Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму беларускае заканадаўства робіцца ўсё больш жорсткім і карным?


Радыё Свабода Палата прадстаўнікоў учора прыняла закон аб увядзеньні ў дзеяньне ад 1 сакавіка 2007 году новых рэдакцыяў двух Кодэксаў -- працэсуальна-выканаўчага і аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Аднак некаторыя дэпутаты скрытыкавалі новаўвядзеньні. Яны кажуць, што беларускія законы робяцца ўсё больш жорсткімі і карнымі.

Вось самыя апошнія прыклады -- са сьнежня будаўнічым фірмам, якія маюць запазычанасьць нават у пазабюджэтныя фонды, забаранілі ўзводзіць аб''екты. Зь лістапада юрыдычныя альбо фізычныя асобы, якія маюць запазычанасьць перад дзяржавай за несвоечасовы продаж валюты, мусяць плаціць штраф у памеры 1% ад нявыплачанай сумы штодзень. Таксама зь лістапада за парушэньне тэрміна прадастаўленьня падатковай дэклярацыі ўводзіцца штраф. З гэтай нагоды дэпутат Віктар Кучынскі кажа:

(Кучынскі: ) "Я апошнім часам вельмі крытычна ацэньваю адміністратыўныя меры адносна нашых грамадзянаў. Вось прыклад. Мая выбарніца паехала ў Польшчу, дзе набыла для сябе аўтамабіль. Яна заплаціла ўсе падаткі. Праз два месяцы паехала на тэхстанцыю, дзе майстар ёй удакладніў, што рабочы аб''ём рухавіка машыны не 1,6 літра, а 1,8. Жанчына зноў паехала на мытню, заплаціла дадатковыя грошы, прынамсі, з пянёй. І што? Маю выбарніцу прыцягваюць да адміністратыўнай адказнасьці і канфіскуюць аўтамабіль. І ў мяне ўзьнікае пытаньне: няўжо распрацоўшчыкі законаў не разумеюць, што яны маюць справу з жывымі людзьмі? Чаму сёньня такія адносіны да нашых людзей? Гэта ж поўнае самадурства!"

У Беларусі цяпер існуе поўная непараўнальнасьць пакараньня з парушэньнямі, упэўнены былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец. За паўтара гады знаходжаньня ў папраўчай калёніі ён сустракаў шмат такіх выпадкаў:

(Скрабец: ) "Да мяне зьвярталіся людзі, асабліва калі я знаходзіўся ў турэмным шпіталі, куды прывозілі зьняволеных з розных калёніяў. Вось, прыкладам, адзін чалавек, якому, дарэчы, ужо за 70 гадоў асуджаны на тры з паловай гады зьняволеньня. Быццам бы за тое, што ён патаптаў пасевы жыта. А насамрэч там была сьцежка праз поле, якая вяла да яго дома. І такіх выпадкаў шмат. У нас саджаюць людзей ад трох да сямі год толькі за крадзеж меха бульбы. І гэта не зьяўляецца нейкім адкрыцьцём".

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян згадаў, што і ў яго выбарчай акрузе ў Мазыры былі тры аналягічныя выпадкі, пра якія казаў Віктар Кучынскі. Ён назваў злачынцамі судзьдзяў, пракурораў і мытнікаў, а таксама тых, хто "падсунуў нам такія законы":

(Касьцян: ) "Нам гаворыць прэзыдэнт, што дзяржава для людзей. Але ў гэтай дзяржаве сёньня грамадзянін ня можа адстаяць свае правы. А калі ён пачынае іх адстойваць, дык яго за гэта яшчэ больш мурыжаць ды душаць. Нельга так! Мы робімся рэпрэсіўнай дзяржавай -- рэпрэсіі, рэпрэсіі, рэпрэсіі. І так бясконца. Штрафы, парушэньні і гэтак далей. Узарвем дзяржаву! Узарвем!".

Сяргей Скрабец лічыць, што вытокі такіх адносінаў да жыхароў Беларусі у паводзінах кіраўніка дзяржавы:

(Скрабец: ) "І калі ён на сэлектарных ды іншых пасяджэньнях дазваляе сабе публічна зьневажаць і палохаць нават міністраў, дык такія флюіды нянавісьці ды страху распаўсюджваюцца як хвалі па ўсёй краіне".
XS
SM
MD
LG