Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вышэйшы гаспадарчы суд пачаў разгляд справы царквы “Новае жыцьцё”


Любоў Лунёва, Менск Сёньня вернікі пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё” й прадстаўнікі Менгарвыканкаму ў Вышэйшым гаспадарчым судзе абмеркавалі ўзаемныя прэтэнзіі. Раней камісія суду адмяніла ўсе папярэднія рашэньні, якія прывялі да масавай галадоўкі вернікаў. Пратэстанты патрабавалі вярнуць ім зямельны ўчастак, прызнаць іхны будынак культавым і дазволіць там набажэнствы. Суд мае разьвязаць канфлікт.

Прадстаўнікі царквы “Новае жыцьцё” й Менгарвыканкаму адказвалі на пытаньні судзьдзі датычна канфлікту, што распачаўся год таму.

Летась у жніўні вернікаў спачатку пазбавілі зямельнага надзелу, а потым даслалі пастанову Менгарвыканкаму, згодна зь якой ім забаранялася праводзіць набажэнствы ў храме. Гарадзкія чыноўнікі патлумачылі, што будынак (былы калгасны кароўнік) выкарыстоўваецца не адпаведна прызначэньню.

Год цягнулася ліставаньне паміж царквой і Менгарвыканкамам, а таксама судовыя разьбіраньні. За гэты час неаднаразова штрафавалі пастара й адміністратара царквы — за несанкцыянаваныя набажэнствы. У будынку адключылі цяпло й электрычнасьць.

Нарэшце Менскі гаспадарчы суд вырашыў перавесьці будынак вернікаў плошчай 1600 квадратных мэтраў у гарадзкую маёмасьць, ацаніўшы яго на 11 тысяч даляраў. Вернікі не пагадзіліся пакінуць будынак і распачалі галадоўку пратэсту. На 23-я суткі пасьля пачатку галадоўкі наглядная камісія Вышэйшага гаспадарчага суду адмяніла ўсе судовыя рашэньні.

Цяпер канфлікт паміж вернікамі й гарадзкімі ўладамі будзе вырашацца ў вышэйшай інстанцыі. Юрыст царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін паведаміў “Свабодзе”:

(Луканін: ) “На маё пытаньне: якім чынам, на вашу думку, царква можа карыстацца сваім будынкам без парушэньня заканадаўства? — ён адказаў: “Ніякім”. Сёньня мы падалі ў суд усе неабходныя дакумэнты й спадзяемся, што суд прызнае наша права на нашу маёмасьць у бліжэйшы час”.

Пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка дадаў:

(Ганчарэнка: ) “Мае спадзяваньні былі на тое, што падрыхтоўчы працэс да суду будзе больш хуткі, але пачалі капаць тыя дэталі, тыя глыбіні, якія капалі цягам году”.

Адміністратар царквы Васіль Юрэвіч заявіў: калі й Вышэйшы гаспадарчы суд пазбавіць вернікаў будынку, то яны зноў распачнуць бестэрміновую галадоўку. Да акцыі гатовыя далучыцца новыя людзі.

(Юрэвіч: ) “У будынку знаходзяцца каля дзясятка чалавек. Мы спынілі на некаторы час галадоўку, але ж акцыя працягваецца. Мы гатовыя зноў распачаць галадоўку ў любы момант”.

Рашэньня суду чакаюць напрыканцы году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG