Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праект бюджэту на 2007 складзены ў разьліку, што газ падаражэе на 15% (абноўлены)


Радыё Свабода Менавіта з такім паказчыкам Палата прадстаўнікоў ухваліла сёньня ў першым чытаньні праект бюджэту краіны на 2007 год. За прагаласавалі сто дэпутатаў, супраць — толькі адзін. Падчас абмеркаваньня выступілі двое — Вольга Абрамава й Віктар Кучынскі.

Беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі плянуе рост цэнаў на газ на 15%. Пра гэта ён паведаміў на абмеркаваньні праекту бюджэту ў Палаце прадстаўнікоў. Прэм’ер паўтарыў ранейшы тэзіс пра дамовы ў рамках саюзнай дзяржавы аб аднолькавых умовах гаспадараньня:

(Сідорскі: ) “Мы прытрымліваемся пазыцыі, якая запісаная ў гэтых пагадненьнях — рух цэн на газ мусіць ажыцьцяўляцца адпаведна стратэгіі Расейскай Фэдэрацыі пра павелічэньне цаны прыроднага газу для спажыўцоў на ўзроўні 15% у наступным годзе”.

Сяргей Сідорскі таксама сказаў, што працягваюцца перамовы з “Газпромам”, у якіх зь беларускага боку ўдзельнічаюць “Белтрансгаз” і Міністэрства эканомікі. “Ніякіх іншых перамоваў мы не вядзем”, — падкрэсьліў прэм’ер.

Яму запярэчыў дэпутат Віктар Кучынскі, які заклікаў урад павярнуцца да рэчаіснасьці:

(Кучынскі: ) “Магу ўпэўнена сказаць, што празь нейкіх пару месяцаў давядзецца зноў вяртацца да гэтага бюджэту. Вы ж павінны разумець, што заканчваецца савецкі сацыялістычны пэрыяд. А наступіла зусім іншая эпоха. І трэба рыхтаваць насельніцтва, суб’екты гаспадараньня да таго, што будзе ў бліжэйшай пэрспэктыве”.

Кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук таксама лічыць спадзяваньні прэм’ера Сідорскага ілюзорнымі:

(Раманчук: ) “Сідорскі, калі гаворыць пра падвышэньне цэнаў на 15%, лічыць, што Расея ня будзе настойваць на сваёй канцэпцыі Канстытуцыйнага акту. А гэта — ня так. Таму, безумоўна, той праект бюджэту, які сёньня прыняты, зьяўляецца простай адпіскай і сьведчыць пра тое, што ва ўрадзе няма канцэпцыі падрыхтоўкі краіны да энэргетычнага шоку.

А з другога боку, Беларусь не зьбіраецца падпісваць Канстытуцыйны акт у маскоўскай рэдакцыі. І таму спадар Кучынскі мае рацыю — дзесьці ў лютым давядзецца пераглядаць усе парамэтры гэтага бюджэту. І давядзецца рыхтаваць антыкрызісныя меры ў пераадольваньні наступстваў энэргетычнага шоку. Іншага сцэнару проста няма. Таму што іншы сцэнар — гэта, у існасьці, паглынаньне Расеяй Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG