Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўныя тэлеканалы забясьпечаць настальгію па СССР


Ігар Карней, Менск Ад сёньня на Першым нацыянальным тэлеканале стартуе праект, прысьвечаны 15-годзьдзю падпісаньня Белавескіх пагадненьняў. У трохсэрыйнай стужцы “Была краіна” стваральнікі на падставе “сьведчаньняў відавочцаў” назавуць прычыны распаду “вялікай дзяржавы – СССР”. Ад наступнага панядзелка другім канал – ОНТ пачынае паказ шматсэрыйнай стужкі “Савецкая Беларусь”, храналёгія падзей у якой гэтаксама ўпіраецца ў сьнежань 1991 году, калі спыніў існаваньне СССР. Расказвае Ігар Карней.

Старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі кажа: такая глябальная падзея, як 15-я гадавіна падпісаньня Белавескіх пагадненьняў, не магла застацца па-за ўвагай дзяржаўнага тэлебачаньня. На думку спадара Зімоўскага, ініцыятары развалу СССР “справакавалі” ня толькі падзел сьвету, але і сталіся прычынай многіх чалавечых ахвяраў.

(Зімоўскі: ) “Гісторыя дае нам багацейшы кантэкст. Сёлета спаўняецца 15 гадоў ад моманту падпісаньня Белавескіх пагадненьняў. У гэтым полі, вось у гэтым 15-гадовым адрэзку часу, мы можам здымаць якія заўгодна сэрыялы. Таму што гэта падзея кардынальна паламала мапу сьвету, зьмяніла лёсы мільярду чалавек. Баюся ацаніць наўскідку, бо я ў гэтай галіне не спэцыяліст, але колькі чалавечых ахвяраў прынесла гэта падзея! То бок, чыста фізычная страта загіблых людзей. Вось у гэтым кантэксьце і будуць нашыя дакумэнтальныя сэрыялы пабудаваныя”.

Сэрыял “Была краіна” складзены з асобных відэафільмаў: “Былі людзі”, “Былі грошы”, “Была ўлада”. Усе тэматычныя часткі – збор меркаваньняў і ўспамінаў людзей, якім развал СССР перашкодзіў будаваць кар’еру. Перадусім, уздымацца пытаньне: якім чынам можна было перадухіліць падзеі ў Віскулях? Адзін з падпісантаў Белавескіх пагадненьняў, экс-старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч лічыць, што ў самім гэтым пытаньні прысутнічае элемэнт спэкуляцыі. Паводле Шушкевіча, настальгуючы аб савецкім пэрыядзе, улады насамрэч маюць ад той падзеі канкрэтны камэрцыйны інтарэс.

(Шушкевіч: ) “Там, у Віскулях, зараз зроблена кантора адміністрацыі прэзыдэнта, якая здабывае валюту дзякуючы гістарычнай вядомасьці гэтага месца. Мне неяк скардзіліся маскоўскія тэлевізыйшчыкі: каб на гадзіну заехаць за браму ў Віскулях для здымкаў, трэба заплаціць 200 даляраў. У пакоі зайсьці – 500 даляраў. Яшчэ кудысьці – таксама за грошы. Так што гэта камэрцыйная структура, якая дае прыбытак у некантраляваны паралельны бюджэт, які, як вы ведаеце, не кантралюецца нават так званай “палаткай”, прызначанымі дэпутатамі”.

Ад пачатку тыдня канал ОНТ пачынае трансьляцыю дакумэнтальнай стужкі “Савецкая Беларусь”. Цягам паказу гледачам будзе прапанаваны экскурс у гісторыю Беларусі, акрэсьленую, як і вынікае з назвы, савецкім пэрыядам. Два гады таму экс-сьпікер Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб ужо быў героем падобнага дасьледаваньня пад назвай “Навейшая гісторыя”. Кажа, што усе ягоныя выказваньні былі “укліненыя” ў патрэбны аўтарам кантэкст

(Грыб: ) “Што тычыцца агульных заўвагаў, то ўсё вельмі відавочна робіцца пад аднаго чалавека – які ён быў прадбачлівы, які ён быў таленавіты, як ён усё добра ведаў, як ўсё правільна рабіў яшчэ тады, калі быў простым дэпутатам. Рабілася і робіцца ўсё пад Аляксандра Лукашэнку і толькі дзеля яго. Нездарма ўвесь час паказваюць, як калісьці бедна жылі людзі, як бегалі з талёнамі, а цяпер, мабыць, пакажуць, як людзі ў Беларусі жывуць заможна. Зразумела – дзякуючы каму і чаму”.

Суразмоўцы кажуць: за рэклямай савецкага ладу жыцьця аўтары ідэалягічных стужак імкнуцца найменей казаць пра іншыя савецкія рэаліі – дыктатуру, рэпрэсіі, зьнішчэньне лепшых прадстаўнікоў нацыі, ігнараваньне беларускай культуры і мовы.
XS
SM
MD
LG