Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдакцыі “Витебского курьера” загадана пакінуць памяшканьне


Радыё Свабода, Віцебск Незалежная грамадзка-палітычная газэта “Витебский курьер”, якая арандуе тры пакоі ў Адкрытага акцыянэрнага таварыства “Элсан”, атрымала пісьмовы загад выехаць з будынку № 120 па Маскоўскім праспэкце да 12-й дня 8-га сьнежня.

У лісьце паведамляецца, што назіральная рада прадпрыемства “Элсан” прызнала дамову пра арэнду несапраўднай, бо пры яе складаньні нібыта былі дапушчаныя парушэньні заканадаўства. Сярод іншага, разьмяшчэньне рэдакцыі ў гэтым будынку не было ўзгоднена з адміністрацыяй Першамайскага раёна Віцебска, на тэрыторыі якога знаходзіцца ААТ "Элсан".

Галоўны рэдактар «Витебского курьера» Уладзімір Базан лічыць гэты загад “паліцэйскім” і супрацьзаконным, бо за паўтары месяца арэнды ( а рэдакцыя месьцілася тут з 20-га кастрычніка) ня быў парушаны ніводзін пункт дамовы. Загад тэрмінова пакінуць арэндаваныя плошчы спадар Базан тлумачыць толькі адным – набліжэньнем мясцовых выбараў, напярэдадні якіх улады імкнуцца любым чынам пазбавіцца ад недзяржаўнай газэты.

Нагадаем, што за апошні год «Витебский курьер» ужо мусіў пераяжджаць двойчы. Гаспадары памяшканьняў адмаўляліся працягваць з недзяржаўнай газэтай дамову на арэнду, але ніколі не патрабавалі вызваліць тэрыторыю за такі кароткі тэрмін. Паводле Уладзімера Базана, знайсьці новае памяшканьне для рэдакцыі цягам двух дзён проста немагчыма.
XS
SM
MD
LG