Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Харэўскі: “Караткевіч як мастак наскрозь іранічны”


Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” (эфір 3 сьнежня).

“Сьвет вачыма Ўладзімера Караткевіча” – так называецца альбом малюнкаў славутага пісьменьніка, выдадзены нядаўна ў Воршы і прэзэнтаваны днямі на традыцыйных Караткевічаўскіх чытаньнях, што ладзяцца ў гэтым горадзе. Пра Караткевіча-мастака мы гаворым з мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскім.

(Скобла: ) “Сяргей, з паўгоду таму мы з вамі гаварылі пры мікрафоне пра Васіля Быкава-мастака. Сёньня нашая тэма — Уладзімер Караткевіч-мастак. Быкаў і Караткевіч — вельмі розныя як пісьменьнікі, а як мастакі?”

(Харэўскі: ) “Быкаў і Караткевіч — зусім розныя творцы. Пэўна ж, і рознага маштабу і ў літаратуры, і ў мастакоўскіх практыкаваньнях. Бо Быкаў, перадусім, усё ж меў мастакоўскую адукацыю. І праз тое вельмі раўніва ставіўся да сваіх ілюстратараў. Ён быў цьвёрда перакананы, што ілюстрацыі толькі замінаюць успрыманьню ягонае літаратуры. Караткевіч жа, наадварот, вельмі жыва рэагаваў на пошукі мастакоў, якія ілюстравалі ягоныя творы. Праз тое ён з многімі й пасябраваў, напрыклад з Арленам Кашкурэвічам, Пятром Драчовым, Яўгенам Куліком ды іншымі. Ён быў сябрам многіх мастакоў і шукаў іх кампаніі. Быкаў жа быў з мастакамі некампанейскі”.

(Скобла: ) “Шмат хто з мастакоў маляваў Караткевіча. Вядомыя ягоныя партрэты, створаныя Міхасём Будавеем, Уладзімерам Стальмашонкам, Арленам Кашкурэвічам. Але ў Караткевіча ёсьць і аўтапартрэты. Які ён, Караткевіч вачыма самога Караткевіча?”

(Харэўскі: ) “Яго аўтапартрэты вельмі розныя і часам нагадваюць аўташаржы. Вось адзін зь іх з аўтарскім подпісам: “Я аўтар кашмарных паэм і санэтаў, мне людзі заплацяць бясьсьмерцем за гэта”. На малюнку Караткевіч сядзіць, закінуўшы ногі на стол... А вось малюнак 1970-х гадоў “Уладзімер Караткевіч у няволі польскай”. Тут ён у форме афіцэра польскіх уланаў. Малюнак выкананы спрактыкаванай рукой, такі рамантызаваны аўтапартрэт. Караткевіч часта маляваў сябе, ён быў вялікі жартаўнік. Відавочна, што ён зь іроніяй ставіўся да самога сябе. Можна сказаць, што як мастак ён наскрозь іранічны. Зрэшты, такая ўжо літаратарская завядзёнка, многія пісьменьнікі малявалі свае аўтапатрэты. Згадайма таго ж Дастаеўскага, Тараса Шаўчэнку, Пушкіна, чый аўтапатрэцік да сёньня ўпрыгожвае маскоўскую “Литературную газету”. Многія літаратары малявалі сябе, пазначаючы сваё месца ў сьвеце і адначасова дэманструючы сваю іроніі ў дачыненьні да самога сябе. Думаю, што гэта зусім ня лішняя якасьць для творцы”.

(Скобла: ) “З кнігі “Сьвет вачыма Ўладзімера Караткевіча” можна даведацца, што пісьменьнік сам распрацоўваў эскізы дэкарацыяў да спэктаклю “Млын на Сініх Вірах”. Ці былі яны скарыстаныя пра пастаноўцы?”

