Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праца Гомельскай пракуратуры прызнаная неэфэктыўнай


Радыё Свабода Генэральны пракурор Пётр Міклашевіч сваім загадам прыцягнуў да строгай дысцыплінарнай адказнасьці больш як 10 пракурораў і сьледчых Гомельскай абласной пракуратуры. У ліку пакараных абласны пракурор Алег Палавінка і яго першы намесьнік Уладзімер Сарасека. Пра гэта паведамляе ўправа інфармацыі й грамадзкіх сувязяў Пракуратуры Рэспублікі Беларусь.

Сёньня калегія пракуратуры краіны на сваім паседжаньні прызнала неэфэктыўнай работу Гомельскай абласной пракуратуры ў справе барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю. Абмеркаваньне згаданага пытаньня наўпрост зьвязана з дасьледаваньнем крымінальнай справы ў дачыненьні “марозаўскай” злачыннай групоўкі. Яна беспакарана дзейнічала на тэрыторыі Гомельшчыны і цягам 14 гадоў учыніла больш за сотню цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў.

Паводле высновы пракуратуры краіны, працяглае існаваньне крымінальнай групоўкі сталася магчымым, з аднаго боку, з прычыны бязьдзеяньня праваахоўных органаў Гомельскай вобласьці. Зь іншага, у выніку актыўнага ўдзелу ў злачыннай дзейнасьці асобных супрацоўнікаў міліцыі. У прыватнасьці, Вярхоўны Суд пакараў пяцёх міліцыянтаў, у тым ліку і начальніка крымінальнага вышуку ўправы ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкаму.

У гэтай сытуацыі кіраўніцтва Гомельскай абласной пракуратуры не прымала належных мераў дзеля выкрыцьця наўмысных забойстваў ды іншых цяжкіх злачынстваў. Ня быў забясьпечаны пракурорскі нагляд за апэратыўнымі службамі МУС і КГБ, якія ажыцьцяўляюць барацьбу з арганізаванай злачыннасьцю на Гомельшчыне.

Генпракурор накіраваў таксама міністру ўнутраных спраў і старшыні КГБ прадстаўленьні аб ухіленьні парушэньняў законнасьці пры выяўленьні ды выкараненьні арганізаваных злачынных груповак. Пры гэтым прапанавана прыцягнуць шэраг супрацоўнікаў МУС і КГБ да дысцыплінарнай адказнасьці.
XS
SM
MD
LG