Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Цяпер вось апазыцыянэры цішком спадзяюцца на тое, што ўсё за іх зробіць расейскі Газпром. Дарэмна спадзяюцца"


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111"

Найбольш значныя падзеі апошніх тыдняў -- галадоўка апазыцыйнага лідэра Аляксандра Казуліна, менскі саміт СНД і газавыя супярэчнасьці Беларусі й Расеі знайшлі адлюстраваньне і ў пошце Свабоды.

Пачну зь ліста Сяргея Булгака зь Віцебску, у якім закранаюцца ўсе гэтыя тэмы: “Які самы распаўсюджаны від пратэстаў беларускай апазыцыі? Усе ведаюць: галадоўкі. Толькі дзівак можа разьлічваць на тое, што такім спосабам у нас можна дамагчыся чагосьці істотнага. Калі б за апазыцыяй стаялі нейкія сур’ёзныя сілы й магчымасьці, яна дзейнічала б па-іншаму. Але ў тым і рэч, што гэтай сур’ёзнай сілы няма. Цяпер вось апазыцыянэры цішком спадзяюцца на тое, што ўсё за іх зробіць расейскі Газпром. Дарэмна спадзяюцца. Вядома, жыцьцё ў Беларусі з 2007 году можа пагоршыцца. Але вінаватымі ў гэтым людзі будуць лічыць ня ўладу, а іх, апазыцыянэраў. Бо каго абвесьцяць вінаватымі па тэлевізары? Зразумела, што Захад, які імкнецца разбурыць беларуска-расейскае адзінства, і празаходнюю беларускую апазыцыю, якая на каленях поўзала ў Маскву й прасіла задушыць рэжым высокімі цэнамі на газ.

Вядома, усе гэтыя тлумачэньні абсурдныя, хлусьлівыя і прыцягнутыя за вушы. Але ж ім павераць. Ці я памыляюся?”

Напэўна, спадар Булгак, будуць і тыя, хто паверыць. Верылі ж раней падобным жа апраўданьням, тлумачэньням і аргумэнтам у розных сытуацыях, з розных нагодаў. І калі чалавеку дастаткова такіх тлумачэньняў, калі самастойна ня здольны супастаўляць факты й падзеі, рабіць уласныя высновы, знаходзіць адказы на складаныя пытаньні ўласнага жыцьця то, можа, ён і варты таго існаваньня, праблемы якога яму так даходліва й немудрагеліста патлумачылі.

Што да палітычных галадовак. Сапраўды, спадар Булгак, нейкіх адчувальных перамогаў і саступак ад уладаў удзельнікі гэтых пратэстаў у Беларусі не дамагліся і наўрад ці дамогуцца. Самі пратэсты такога кшталту наладжваюцца часта не ў разьліку на тое, што патрабаваньні будуць выкананыя, а каб прыцягнуць да праблемы ўвагу грамадзтва й каб быць чыстым перад уласным сумленьнем. Асэнсаваньне таго, што дзеля дасягненьня сваёй мэты ты зрабіў усё, што мог, у жыцьці многіх людзей значыць вельмі шмат.

Наступны ліст дасланы нам зь вёскі Асіпавічы Драгічынскага раёну: “Піша ваш сталы слухач Анатоль. Мне 19 гадоў. Свабоду слухаю даўно. У нашай вёсцы Асіпавічы палітыкай не цікавіцца амаль ніхто. У размовах пра прэзыдэнта амаль усе (асабліва старэйшыя) кажуць так: цяпер усё больш-менш добра, а калі кіраўнік дзяржавы зьменіцца, дык невядома што будзе.Прыхільнікі пераменаў у нашай мясцовасьці -- гэта ў асноўным дробныя прадпрымальнікі, а таксама некаторыя вернікі-пратэстанты, якім зьяўляюся і я.

Яшчэ хачу распавесьці пра нядаўні выпадак. Зайшоў аднаго разу ў нашу сельскую бібліятэку, папрасіў матэрыялы пра нацыянальную сымболіку. Бібліятэкарка спачатку прапанавала кнігі пра чырвона-зялёны сьцяг і постсавецкі герб. Але мяне цікавілі нацыянальныя гістарычныя сымбалі бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоня. Ва ўсёй бібліятэцы яна знайшла пра гэта толькі дзесяць радкоў у адной гістарычнай кнізе, безь якіх-небудзь малюнкаў. Тады я спытаўся: магчыма, што-небудзь ёсьць у школьных падручніках? На што яна даволі рэзка адказала: “Цяпер усе падручнікі новыя, і наагул незразумела, навошта патрэбна тое, што было некалі даўно”.

У вас у вёсцы, Анатоль, ці то ня вельмі вялікая бібліятэка, ці то ня надта кваліфікаваная бібліятэкарка. У 19901995-я ў Беларусі выйшлі дзясяткі кніг (у тым ліку багата ілюстраваных) пра гісторыю нацыянальных сымбаляў, якія ў 1991 годзе сталі дзяржаўнымі й пад якімі Беларусь як незалежная дзяржава была прызнаная ў сьвеце. Гістарычная сымболіка актыўна ўваходзіла ў жыцьцё: яна зьявілася ў афармленьні афіцыйных выданьняў, на паштовых марках, значках. Яе выявы былі зьмешчаныя ў мільёнах асобнікаў школьных падручнікаў.

Вядома, за апошняе дзесяцігодзьдзе падручнікі гісторыі ў Беларусі былі шмат разоў перапісаныя й перагледжаныя. Аднак выяву Пагоні там можна знайсьці і дагэтуль вывучаючы пэрыяд сярэднявечнай Беларусі, безь яе цяжка абысьціся: гэта вымушаны прызнаць нават палітычна ангажаваныя дасьледчыкі й аўтары.Немагчыма ўявіць без гістарычных сымбаляў і найноўшую гісторыю Беларусі. Калі ў 1994 годзе першы прэзыдэнт прымаў прысягу, то стаяў на трыбуне, аздобленай Пагоняй, і трымаў руку на Канстытуцыі, на вокладцы якой таксама была Пагоня. Гэтага факту з гісторыі ня выкрасьліш.

26 лістапада ў аглядзе пошты прагучаў ліст Надзеі Лушчынскай зь вёскі Яновічы Клецкага рану.У ім слухачка распавяла пра выпрабаваньні, зь якімі давялося сутыкнуцца й і яе сямі за тое, што не захацелі хаваць сваіх палітычных поглядаў. Спадарыня Лушчынская маці дзьвюх дачок, якія ўвесну былі на плошчы Каліноўскага. Адну зь іх, маладую настаўніцу і апазыцыйную актывістку Іну Кебікаву, нядаўна звольнілі з працы. Другая вымушаная была зьехаць давучвацца ў Польшчу. Страціла працу эканаміста на Клецкім мэханічным заводзе і сама Надзея Лушчынская.

Усё гэта схіліла слухачку да наступных высноваў: “Як вядома, чатыром дзясяткам кіраўнікоў беларускай улады забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу і ЗША. І гэта вельмі добра. Але тым часам мясцовыя вэртыкальшчыкі адчуваюць сябе абсалютна беспакаранымі, забыўшыся на Канстытуцыю й законы. Я магу прывесьці шмат прыкладаў як адабралі сталярны цэх у мясцовага прадпрымальніка Сяргея Панамарова; як многіх іншых прадпрымальнікаў прымусілі выплаціць некалькі мільёнаў на рамонт галоўнай клецкай вуліцы (рыхтаваліся да Дажынак). Тут і маё звальненьне, і звальненьне май дачкі маладога спэцыяліста. Яшчэ раней не прайшла атэстацыю гісторык Часлава Князева, якой улады параілі ісьці працаваць прыбіральшчыцай. Дык вось, прапаную такіх мясцовых вэртыкальшчыкаў заносіць у чорныя сьпісы парушальнікаў правоў чалавека і ставіць пытаньне перад Эўразьвязам аб забароне ім і іхным дзецям на ўезд у краіны Эўразьвязу. Толькі так можна загнаць іх у рамкі закону.”

У лісьце чытачка склала ўласны сьпіс рознага ўзроўню клецкіх начальнікаў, якія, на яе думку, павінны падпасьці пад санкцыі. Такі сьпіс, спадарыня Лушчынская, можна скласьці ў кожным ране. І няцяжка здагадацца, хто ў яго можа трапіць усе тыя ідэалягічныя чыноўнікі й адміністратары, якія паводле сваіх службовых абавязкаў выяўляюць, дапільноўваюць і караюць палітычна ненадзейных грамадзянаў.Ці зьменіцца нешта, калі такія сьпісы будуць складзеныя і дзясяткам тысяч гэтых начальнікаў будзе закрыта дарога на Захад? Наўрад ці. Па-першае, у Эўразьвязе яны й так нячастыя госьці. Па службовых справах іх туды, як правіла, не запрашаюць. А каб выехаць у замежную службовую камандзіроўку, нават самаму дробнаму беларускаму намэнклятуршчыку патрэбная згода вышэйшага начальства.

А па-другое, нават калі дапусьціць неверагоднае, што гэтыя канкрэтныя асобы, спалохаўшыся санкцыяў, пакінуць свае пасады, на іх месца прыйдуць іншыя, якія будуць сябе паводзіць гэтак жа. Бо такія функцыі закладзеныя, запраграмаваныя самой сыстэмай. І выбару ў гэтых людзей фактычна няма: альбо будзеш выкараняць іншадумства й вынішчаць апазыцыю альбо страціш пасаду й працу. Відаць, менавіта таму толькі стваральнікі й кіраўнікі гэтай сыстэмы, а не выканаўцы ніжэйшага зьвяна, і ўключаныя ў сьпісы Эўразьвязу.

На заканчэньне кароткі ліст ад Міхаіла Лукашэвіча зь вёскі Вычулкі Берасьцейскага рану. Слухач піша: “Эх, як я люблю свабоду, але дзе ж яе ўзяць? Свабодны чалавек гэта зусім ня тое, што мы. Ён гаворыць тое, што думае, ён мае добрую працу і ведае свае правы, ён не баіцца, бо ведае, што яго свабоду абараняе закон і дзяржава. І ўвогуле, такі чалавек цудоўна жыве. Нам да такога жыцьця далёка. Вось і я не магу адчуваць сябе свабодным. Ёсьць шмат пытаньняў, якія не магу вырашыць. Напэўна, мне патрэбны добры адвакат. Няблага было б, каб Свабода знайшла мне такога адваката, з дапамогай якога я б вырашыў усе пытаньні й адчуў сябе свабодным”.

На жаль, спадар Лукашэвіч, мы ня маем магчымасьці шукаць для сваіх слухачоў адвакатаў давядзецца вам парупіцца самому. Хоць, каб адчуваць сябе свабодным, адной толькі дапамогі адваката (нават самага кваліфікаванага й дасьведчанага) наўрад ці дастаткова. Тут болей шанцаў у тых, хто разьлічвае найперш на ўласныя сілы, здольнасьці й магчымасьці. Але датычыць гэта ня толькі й ня столькі вас, спадар Лукашэвіч, колькі ўсяго беларускага грамадзтва. Бо адчуваць сябе свабоднай асобай у несвабодным грамадзтве задача цяжкавыканальная, а для многіх і непасільная.Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма Паштовая скрынка 111 выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.byВалянцін Жданко, Менск
XS
SM
MD
LG