(Харэўскі: ) “Пры жыцьці Караткевіча ставілі дзіўнавата — найперш у правінцыйных тэатрах: у Віцебску, Бабруйску, Горадні. І гэта дазваляла мастакам быць вальнейшымі ад той брутальнай цэнзуры, што панавала ў Менску. Насамрэч, тэатральны даробак Караткевіча вельмі вялікі. Першым быў пастаўлены “Млын на Сініх Вірах”, яшчэ ў 1959 годзе. На жаль, я ня бачыў дэкарацыяў да гэтага спэктаклю, але магу прыпусьціць, што Караткевіч даваў парады мастаку, ён любіў гэта рабіць. Афармленьнем ягоных спэктакаляў займаліся лепшыя на свой час майстры. У віцебскім Беларусім тэатры імя Коласа Аляксандар Салаўёў аформіў спэктаклі паводле твораў Уладзімера Караткевіча “Званы Віцебска” і “Кастусь Каліноўскі”. Яўген Ждан у 1982 годзе афармляў “Калыску чатырох чараўніц”, пазьней — балет “Дзікае паляваньне караля Стаха”. Я ведаю, што Караткевіч шчыльна кантактаваў з Салаўёвым. Мастак Тур у Опэрным тэатры аформіў пастаноўку “Сівой легенды” кампазытара Смольскага паводле аповесьці Караткевіча. Ня дзіва, што й сам Уладзімер Сямёнавіч нешта шкіцаваў сабе, вымысьляючы нейкі паралельны сьвет сцэны. А бадай, і шукаў натхненьня для сябе ў гэтым маляваньні, глыбей пранікаў у вобразы”.

(Скобла: ) “Пад малюнкам Караткевіча “Тыповы беларус з кухлем піва” маецца адсылка да ”Нашай Нівы” 1909 году. Я пацікавіўся: натхніла пісьменьніка зацемка нейкага Паўлюка Гудка зь мястэчка Еўе: “Еўе мае ажно 16 піўных, манапольку і рэстаран. Народ тутэйшы ўжо вельмі ласы да піва. На хвалу літвінам трэба сказаць, што яны п’юць куды меней за нашых беларусоў, каторыя калі маюць трохі грошы, дык зараз жа цягнуць да піўной, як тыя жураўлі на зімаўё”. Як лічыце, ці атрымаўся ў Караткевіча народны тыпаж?”

(Харэўскі: ) “Тут маецца на ўвазе мястэчка, што ляжыць пры дарозе між Вільняю й Коўнам і завецца цяпер па-літоўску Вевіс. Тамака й да сёньня ёсьць велізарная мураваная царква. І палова народу там гаворыць на дзіўнай беларуска-польска-расейскай трасянцы. Але цяпер гэта ўжо сапраўдная Літва. Пэўна, беларусамі там завуцца адзінкі. А на малюнку — то пэўна малады Адам Мальдзіс! Няма сумневу! Тут Караткевіч, відаць намякаў на беларуска-літоўскія карані свайго сябра. Так што гэта, магчыма, і не тыповы беларус, але тыповы Адам Мальдзіс”.

(Скобла: ) “Памятаю, як нядаўна хтосьці называў аўтарам першага беларускага комікса Адама Глёбуса, які зрабіў свой комікс паводле караткевічаўскага “Дзікага паляваньня караля Стаха”. Але, аказваецца, першы комікс стварыў сам Караткевіч — пра гэта сьведчыць ягоны “Аксамітны альбом”. Што гэта за альбом?”

(Харэўскі: ) “Гэта ў літаральным сэнсе альбом для маляваньня, які быў аздоблены чорным аксамітам. У гэтым альбоме Караткевіч замалёўваў сваіх блізкіх на памяць. Наогул жа элемэнты комікса, альбомы зь сюжэтнымі малюнкамі — вельмі беларускі жанр, што сягае ажно ў сярэдзіну ХІХ стагодзьдзя. Згадайце першыя малюнкі да “Шляхціца Завальні”, альбо малюнкі Кукевіча, Бахматовіча, Каменскага. І ў Заходняй Беларусі гэты жанр быў вельмі распаўсюджаны ў беларускім левым друку. Гэта былі такія разгорнутыя коміксы на палітычныя тэмы мастакоў Горыда, Васілеўскага, Драздовіча, Тыбэра... Ня ўпэўнены, што тыя Караткевічавы малюнкі з “Аксамітнага альбому” можна назваць першымі беларускімі коміксамі. Але дакладна магу сказаць, што апошнім насамрэч беларускім арыгінальным коміксам была кніжка “Дзікае паляваньне караля Стаха”, што намалявалі Адам Глёбус і Ўладзімер Сьцяпан. Так што без Караткевіча ў гэтым жанры мастацтва ўсё ж не абышлося”.

(Скобла: ) “Неўзабаве Каляды. Як заўсёды, людзі будуць шукаць беларускіх паштовак, якіх не хапае. Караткевіч, здаецца, таксама адчуваў іх недахоп і маляваў сам. Дарэчы, некаторыя з выдадзеных пазьней паштовак вельмі нагадваюць альбомныя караткевічаўскія. Ці не пакарыстаўся хто з мастакоў ягонымі напрацоўкамі?”

(Харэўскі: ) “Цалкам можа быць, хоць паштоўкі Караткевіча, намаляваныя ў канцы 1950 гадоў, здаецца, пазьней нідзе не рэпрадукаваліся. А калядныя сюжэты вельмі распаўсюджаныя ў беларукім мастацтве. Яны ёсьць у Язэпа Драздовіча, можна згадаць славутыя “Каляды” Міхала Андрыёлі. Тут важна, што Караткевіч зьвярнуўся да калядных сюжэтаў у атэістычны савецкі час, прычым у лісьце да Максіма Танка, які разумеў гэтую алюзію на заходнебеларускую традыцыю. Дай Бог, каб нашыя мастакі, якія распрацоўваюць навагоднія паштоўкі, скарысталіся гэтымі малюнкамі Караткевіча”.

(Скобла: ) “Сяргей, а цяпер давайце адкрыем перад нашымі слухачамі маленькую таямніцу. У свой час вы зрабілі ілюстрацыі да рамана “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” і — панесьлі на паказ аўтару. Як яны былі ўспрынятыя Караткевічам?”

(Харэўскі: ) “Гэта было ў 1982 годзе, мне было пятнаццаць гадоў. Хіба ў такім узросьце можна набрацца нахабства і пайсьці да мэтра дахаты. У мяне быў альбом, у якім я тушам, акварэляй, алоўкам намаляваў ілюстрацыі да “Хрыста…” І Караткевіч вельмі ўважліва і дабразычліва ўглядаўся ў тыя мае малюнкі. Недзе згаджаўся, над нечым пасьміхаўся. Ён катэгарычна не ўспрыняў, як я панамалёўваў станоўчых герояў Юрася Братчыка і Бэн Равуні атлетамі накшталт Шварцнэгера. Асабліва пацешыў яго мой Бэн Равуні. Па задуме аўтара ён меўся быць лядашчым фізычна, але моцным духам. І каб патлумачыць традыцыйнае беларускае стаўленьне да габрэяў, Караткевіч паказаў мне ляльку “Грамацей”. Лялька была на пружынцы, гэткая выява артадаксальнага габрэя з пэйсамі, у рукі якому была ўторкнутая габрэйская газэта. Трэба было піхануць гэтага габрэя, і ён пачынаў хітацца, нібы падчас малітвы. Караткевіч паказаў мне ляльку і кажа — вось які павінен быць габрэй! Чытай больш уважліва!”

(Скобла: ) “Вашыя малюнкі ўсё ж былі першымі ілюстрацыямі да вядомага рамана. Дзе яны цяпер?”

(Харэўскі: ) “Я тады быў дужа зьбянтэжаны і заахвочаны Караткевічам да “больш уважлівага чытаньня”. Закінуў справу ілюстраваньня і малюнкі тыя некуды закінуў. Тым болей, што неўзабаве шыкоўныя ілюстрацыі да “Хрыста…” зрабіў Пятро Драчоў, а пазьней Арлен Кашкурэвіч”.

(Скобла: ) “Каштоўнасьць малюнкаў Караткевіча яшчэ і ў тым, што да некаторых адмыслова былі напісаныя вершаваныя подпісы. А ёсьць малюнкі з разгорнутымі сюжэтамі. Што вас зацікавіла ўжо не як мастацтвазнаўцу, а як прыхільніка пісьменьніка Караткевіча?”

(Харэўскі: ) “Шыкоўныя аўташарж і аўтапародыя Караткевіча ў лісьце да Максіма Танка 1956 году. Тут мы таксама адчуваем цьвёрдую руку малявальшчыка, дарэчы, тады вельмі маладога чалавека. Гэтым разам Караткевіч выявіў талент яшчэ і ў кампазыцыі. Твор мае тры пляны. На першым пляне — барабан, на другім — сам аўтар на ложку, на трэцім пляне — слуцкія ткачыхі і куст бэзу. А побач з аўтарам — пахаваны ў кургане леў. Гэта ўсё алюзіі на канкрэтныя літаратурныя творы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча і самога Танка. Пад малюнкам подпіс: “Калі першым каханьнем гарыць галава, калі горка — кладу я з сабой “Бэзу куст”, “Ткачых” і “Магілу льва”, а ня свой барабанны бой”. Гэтак, напэўна, Караткевіч зарэфлексаваў на крытыку з боку Танка на сваю паэзію, якую на малюнку сымбалізуе разьбіты барабан, разьбіты ўшчэнт крытыкаю мэтра”.

(Скобла: ) “Асобна ў караткевічаўскім мастацкім наробку стаяць ягоныя сяброўскія шаржы. Што можна сказаць пра Караткевіча-шаржыста?”

(Харэўскі: ) “Гэтая частка ягонай творчасьці вельмі хораша характарызуе Караткевіча як асобу, як чалавека датклівага і прыязнага да людзей, якім ён прысьвячаў свае шаржы. Зьвярніце ўвагу — карыкатураў, злой сатыры у яго няма. А найцікавейшы, па мойму, шарж — перафраз вядомага плякату Мора “Ты запісаўся дабравольцам?” Ён у выглядзе шаржу на Міколу Прашковіча, які тыцкае пальцам у гледача і пагрозьліва пытае кожнага: “А ты запісаўся ў беларусы?!!!!!!!!!!!!!!!” Колькасьць клічнікаў паказвае на сур’ёзнасьць пытаньня. Выдатная з мастацкага гледзішча рэч”.

(Скобла: ) “Мяркуючы па творах Караткевіча, ён дасканала ведаў сусьветнае і айчыннае мастацтва. Як ён сам ставіўся да сваіх малюнкаў? Гэта звычайныя для пісьменьніка замалёўкі на палях рукапісаў ці нешта большае?”

(Харэўскі: ) “Бадай што большае. Гэта важкі даважак да творчасьці Караткевіча. Памятаю, падчас сустрэчы мы прагаварылі гадзінаў пяць. Прыгадваю, як мяне ўразіла ягоная мастацкая велізарная эрудыцыя. Ён выдатна ведаў выяўленчае мастацтва, архітэктуру, ён пра многае мне распавёў, пра што я ня мог вычытаць у савецкіх падручніках. Пазьней, калі я пазнаёміўся з дасьледчыкам мастацтва і мастаком Леанідам Дробавым, ён мне расказаў, што найперш дзякуючы Караткевічу ўбачыла сьвет ягоная кніга пра мастакоў 19 стагодзьдзя. Аўтарам кнігі выступае Дробаў, але вялікую частку фактуры яму фактычна падараваў Караткевіч, і рука Караткевіча там пазнаецца зь першых старонак. Як яны дзялілі ганарар — я ня ведаю… Так што тэма “Караткевіч і выяўленчае мастацтва” заслугоўвае пільнага і сур’ёзнага вывучэньня”.
XS
SM
MD
LG