Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці была моладзь галоўнай сілай у грамадзка-палітычных працэсах 2006 году?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: філёзаф Валянцін Акудовіч і старшыня моладзевага хрысьціянска-сацыяльнага саюзу “Маладыя дэмакраты” Кірыл Ігнацік.

(Валер Карбалевіч: ) “2006 год у Беларусі аб’яўлены годам моладзі. І, мусіць, гэта справядліва — моладзевыя апазыцыйныя акцыі былі ў цэнтры палітычнага жыцьця пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, супраць іх быў скіраваны галоўны ўдар рэпрэсіяў уладаў.

Але зь іншага боку, ці ня ёсьць думка пра вялікі рэвалюцыйны патэнцыял беларускай моладзі мітам? Так, была Плошча, флэш-мобы, іншыя палітычныя акцыі. Але ёсьць і самая масавая афіцыёзная арганізацыя БРСМ, ёсьць самы высокі працэнт датэрміновага галасаваньня на выбарчых участках, дзе знаходзяцца студэнцкія інтэрнаты, большасьць студэнтаў ішлі на гэтае галасаваньне пад кіраўніцтвам дэканаў без асаблівага супраціву.

То бок, моладзевае асяродзьдзе гэтак жа расколатае, як і ўсё грамадзтва. Дык ці ёсьць нейкія асаблівасьці, якія адрозьніваюць моладзь у палітычным сэнсе ад астатняга грамадзтва?”

(Валянцін Акудовіч: ) “Канечне, ёсьць. Бо маладыя людзі паходзяць з зусім іншай цывілізацыі, чым людзі больш сталага веку, якія жылі ў савецка-камуністычнай цывілізацыі. Іншае пытаньне, чаму моладзь не паводзіць сябе інакш у палітычных пытаньнях. Па-першае, нельга адмаўляць уплыву рэпрэсіяў.

Але давайце задамо пытаньне: чаму, уласна кажучы, моладзь павінна пратэставаць? Яна вырасла, выгадавалася пры гэтай уладзе, яна іншай ня ведае. І ёй тут нядрэнна. За часы Лукашэнкі колькасьць студэнтаў падвоілася. Стыпэндыі, хай невялікія, але плацяць. У краіне практычна няма беспрацоўя. Для найбольш ініцыятыўных людзей не закрытая дарога ў замежжа.

Дарэчы, пра эміграцыю ў замежжа. Апазыцыйныя палітыкі вельмі любяць згадваць, што паводле сацыялягічных апытаньняў каля 70% моладзі хочуць зьехаць з краіны. Але калі б правялі апытаньне, чаму вы зьяжджаеце, дык мне здаецца, на адным з апошніх месцаў быў бы адказ, што я зьяжджаю з прычыны адсутнасьці ў краіне дэмакратыі. У асноўным людзі едуць у замежжа з эканамічных прычынаў, каб жыць заможна”.

(Карбалевіч: ) “Тады чаму кажаце, што моладзь прадстаўляе іншую цывілізацыю? Калі праблема свабоды для маладзёнаў не зьяўляецца галоўнай, то яны прадстаўнікі той самай савецкай, камуністычнай цывілізацыі. Хоць сёньняшнія маладыя людзі адрозьніваюцца ад савецкіх людзей тым, што добра ведаюць ангельскую мову, кампутар, езьдзяць за мяжу, але сьветапоглядна застаюцца савецкімі людзьмі”.

(Акудовіч: ) “Я не пагаджуся. Мы залішне абсалютызуем палітычную складовую. Цывілізацыі адрозьніваюцца найперш у тэхналягічным сэнсе. Маецца на ўвазе іншы тып і ўладкаваньне жыцьця. І для беларускай моладзі ідэя дэмакратыі ня самая галоўная. У гэтай іншай цывілізацыі галоўнае — мець машыну, інтэрнэт, езьдзіць па сьвеце. Беларусы, прынамсі жыхары Менску, уступаюць у цывілізацыю спажываньня. А ў гэтай цывілізацыі дэмакратыя і палітычныя правы зусім не галоўнае”.

(Кірыл Ігнацік: ) “Моладзь, як і іншыя слаі грамадзтва, падзеленая. Ёсьць маладзёны зь невялікімі запатрабаваньнямі, якія ўступаюць у БРСМ, ні разу не былі ў замежжы. Яны выхоўваюцца ў савецкіх традыцыях і ня ведаюць, што адбываецца ў іншай цывілізацыйнай прасторы. Калі б гэта было ня так, то на плошчы Каліноўскага было б значна больш моладзі.

Але ёсьць і іншая моладзь, якую не задавальняе той мінімум, які можа даць улада. І гэтыя людзі настроеныя радыкальна. Ёсьць і яшчэ адна катэгорыя моладзі, якая ставіцца крытычна да сёньняшняга рэжыму, але ня бачыць магчымасьці зьмяніць сытуацыю. Тут вялікая апатыя. Якраз гэтыя маладзёны мараць, каб зьехаць за мяжу.

БРСМ — гэта сабес, прафсаюз які арганізуе льготы для прыхільнікаў улады. А зь іншага боку — рэпрэсіі супраць праціўнікаў. Увогуле, сярод апазыцыі ёсьць разрыў паміж старым і маладым пакаленьнем”.

(Карбалевіч: ) “Кульмінацыяй моладзевага супраціву стала Плошча пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Як і ўсякая незвычайная грамадзкая падзея, Плошча міталягізаваная. Пра яе пішуцца кнігі, здымаюцца фільмы. Што ж гэта было насамрэч, калі паглядзець праз восем месяцаў пасьля падзеі? Гэта выплеснуўся даўно назапашаны пратэставы патэнцыял, ці гэта стыхія, выпадковая імправізацыя? Ці што іншае?”

(Акудовіч: ) “Маё бачаньне Плошчы мянялася. Спачатку я думаў, што гэта спантанны выбух. Потым я зразумеў, што Плошча рыхтавалася. Спантаннасьць выявілася ў нечаканым пераадоленьні вялікай колькасьцю людзей страху.

Усё гэта нас зачаравала, а разам з тым увяло ў аблуду палітыкаў, аналітыкаў, публіцыстаў — у разуменьні Плошчы. То бок Плошча прачыталася ў дыскурсе палітыкі. Але я разумею, што Плошча не была палітычным фэномэнам. Бо малады чалавек — не палітычны чалавек. Маладыя людзі патрапляюць на палітычнае поле як на футбольнае поле. Яны ідуць туды найперш гуляць, а ўжо потым рэалізоўваць нейкія палітычныя задачы. І тое, што такая гульня часам небясьпечная, толькі напампоўвае іх адрэналінам, таксама як скачкі з парашуту ці бокс. Таму Плошча — гэта вялікі пэрформанс, месца свайго асабістага самавыяўленьня. Гэта гераічная паэма, якую моладзь пісала на бруку сваімі намётамі.

Як раз тое, што палітыкі ня ведалі, што рабіць з Плошчай, і сьведчыць пра непалітычны характар гэтай падзеі. Таму што яе немагчыма было скарыстаць у палітычных мэтах. Людзі ў намётах проста чакалі, калі зьявіцца АМАП”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы заўважыць, што любая дзейнасьць, у тым ліку палітычная, зьяўляецца формай самавыяўленьня”.

(Ігнацік: ) “Палітыкі ня толькі ня ведалі, што рабіць з Плошчай. Яны ня ведалі, што рабіць зь людзьмі, якія прыйшлі на пляц 19 сакавіка. Нават не знайшлося гукаўзмацняльнай апаратуры, каб нешта сказаць людзям.

Таму моладзь вырашыла арганізаваць намётавы лягер. Яны лічылі, што яшчэ ня ўсё згублена й яшчэ можна дамагчыся другога туру. Я зь першага дня быў удзельнікам гэтай падзеі. Я быў побач, калі ставілі першыя намёты, прынес бел-чырвона-белыя сьцягі, якія ляжалі на намётах. Людзі казалі, што трэба хоць нешта зрабіць, нельга так заканчваць акцыю. Калі мы прастаялі першую ноч, надышло сьвятло, у людзей зьявілася надзея, што народ можа падтрымаць. І дасюль шмат для якіх людзей Плошча стала штуршком, арыенцірам, які натхняе на змаганьне”.

(Карбалевіч: ) “З досьведу 2006 году якія можна зрабіць высновы на пэрспэктыву? Ці стане моладзь галоўнай сілай дзеля пераменаў у краіне? Ці пасьля рэпрэсіяў, выцісканьня найбольш актыўных маладзёнаў за мяжу моладзевы выбух гэтага году больш не паўторыцца? Як напрыклад, моладзевая рэвалюцыя 1968 году ў Эўропе ня мела працягу”.

(Акудовіч: ) “Па-першае, ніякай самастойнай палітычнай сілай беларуская моладзь цяпер не зьяўляецца і ў блізкай пэрспэктыве ня стане. Але вельмі верагодна, што моладзь яшчэ выбухне супрацівам. Але я ня думаю, што будзе паўтораны эфэкт Плошчы. Плошча цяпер рамантызаваная, стала прыгожым мітам для моладзі. Але наўпроставага працягу яе ня будзе”.

(Ігнацік: ) “Моладзь можа ўзяць на сябе адказнасьць. Але павінны зьявіцца лідэры, якія могуць прапанаваць моладзі шлях да зьменаў. У любым грамадзтве моладзь больш схільная да пераменаў, бо ёй менш траціць. У маладых людзей яшчэ няма сям’і, пасадаў і іншых тармазоў, якія аслабляюць настрой на радыкальны пратэст.

Для значнай часткі нашай моладзі заходнія каштоўнасьці сталі прыярытэтнымі. Яны б хацелі жыць у вольнай краіне. Трэба рыхтавацца да спрыяльнай сытуацыі. Моладзь можа стаць галоўным рухавіком пераменаў у Беларусі”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, моладзевы ўздым 2006 году даў надзею на перамены, паказаў дэмакратычны патэнцыял беларускага грамадзтва. Толькі час пакажа, ці будзе ён запатрабаваны й эфэктыўна скарыстаны беларускім соцыюмам”.
XS
SM
MD
LG