Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Мікалай Судзілоўскі 15.12.1850, Магілеў — 3.4.1930, Цяньцзінь, Кітай.


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Незалежна ад таго, вядома гэта цяперашняму кіраўніку Беларусі альбо не, у нашай мінуўшчыне ўжо быў адзін законна абраны прэзыдэнт-беларус. Праўда, галасаваў за яго не тутэйшы электарат, а выбаршчыкі далёкіх Гавайскіх выспаў.

Ужо пачатак жыцьцёвага шляху выдае ў Судзілоўскім асобу неардынарную, свабодалюбную і схільную да захапленьня новымі ідэямі. Пасьля магілеўскай гімназіі ён займаецца на юрыдычным факультэце Пецярбурскага ўнівэрсытэту, потым вывучае мэдыцыну ў Кіеве, дзе зьвязваецца з народнікамі і нават езьдзіць у Швайцарыю, каб пазнаёміцца зь Міхаілам Бакуніным і Пятром Лаўровым. (Зь візамі для студэнтаў тады было трохі прасьцей.)

Неўзабаве разам зь іншымі рэвалюцыянэрамі Судзілоўскі зьдзяйсьняе сваё “хаджэньне ў народ” у Херсонскую й Самарскую губэрні. Але гэты самы народ глядзіць на агітатара зь недаверам і дзеліцца сваімі сумневамі з паліцыяй, у выніку чаго нядаўні студэнт апынаецца на эміграцыі ў Лёндане. Далей падзеі разгортваюцца так, нібы наш суайчыньнік і сапраўды вырашае паклапаціцца пра крутыя сюжэты для будучых біёграфаў і аўтараў гістарычных паэмаў і аповесьцяў.

У Бухарэсьце ён піша дысэртацыю па хірургіі, адначасова займаючыся пастаўкамі зброі баўгарскім паўстанцам Хрыста Боцева. Пасьля падрыхтоўкі ў адной з бухарэсцкіх рэстарацыяў банкету ў гонар 10-годзьдзя Парыскай камуны няўрымсьлівы беларус, ратуючыся да паліцыі, трапляе ў Амэрыку, дзе выслаўляецца тым, што вылечвае сотні безнадзейных хворых і падае ў суд на праваслаўнага япіскапа Алеуцкага і Аляскінскага Ўладзіміра, абвінавачваючы таго ў карупцыі і амаральнасьці.

Апынуўшыся на Гаваях, Судзілоўскі салідарызуецца з прыхільнікамі іх незалежнасьці ад ЗША і здабывае як лекар і палітык такі аўтарытэт, што тубыльцы выбіраюць беларуса спачатку сэнатарам, а потым і прэзыдэнтам Сэнату Гавайскіх выспаў, які, аднак, не патрапіць перамагчы анэксіянісцкіх памкненьняў магутнага суседа.

Расейска-японская вайна прыводзіць экс-прэзыдэнта Гавайскай рэспублікі ў Краіну ранішняга сонца, дзе, не разьменьваючыся на дробязі, ён спрабуе стварыць з палонных расейскіх салдатаў рэвалюцыйную армію і рушыць зь ёю па Транссібірскай магістралі на Маскву й Пецярбург...

Мудра адмовіўшыся пазьней ад настойлівых прапановаў новых бальшавіцкіх уладаў вярнуцца на радзіму, былы рэвалюцыянэр, які стаў вядомым у сьвеце вучоным, сябрам Амэрыканскай асацыяцыі генэтыкаў і Нацыянальнага геаграфічнага таварыства, завяршыў сваё доўгае жыцьцё ў Кітаі, пакінуўшы ўласнаручна складзеную эпітафію: “Hic jacet Lumpatius Vagabundus”. У перакладзе з лаціны гэта азначае: “Сюды кінуты вандроўны жабрак”.

Нягледзячы на такую сьціплую самаацэнку, Міколу Судзілоўскаму прысьвечанае мноства нарысаў, артыкулаў і кніг, апублікаваных у розных краінах, у тым ліку і двухтомавая манаграфія ў Японіі. Блізу дзясятка празаічных і паэтычных твораў пра колішняга прэзыдэнта Гаваяў налічвае айчынная літаратура. Пасьля стварэньня новага, “чэснага” і правільнага Саюзу пісьменьнікаў, прынамсі, ня меншая колькасьць твораў мусіць нарадзіцца і ў гонар першага прэзыдэнта Беларусі.
XS
SM
MD
LG