Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдакцыі “Витебского курьера” загадалі выселіцца цягам сутак (абноўлены)


Радыё Свабода Учора незалежная грамадзка-палітычная газэта “Витебский курьер” атрымала пісьмовы загад — вызваліць памяшканьні ў будынку №120 на Маскоўскім праспэкце, дзе рэдакцыя арандуе тры пакоі ў адкрытага акцыянэрнага таварыства “Элсан”. Гэты загад арэндадаўцы патрабуюць выканаць у надзвычай сьціслы, на думку супрацоўнікаў рэдакцыі, тэрмін — да 12-й гадзіны заўтрашняга дня.

У лісьце, які падпісаў дырэктар “Элсану” спадар Дзьмітрачэнка, “Витебскому курьеру” паведамілі, што назіральная рада прадпрыемства прызнала дамову пра арэнду несапраўднай, бо пры яе скаладаньні нібыта былі парушэнні заканадаўства. У прыватнасьці, разьмяшчэнне рэдакцыі ў гэтым будынку не ўзгаднілі з адміністрацыяй Першамайскага раёну Віцебску, на тэрыторыі якога знаходзіцца таварыства “Элсан”.

Галоўны рэдактар газэты Ўладзімер Базан, выканаўчы дырэктар Жанна Папова й праваабаронца Павал Левінаў меркавалі сёньня сустрэцца з дырэктарам прадпрыемства, каб абмеркаваць сытуацыю. Аднак дырэктара на месцы не было, а старшыня назіральнай рады спадар Яленскі катэгарычна адмовіўся паказаць рашэньне пра скасаваньне арэнды, якое прынялі ўчора на пасяджэньні рады.

(Яленскі: ) “Вы выдатна ведаеце, якая прычына — што не ўзгаднілі зь Першамайскай адміністрацыяй. Мы прынялі рашэньне, але паказваць яго вам я не абавязаны! Рашэньня назіральнай рады я нікому не даю, і вам я яго ня дам!”

Старшыня назіральнай рады спадар Яленскі зазначыў, што ініцыятыва выселіць недзяржаўную газэту належыць адміністрацыі “Элсану”.

Галоўны рэдактар “Витебского курьера” Ўладзімер Базан лічыць загад пра высяленьне незаконным, бо за паўтара месяца арэнды (а рэдакцыя месьціцца тут з 20 кастрычніка) ня быў парушаны ніводзін пункт дамовы. Між тым, сярод арандатараў “Элсану” ёсьць арганізацыя, якая запазычылася прадпрыемству 100 мільёнаў рублёў, але нават ад яе не патрабуюць тэрміновага высяленьня.

Што да “Витебского курьера”, то дамову пра арэнду памяшканьняў склалі да 31 жніўня 2007 году, і рэдакцыя, паводле спадара Базана, не зьбіраецца высяляцца, нягледзячы на пісьмовыя патрабаваньні арэндадаўцаў.

(Базан: ) “Пераяжджаць мы не зьбіраемся. Нам няма куды, хіба проста на вуліцу! Перасяляючыся сюды, мы знарок шукалі такую арганізацыю, каб мела будынак, які не ўваходзіць у гарадзкі камунальны фонд, які не падуладны гарвыканкаму. Думалі, што знайшлі. Але аказалася, гэта ня так. Мяркую, што сапраўдная прычына высяленьня — набліжэньне выбараў: улады ня хочуць, каб заставаліся не падкантрольныя ім газэты”.

Рэдактар “Витебского курьера” лічыць, што напярэдадні мясцовых выбараў знайсьці арэндадаўцу, што дасьць недзяржаўнай газэце плошчы й юрыдычны адрас, будзе немагчыма. І адначасова рэдактар не выключае, што заўтра а 12-й рэдакцыю будуць высяляць з памяшканьня гвалтам.

Нагадаем, што за апошні год “Витебский курьер” мусіў пераяжджаць двойчы: спачатку рэдакцыю выселілі з будынку Культурна-дзелавога цэнтру “Віцебск”, у якім газэта працавала амаль дзесяць гадоў, а потым і з будынку таксаматорнага парку, дзе рэдакцыя арандавала два невялікія пакойчыкі. У абодвух выпадках гаспадары памяшканьняў адмаўляліся працягваць зь недзяржаўнай газэтай дамову пра арэнду, але ніколі не патрабавалі вызваліць тэрыторыю за такі кароткі тэрмін.
XS
SM
MD
LG