Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я лічу, што будаўніцтва АЭС пры Лукашэнку – гэта самагубства краіны”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за чаьцвер, 7 сьнежня. 24 г адзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды" 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" — гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні на нумар — 8-029-391-22.

(Спадар:) “Такое меркаваньне да Шушкевіча. Якое ён меў права разбураць Савецкі Саюз разам са здраднікамі Ельцыным і Краўчуком? Народ прагаласаваў за Саюз Савецкіх Сацыялістычных рэспублік. Гэтыя тры здраднікі ўсё разбурылі. І ён працягваў разбураць. Вы глядзіце: калі выбухнуў Чарнобыльскі рэактар, ён меў права забараніць будаўніцтва жыльля ў зоне больш за 5 кюры/км2. Ён гэтага не зрабіў, чакаў, пакуль укладуць рэсурсы... Затым, на якой падставе ён рэзаў танкі? Гэта было пад яго кіраўніцтвам, і адпраўлялі амаль бясплатна ў Нямеччыну. Гэта таксама эканамічная шкода. Можна было б адправіць гэтыя танкі арабскім краінам. Якая б была выгада для Беларусі! Потым узяўся за самалёты! І толькі дзякуючы нашаму сумленнаму беларускаму правадыру Лукашэнку, гэтая зьдзелка спынілася. Цяпер Мілінкевіч пачынае абвастраць абстаноўку вакол Беларусі, каб ёй было горш. Што яму трэба?! Патрабуе, каб Казуліну далі прэмію. Ён і так тое ня есьць. Глядзіце, паўтары месяца галадуе! На сьмех курам!” (Марыя Іванаўна Бартось, в. Квасоўка, Гарадзенскі р-н:) “Прашу Вас перадаць маю просьбу. Я зьвяртаюся да Шэймана. Мы па адной сьцяжынцы хадзілі ў вёсцы Пяроўцы ды ў нашай Забалацьці. Жылі бедна, усе роўна, адзін да аднаго хадзілі. Чаму ж Вы так зьмяніліся?! У турме памірае сумленны чалавек Аляксандар Уладзіслававіч, якога ўсе любяць, паважаюць, які стаіць за праўду, за народ. З нас зьдзекуюцца на месцах. Аляксандар Уладзіслававіч адзін пачуў нашы скаргі. Што гэта за людзі ў камандзе? Кіраўнікі калгасаў, якія адбіраюць апошняе! Садзяць у турмы, калі супраць іх выступаюць! Паважаны, прашу Вас, Вы хоць разьбярыцеся, за каго пакутуе і галадае Аляксандар Уладзіслававіч. Ён на мяжы сьмерці, ён за нас, за народ пакутуе! Прашу Вас, разьбярыцеся, за каго пакутуе Аляксандар Уладзіслававіч…”

(Спадарыня, Барысаў:) “Вельмі часта ў Вашых перадачах чуюцца нэгатыўныя адносіны да нашай Радзімы, да Беларусі, да беларускага народу, да прэзыдэнта. Ну няўжо ў нас усё такое адмоўнае, усё дрэннае?! Нельга знайсьці што-небудзь станоўчае? Хоць бы калі сказалі ў перадачы, пахвалілі наш народ, што спрадвеку ў беднаце жылі. Гэта пакутлівы народ… Колькі ён гора перанёс, колькі войнаў празь яго прайшло! Дык не. Усё і народ такі, і прэзыдэнт такі дрэнны, што часам і слухаць ня хочацца. Я не палітык. Толькі трэба што-небудзь і станоўчае казаць пра Беларусь”.

(Спадарыня:) “Дзякую Вам, “Свабода”. Я не магу гаварыць…Дзякую Вам, “Свабода,” што Вы ёсьць. Дзякую, “Свабода,” што мы можам паслухаць Вас. Хоць адзін глыток сьвежага паветра. Не магу я гаварыць…”

(Ларыса, Менск:) “Ня першы раз зьвяртаюся да Алякаандра Казуліна. Аляксандар, спыніце галадоўку. Стан Вашага здароўя ў небясьпецы, а жыцьцё даражэй за ўсё. Асабліва для вашых родных, асабліва для Вашай маці. Я чула, як яна зьвярталася да людзей: “Людзі, дапамажыце ж вызваліць майго сына! Ён жа хацеў Вам дапамагчы!” Мне столькі ж гадоў, як і Вашай маці, – 74. Я ёй вельмі спачуваю. З гэтай просьбай зьвяртаюцца простыя людзі ды і Вашы калегі па працы. Бо ў гэтых умовах вырашыць тое, што Вы патрабуеце вельмі складана. На гэта спатрэбіцца пэўны час. Ён прыйдзе, але не так хутка. Так што беражыце здароўе, а для гэтага трэба выйсьці з галадоўкі. Вы даказалі, што Вы мужны і барацьбіт”.

(Спадарыня:) “За 12 год Лукашэнка забясьпечыў сабе цудоўнае жыцьцё. Выдатная надзейная ахова, мэдыцына, харчаваньне, адпачынак, спартовыя гульні, а беларускаму народу абяцае катастрафічныя цяжкасьці, адхіляючы пры гэтым дапамогу беларускаму народу Эўрапейскага зьвязу, бо не жадае праводзіць дэмакратычных выбараў, вызваліць і спыніць перасьлед палітвязьняў. У бліжэйшы час Беларусь выключаецца з Генэральнай сыстэмы гандлёвых прэфэрэнцыяў за парушэньне правоў арганізацый незалежных свабодных прафсаюзаў, а гэта 300 мільёнаў даляраў у год. А сам жыве выдатна. Добрае жыцьцё забясьпечыў сабе падобным, а на простых беларусаў яму напляваць. Аляксандр Казулін галадае ў турме 48 дзён, каб ва ўладзе ў Беларусі не было такіх Лукашэнкаў і такіх, як ён. Усе, хто жадае Аляксандру Казуліну здароўя і пазытыўных эмоцый, павінны накіроўваць свае звароты да Лукашэнкі з просьбай пайсьці ў адстаўку. Лукашэнку – ў адстаўку, Аляксандру Казуліну – свабоду!”

(Васіль Цюхай, Беразіно:) “Я лічу, што будаўніцтва АЭС пры Лукашэнку – гэта самагубства краіны, бо ўсё, што робіць Лукашэнка завяршаецца няўдачай. Узгадайце хаця б ягоны спадарожнік. Толькі вось мірны атам у кожным доме страхоўкай не кампэнсуеш. Таксама яго аграгарадкі будуць стаяць пустыя. Таму што фэрмэры ў гэтых дамках жыць ня будуць...І тое, што Лукашэнка стварае, – гэта падробка, імітацыя сапраўднай стваральнай дзейнасьці. “Кожная расьліна, якую не Айцец мой нябесны пасадзіў, выкараніцца”. (Матв 15:13).
XS
SM
MD
LG