Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Міністар культуры не прыйшоў на 50-гадовы юбілей ТЮГу”


Радыё Свабода Агляд некаторых публікацыяў недзяржаўнай прэсы 7 сьнежня

“Народная Воля”. “Міністар культуры не прыйшоў на 50-гадовы юбілей Тэатру юнага гледача”. Чакалася, што на тэатральнай урачыстасьцi зьбярэцца бамонд, прыйдзе кіраўніцтва краіны. Але нават чыноўнiкi ад культуры –рэдкiя госьцi на спэктаклях беларускіх тэатраў. А ў міністра культуры Ўладзімера Мацьвейчука ў дзень юбiлею ТЮГа знайшлiся больш важныя справы. Дарэчы, з моманту свайго прызначэньня мiнiстрам Уладзiмiр Мацвяйчук даволi рэдка зьяўляецца на публiцы, заўважае “Народная Воля”.

“Газэта Слонімская” уздымае праблему выміраючых вёсак. У вёсцы Голі, некалі даволі вялікай, засталося каля 60 чалавек, у асноўным людзі сталага веку. Млыну няма, шлюзу на рэчцы няма, яе берагі зарастаюць баршчэўнікам, дарогі пакасавалі, коней вывелі – бульбу ў зручны час не пасадзіш, корму для каровы цяжка нарыхтаваць. Вясковую краму закрылі. А прычына амаль “глябальнага маштабу” — няма прадаўца. Аўталаўка прыяжджае нерэгулярна. На ўсе скаргі голеўцаў ад старшыні Слонімскага райвыканкам Мечыслава Касьцюка прыходзяць адпіскі.

“Брестский курьер”. Мясцовая філія Саюзу беларускіх пісьменьнікаў сёлета адзначае 25-гадовы юбілей. Вядомаму паэту Алесю Каско, які шмат гадоў ачольваў філію, 55 гадоў. Але пісьменьнікі ніяк ня могуць атрымаць дазвол мясцовых уладаў на арэнду памяшканьня, каб правесьці юбілейныя ўрачыстасьці. Распавядае берасьцейскі журналіст Зьміцер Паталятаў:

(Паталятаў: ) “Алесь Каско – чалавек вядомы на Берасьцейшчыне, а вось адбываюцца розныя прыгоды з нашымі пісьменьнікамі, ня хочуць ім даваць памяшканьне, ня хочуць даць магчымасьць выступіць”.

“Наша Ніва” працягвае друкаваць нататкі палітвязьня Паўла Севярынца з “хіміі”. Гэтым разам тэма ягонага дасьледаваньня – інтэрнаты, дзе жыве паўмільёна насельнікаў Беларусі. А калі дадаць яшчэ й тых, хто здымае пакоі або кватэры. Адсутнасьць уласнага дому – прычына многіх дзівосаў псыхалёгіі беларуса. Тыповыя насельнікі інтэрнату і да жыцьця ставяцца як да чарговага жытла…

“Вечерний Брест” “Амэрыканская тайга” пад Іванава. Амаль на чатырох гектарах раскінуліся амэрыканскія хвойныя дугласіі. Узрост дрэваў – больш за 200 гадоў. Адмыслоўцы мяркуюць, што ўнікальная экасыстэма была закладзеная прыканцы 18 стагодзьдзя мясцовай шляхтай.
XS
SM
MD
LG