Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што кажуць мэдыкі пра наступствы галадовак для арганізму?


Юры Дракахруст, Прага Як галадоўка адбіваецца на чалавечым арганізьме, ад чаго залежыць яе эфэктыўнасьць? Хэрнан Райес - экспэрт Міжнароднага Чырвонага Крыжу у мэдычных праблемах вязьняў. Ён гаворыць, што пасьля некалькіх тыдняў галадоўкі чалавек адчувае моцны боль.

(Райес: ) “Праз некалькі дзён пасьля пачатку галадоўкі вы не адчуваеце голад з прычыны кэтозу. У крыві ёсьць кэтонные клеткі, якія ў гэтай сытуацыі блякуюць адчуваньне голаду. Праз некалькі тыдняў галадоўкі ў вас пачынаецца ністагм – сутаргі вокавага яблыка, гэта выклікае моцнае галавакружэньне І гэта надзвычай непрыемна. Галадоўнікаў цягне на ваніты, яны ня могуць піць. Гэтую фазу галадоўкі адзначаюць усе галадоўнікі, якія да яе даходзяць”.

Доктар Райес адзначае, што посьпех галадовак пратэсту залежыць ад таго, ці будуць ўлады рэагаваць на тое, як чалавек марудна і пакутліва морыць сябе голадам. Паводле яго чым даўжэй галадоўка, чым большыя пакуты галадоўнікаў, тым больш моцны ўплыў галадоўкі на грамадзкую думку і на ўлады.

(Райес: ) “Галадоўка вельмі часта – апошні сродак для зьняволеных. І калі пра галадоўку робіцца вядома , улада паўстае перад праблемай іміджу, ня іміджу вязьняў, і яе, ўлады, ўласнага іміджу – ці дастаткова яна добразычлівая, каб прыслухацца да патрабаваньняў людзей, якія ўжываюць такія дзеяньні”.

Пра тое, якія зьмены адбываюцца ў чалавечым арганізьме падчас галадоўкі гаворыць прафэсар катэдры гігіены і мэдычнай экалёгіі Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі Валер Мурог.

(Мурог) “Калі тлушчу ў чалавека больш, то працэс галадоўкі ідзе лягчэй, бо ў першую чаргу расходуецца менавіта тлушч, які ўдзельнічае ў абмене, і пакуль у сальніку будзе тлушч, ён будзе расходавацца і падтрымліваць больш менш нармальны стан арганізму. Але калі тлушчу ўжо ня будзе, то ў першую чаргу церпяць розныя сыстэмы абмену ў арганізьме: той жа тлушчавы, вугляводны - парушаюцца ўсе віды абмену і ў арганізьме назапашваюцца недаакісьленыя прадукты, прадукты, якія ў нармальным стане мусяць расчапляцца. Кепска працуе пячонка, ныркі, назапашваюцца шлакі, солі, фармуюцца атруты і гэта ў сваю чаргу дзейнічае на цэнтральную нэрвовую сыстэму, на кару галаўнога мозгу.

У некаторых ужо праз 10 дзён пачынаюцца істотныя пашкоджаньні - гінуць клеткі, якія не аднаўляюцца. Калі галадоўка ідзе трэці тыдзень, то гэта найбольш небясьпечна. Там ужо нічога гарантаваць нельга - калі тады не сілкаваць чалавека параэнтэральна, інакш не дапамагаць яму, ён можа памерці ў любы момант. Досьвед голаду падчас леніградзкай блякады ў гады Вялікай Айчынай вайны паказаў, што людзі паміралі праз тры тыдні-месяц”.

Найбольш вядомай у сьвеце з’яўляецца палітычная галадоўка, якую праводзілі ў 1981 годзе зьняволеныя сябры экстрэмісцкай арганізацыі “Ірлянская рэспубліканская армія”. Пачаў галадоўку Робэрт Сэндз, прычынай акцыі пратэсту сталася тое, што брытанскія ўлады ставіліся да вязьняў ІРА як да тэрарыстаў і крымінальнікаў, самі вязьні лічылі сябе палітычнымі зьняволенымі.

Да галадоўкі Сэндза далучыліся яшчэ некалькі вязьняў. Падчас галадоўкі Сэндз быў нават абраны ў брытанскі парлямэнт , аднак урад Маргарэт Тэтчэр не пайшоў на саступкі галадоўнікам. Робэрт Сэндз памёр за кратамі на 65-ы дзень галадоўкі, пазьней памерлі яшчэ 9 галадоўнікам – сябраў Ірлянскай Рэспубліканскай арміі. У Беларусі самыя працяглыя палітычныя галадоўкі адбыліся летась: 40 дзён галадаваў за кратамі Сяргей Скрабец, 78 дзён – Мікалай Аўтуховіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG