня жарты! Аляксандар Казулін можа загінуць у найбліжэйшыя дні!!!” Адзін з удзельнікаў суполкі камэнтуе: “Усім на гэта пляваць: і ААН, і паплечнікам, і Лукашэнку… Зусім памерці яму не дадуць – нядобра будзе глядзецца з боку”.

На форумах парталу TUT.by у разьдзеле палітыка зьяўляюцца галінкі з заклікамі падтрымаць экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, які працягвае галадоўку ў калёніі “Віцьба-3” і знаходзіцца на мяжы сьмерці. Адначасова зьяўляюцца іншыя тэмы, кшталту : “Казулін: герой альбо здраднік?”, “Показкі пра Казуліна”.

Аляксандар Брэчэк у сваім блогу на сайце www.telegraf.by разважае пра мэтазгоднасьць будаўніцтва АЭС у Беларусі. У паасобку, ён зьвяртае ўвагу на такі момант – Беларусь можа сутыкнуцца з праблемай набыцьця ўранавага паліва. Асноўным дастаўцам паліва павінна стаць Расея, але гэтая краіна сама на 2020 году можа вычарпаць свае запасы ўрану. Праблемы ў Беларусі могуць узьнікнуць горш за газавыя, разважае Аляксандар Брэчэк. “Запасы ўрану разьмеркаваныя па сьвеце яшчэ больш няроўна, чым нафты і газу. Напрыклад, першае месца належыць Аўстраліі. Менавіта тут ёсьць гіганцкае радовішча Olympic Dam, дзе знаходзіцца прыкладна 40 адсоткаў усіх выведаных у сьвеце запасаў урану й дзе найніжэйшы сабекошт здабычы. Другое месца ў сьвеце паводле запасаў належыць Казахстану, дзе плянуюць праз 10 год выйсьці на ўзровень здабычы ў 15 тысячаў тонаў штогод. Таму пазьбегнуць залежнасьці ад манапалістаў у Беларусі ў будучыні ніяк не атрымаецца”.

А наведнікі афіцыйнага сайту Менгарвыканкаму пішуць у гасьцявую кнігу свае нататкі пра сталічную тапаніміку: “Яшчэ раз зьвяртаю ўвагу… на ўказальнік на ўезьдзе ў Сухарава з боку вуліцы Шаранговіча. Не зразумела, на якой мове напісана: “Раён Сухарева”. І яшчэ: у аўтобусах зьявілася паведамленьне з такімі словамі “расьпісанне руху”. Па-беларуску будзе “расклад руху”. Выпраўце, калі ласка, гэта непавага да мовы!”

Магілёўскі літаратар Аляксей Бацюкоў у сваім блогу піша: “Ва ўнівэрсытэце ходзяць чуткі, што з наступнага году студэнтам перастануць выкладаць беларускую мову. Было нават, што замест яе будзе расейкая. Наагул ведаю, што цяпер праходзіць зацьвярджэньне новы праект гуманітарнага блёку для тэхнічных вну, па ім будзе менш філязофіі, менш чагосьці яшчэ, а зь ліку абавязковых прыбяруць лёгіку, правы чалавека, асновы права, культуралёгію, этыку, эстэтыку. Калі зацьвердзяць, гэта не азначае, што аўтаматычна курсы зьнікнуць – некаторыя зь іх унівэрсытэты змогуць пакінуць за кошт таямнічых "гадзінаў Рады ўнівэрсытэта". У нас, напрыклад, вырашылі пакінуць культуралёгію, асновы права, і этыку ці лёгіку на выбар студэнта”.

А пісьменьнік Адам Глобус ва ўласным дзёньніку працягвае пісаць сваіх “Сучасьнікаў”: “Выдавец Логвінаў панавыдрукоўваў безьліч беларускамоўных рознафарматных і рознаякасных брашурак, за што яму шмат разоў прылюдна казалі “дзякуй”. Толькі амбітнасьць Логвінава не наталялася выданьнем паэтычных і празаічных кніжачак у яркіх, як паштоўкі, вокладках, карцела выдаваць кнігі тоўстыя й значныя. Выдаўся ім рускамоўны Кіркегор. Толькі з логвінаўскім Кіркегорам здарыўся анэкдот. У кнігарнях яго паставілі на палічку зь беларускамоўнымі кніжкамі Акудовіча ды Бабкова. Канешне, можна заплюшчыць вочы і сказаць: Бабкоў з Акудовічам нашыя Кіркегоры. Можна парадавацца, а можна й зьдзекліва пасьмяяцца, бо ня трэба было Логвінаву выдаваць Кіркегора, бо ў выдавецтве Логвінава Кіркегор выглядае сьмешным і недарэчным, такая кніга ў сутнасьці горшая за брашуркі жывых і крыклівых Гогаў і Магогаў, Бахраў і Барыхраў, якіх бяз Логвінава ніхто б ніколі й ня выдаў. А тэоляг Кіркегор? Яго выдавалі й выдадуць бяз Логвінава, выдадуць лепей, і тым людзям скажуць шчырае “дзякуй” за Кіркегора.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG