Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 6 сьнежня


Cевярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага Інтэрнэту

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць навіну пра заяву кіраўніцтва Нацбанку Беларусі, дзе гаворыцца, што краіне больш непатрэбны пераход эканомікі на расейскі рубель. Намесьнік старшыні Нацбанку Мікалай Лузгін сярод іншага зазначыў, што цяпер у Беларусі значна меншая, чым у Расеі, а беларускі рубель вельмі трывалы. Камэнтары удзельнікаў форуму: “Відаць, няма больш непасьлядоўных чыноўнікаў, чым беларускія; “Я чакаю, калі яны скажуць, што Саюз непатрэбны”; “Вельмі весела гучыць, што “інфляцыя значна меншая, чым у Расеі”, і “беларускі рубель трывалы”. Тым часам дэвальвацыя беларускага рубля адносна расейскага ідзе проста сямімільнымі крокамі”.

На cайцеАляксандра Казуліна наведнікі пішуць пра палітыка, які ўжо 48 дзён галадае за кратамі. Экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна асудзілі сёлета за арганізацыю шэсьця на Дзень Волі. Пра сёньняшні дзень наведнікі сайту выказваюцца: “Чалавек памірае за Беларусь, а беларусам усё роўна. … Трэба зноў рабіць майдан”; “Дзе яны ўсе былі пасьля выбараў? Дзе яны ўсе цяпер? Па сайтах лазяць, і чытаюць навіны пра здароўе Казуліна. А тое, што праз сваё баязьліўства давялі чалавека да поўнага адчаю, гэта нічога? І пішу я гэта не для таго, каб кагосьці пакрыўдзіць. А спрабую разварушыць гэтае мёртвае балота”.

Спадар за подпісам Аляксандар Сувораў даслаў на адрас нашай рэдакцыі ліст, дзе сумуе некаторыя статыстычныя дадзеныя, атрыманыя з афіцыйных крыніцаў. Сярод іншага Аляксандар Сувораў піша пра тое, што насельніцтва Беларусі штогод зьмяншаецца на 50 тысяч чалавек. Што краіна заняла 151-е месца з 163 па ўзроўні карупцыі, што ад алькагольнага атручваньня летась памерла больш за тры тысячы чалавек, што ў адносных катэгорыях амаль на 40 працэнтаў болей, чым у суседняй Расеі. Што Беларусь уваходзіць у дзесятку краінаў па колькасьці забойстваў, і што большасьць гэтых забойстваў маюць побытавую глебу, і зьдзяйсьняюцца ў стане алькагольнага ап’яненьня. Аляксандар Сувораў падсумоўвае: “Зараз многія кажуць, што большасьць беларусаў падтрымлівае кіраўніцтва краінай, і адвярнулася ад апазыцыі. Людзі ВЫМУШАНЫЯ выбіраць між Свабодай, Дэмакратыяй і ЖЫЦЬЦЁМ. Гэта не свабодны выбар – гэта выбар пад ПАГРОЗАЙ.

На сайце блогаў “Жывы Журнал” вядуцца дыскусіі пра газэту “Наша Ніва”. Адныя мяркуюць, што брэнд “НН” – агульнанацыянальны здабытак, які мусіць быць найперш культурным брэндам. Іншыя адстойваюць пазыцыю сучаснай рэдакцыі, якая імкнецца зрабіць з газэты выданьне “для ўсіх”. Іван Сай піша: “Заганы сёньняшняй “НН” плоць ад плоці заганы беларускага грамадзтва, якое ўваходзіць у паласу палітычных, сацыяльных, рэлігійных галадовак. Масава галадуюць там, дзе страчаная сама магчымасьць дыялёгу. … Шчыра кажучы, мне ўсё роўна, хто "прыватызаваў нацыянальны брэнд" і "дзе грошы". У кожнай справе мусіць быць гаспадар. І нават калі ён пасеяў крыўду паміж калег, нашмат важней тое, ШТО робіць нацыянальны брэнд ва ўмовах, блізкіх да нацыянальнага суіцыду. … Мне цікава, каб "нацыянальны брэнд", задуманы ад пачатку як гу-тар-ка, выконваў сваю місію вяртаньня дыялёгу ў грамадзтва, у той найперш невялікі сэгмэнт, які называецца нацыянальнай элітай”.

Крыху больш за суткі застаецца да моманту, калі абутак, мабільныя тэлефоны, кампакт-дыскі, кава, гарбата і некаторыя іншыя артыкулы мусяць прадавацца з акцызнымі маркамі. Дэкрэт нумар 18 уступае ў сілу 8 сьнежня. Якім чынам навінка адаб’ецца на беларускім спажыўцы? Ці гатовыя прадпрымальнікі, ці пойдзе навінка на карысьць спажыўцам? Адказы на пытаньні можна паслухаць у падкаст-праграме на сайце TOL блогі Беларусі :

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG