Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<b/>Галадоўка каталікоў спынена, улады дазволілі будаваць касьцёл (фота)


Сяргей Астраўцоў, Горадня На шосты дзень галадоўка гарадзенскіх каталікоў была спынена. Абласныя ўлады пагадзіліся задаволіць іхняе патрабаваньне — дазволіць будаваць касьцёл. У акцыі пратэсту ўдзельнічалі 16 парафіянак на чале з ксяндзом Аляксандрам Шэметам.

Каля 14 гадзінаў удзельніцы галадоўкі разышліся па дамах. А падзеі разьвіваліся сёньня наступным чынам. Спачатку ў капліцу прыехаў намесьнік старшыні гарвыканкаму па будаўніцтве Анатоль Кунаш, ён прывёз дакумэнт аб тым, што гарадзкія ўлады ня супраць, каб касьцёл будаваўся. Аднак ксёндз Аляксандар Шэмет зазначыў, што ўлады павінны зьвяртацца непасрэдна да біскупа Аляксандра Кашкевіча, якога Папа Рымскі прызначыў кіраваць усёй Гарадзенскай дыяцэзіяй. Далей так і адбылося, гаворыць айцец Аляксандар Шэмет:

(Шэмет:) “Губэрнатар Саўчанка запрасіў да сябе біскупа Аляксандра, якому аддаў дакумэнт, напісаны асабіста на яго імя, і ў якім гаворыцца, што ўлады ня супраць, каб касьцёл будаваўся. Мы гэтым задаволеныя і спыняем пакуль галадоўку. Але мы поўныя рашучасьці, калі трэба — далей змагацца за справядлівасьць”.

Вось такое меркаваньне выказаў ксёндз Аляксандар Шэмет, спыняючы акцыю пратэсту. Пасьля гэтага ён падзякаваў і разьвітаўся з жанчынамі, якія ўдзельнічалі ў галадоўцы. Я спытаў верніц пра іхнія пачуцьці.

(Верніца:) “Адчуваю вялікую радасьць, што мы вытрымалі. Маці Божая нам дапамагла. Я адчуваю сябе вельмі добра, здаровай. Каб увесь час да сьмерці была ўжо такая здаровая, як цяпер”.

(Верніца:) “З радасьці сэрца мне заціснула, што не магу прыйсьці ў сябе. Дзякуй усім, хто нас падтрымліваў, маліўся за нас і будзем спадзявацца на ўсё лепшае ня толькі ў нашым касьцёле, але і ва ўсім касьцёле ў Беларусі”.

Гаварылі верніцы гарадзенскай парафіі Маці Божай Вострабрамскай, якія ўдзельнічалі ў галадоўцы, патрабуючы ад уладаў дазволу будаваць касьцёл. Як зазначыў айцец Аляксандар Шэмет, ім цяпер трэба будзе падрыхтаваць некаторыя паперы, каб атрымаць зямлю для будоўлі.

Сьвятар і парафіянкі пасьля заканчэньня галадоўкі

Ксёндз Аляксандар Шэмет (зьлева) і вікары Артур Малафей маюць паперу з дазволам будаваць касьцёл

Галадоўка ў капліцы Маці Божай Вострабрамскай спынена

Былыя галадоўніцы даюць інтэрвію

Крыж каля капліцы
XS
SM
MD
LG