Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<b/>48 дзён працягваецца галадоўка Аляксандра Казуліна


Алег Грузьдзіловіч, Менск У віцебскай калёніі працягвае галадоўку пратэсту былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін. Тым часам усё больш людзей кажуць пра салідарнасьць зь ім, адначасова заклікаючы палітыка спыніць галадоўку.

Тое, што 6 сьнежня Аляксандар Казулін працягваў галадоўку пратэсту, пацьвердзіў Радыё Свабода намесьнік начальніка калёніі “Віцьба-3” Канстанцін Хваль, які ў калёніі адказвае за гаспадарку. Але больш нічога пра Казуліна міліцыянт не паведаміў.

(Хваль: ) “Гэта не да мяне трэба зьвяртацца. Трэба званіць начальніку, нампаліту, намесьніку па рэжыме. А мне гэта не цікава. Мой клопат — піламатэрыялы, швейная вытворчасьць, я ж адказны за гаспадарку. Ці жывы Казулін? Мяркую, што жывы, бо раніцай на плянэрцы пра сьмерць каго зь вязьняў гаворкі не ішло”.

Між тым тэлефоны іншых кіраўнікоў адміністрацыі калёніі 6 сьнежня не адказвалі. Сёньня ня здолела датэлефанавацца да калёніі й дачка Казуліна Юлія. Дзяўчына вельмі непакояцца за бацькава здароўе, а апошнімі днямі і за сваю бабулю — маці Аляксандра Казуліна, Яўгенію Дутко.

(Казуліна: ) “Яна вельмі перажывае за тату, у яе з-за гэтага пагоршылася здароўе”.

Нагадаю, Аляксандар Казулін пратэстуе супраць улады Аляксандра Лукашэнкі і дамагаецца разгляду беларускага пытаньня ў Радзе бясьпекі ААН. За час галадоўкі палітык схуднеў болей як на 26 кіляграмаў. Турэмныя дактары прызнаюць, што здароўя Казуліна штодня пагаршаецца.

У краіне працягваецца кампанія салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным, адначасова людзі заклікаюць палітыка спыніць галадоўку, паколькі “ён патрэбны для змаганьня за дэмакратыю жывы і здаровы”. Сёньня такі зварот распаўсюдзілі сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Як паведамілі ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”, 200 актывістаў апазыцыйных партыяў рыхтуюцца далучыцца да акцыі Казуліна 8 сьнежня, на 50-ты дзень ягонай галадоўкі.

У галадоўцы салідарнасьці з Казуліным удзельнічаюць людзі, ніяк не зьвязаныя з палітычнымі партыямі. Супрацоўніца адной зь менскіх друкарняў Алена Валашко падтрымала Казуліна галадоўкай, пра якую даведалася ў інтэрнэце. Жанчына пратрымалася пяць дзён і не ўяўляе, як стае сілаў Аляксандру Казуліну трымацца ўжо 48 дзён. Алена кажа, што дзякуючы яе галадоўцы пра акцыю Казуліна даведаліся на яе працы.

(Валашко: ) “Пыталіся ў мяне, чаму такая стомленая, ледзь ня падаеш? Я адказвала, чаму галадаю, і людзі пасьля ўведвалі пра галадоўку Казуліна. Увогуле я лічу, што трэба хаця б мітынг салідарнасьці з Казуліным правесьці — каб ведалі, каб меней было абыякавых людзей”.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін знаходзіцца за кратамі з 25 сакавіка. Палітыка асудзілі за хуліганства й арганізацыю акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Сваёй віны Аляксандар Казулін не прызнае й кажа, што яму помсьцяць за крытыку ўлады падчас выбарчай кампаніі.
XS
SM
MD
LG