Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Заіка: “Пазбавіць прэфэрэнцыяў — не азначае ўвесьці санкцыі”


Алесь Дашчынскі, Менск Рабочая група рады Эўразьвязу вырашыла пазбавіць Беларусь тарыфных ільготаў. Яны падаюцца ў рамках генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў. Чакаецца, што да канца месяца рашэньне аб выключэньні Беларусі са сьпісу краін-карыстальніц тарыфнымі льготамі ўхваляць сталыя сябры Эўразьвязу. Як ставяцца да такога разьвіцьця падзеяў у Беларусі?

Прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Папоў назваў пазбаўленьне прэфэрэнцыяў эканамічнымі санкцыямі, якія ўводзяцца з палітычных матываў.

(Папоў: ) “Гэта ўсё ж пытаньне інтэрпрэтацыі з боку нашых эўрапейскіх партнэраў. Бо як бы яны ні намагаліся гэта неяк бюракратычна згуляць, па сутнасьці сваёй, гэта санкцыі. Мы заклікаем Эўрапейскі Зьвяз не сьпяшацца з гэтым рашэньнем, каб яны ўзважылі ўсе “за” і “супраць”. Па-першае, гэта адаб’ецца на інтарэсах Эўрапейскага Зьвязу тут у Беларусі. Гэта будзе вельмі нематываваны ўдар па інтарэсах простых беларусаў”.

Беларусь пазбаўляюць прэфэрэнцыяў з-за парушэньня правоў прафсаюзаў. Ці будуць беларускія ўлады рабіць нейкія захады, каб зьмяніць сытуацыю? На гэта спадар Папоў адказаў:

(Папоў: ) “Ну, гэта пытаньне не да МЗС”.

Эўрапейцы пагражаюць пазбавіць Беларусь прэфэрэнцыяў з 2003 году. Аднак беларускія ўлады не ўспрымалі ўсур’ёз гэтай небясьпекі. Старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай Леанід Козік адносна рашэньня рабочай групы Рады Эўразьвязу сказаў:

(Козік: ) “У мяне яго няма. Я яго нідзе не чытаў і ня бачыў. Таму я ніяк пакуль не магу камэнтаваць”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка назваў пазбаўленьне Беларусі прэфэрэнцыяў старой тэмай:

(Заіка: ) “Пазбавіць прэфэрэнцыяў — не азначае ўвесьці санкцыі. Гэта не азначае нейкіх жорсткіх санкцыяў з боку Эўразьвязу. Гаворка ідзе пра тыя выгоды, якія Беларусь атрымоўвала пры гандлі традыцыйнымі для нас групамі тавараў — тэкстыль, угнаеньні ды іншыя. Таму тут моцнага ўдару ня будзе па беларускім экспарце. Мы прадаем тавараў больш, чым купляем у Эўразьвязе — штомесяц на 428 мільёнаў даляраў . Тут нават маштабы не супастаўныя. Ну, будзе крыху непрыемна. Эўразьвяз вельмі ўважліва й акуратна абыходзіцца зь Беларусьсю”.

Чаму ж афіцыйны Менск занепакоены пагрозай страты прэфэрэнцыяў?

(Заіка: ) “Ну, канечне. Усё пачынаецца паціхеньку. Спачатку адкусяць пальчык адзін, потым другі, потым глядзіш — нагу адрэжуць. Натуральна”.

Намесьнік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Мікалай Канах кажа, што пазбаўленьне прэфэрэнцыяў непараўнальна з санкцыямі адносна рэжыму ў Польшчы часу “Салідарнасьці”. Тады сапраўды была эканамічная блякада й цярпелі людзі. А тут гаворка ідзе аб прэфэрэнцыях, якія можна параўнаць з прэміяй для ўладаў.

(Канах: ) “Прафсаюзы нашы ўсюды зьнішчаюць, парушаюць правы працоўных ствараць свае прафсаюзы, а ім яшчэ з ініцыятывы прафсаюзаў прэмія плаціцца… Гэта не віна прафсаюзаў, гэта віна ўраду, які падпісаў міжнародныя дамовы й не выконвае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG