Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Пасакрэтнічаць можна толькі з пракурорам”


Радыё Свабода Агляд некаторых публікацыяў недзяржаўных СМІ за 6-га сьнежня

“Витебский курьер”. Запазычанасьць жыхароў вобласьці за камунальныя паслугі перавышае 8 мільярдаў рублёў. 37 тысяч кватэраздымшчыкаў несвоечасова аплачваюць жытло, прычым паўтары тысячы не плацяць больш за тры гады. У Аршанскім раёне даўгі за камунальныя паслугі мае кожны трэці жыхар, у Віцебскім і Шумілінскім — кожны чацьверты. Сёлета 33 тысячы чалавек атрымалі папярэджаньне аб адключэньні камунальных паслуг. Супраць трох тысяч чалавек камунальнікі падалі судовыя пазовы. Сёлета 39 чалавек ужо былі выселеныя з кватэраў за неаплату камунальных паслуг.

“Бобруйский курьер” працягвае абмеркаваньне: ці варта будаваць Лядовы палац па тэрыторыі помніка архітэктуры – Бабруйскай крэпасьці. Супраць будаўніцтва ўжо выступілі дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ прафэсар Армэн Сардараў і доктар мастацтвазнаўства, прафэсар Надзея Высоцкая. Цяпер супраць выказваецца дэпутат Бабруйскага гарсавету Фёдар Вароніч. Распавядае журналіст Віктар Качан.

(Качан: ) “Крэпасьць трэба аднавіць, так як аднавілі Мірскі замак, правозіць там фэстывалі, турніры, а не будаваць там Лядовы палац. Па-другое, ён удзе на ўскраіне гораду (калі яго там пабудуюць). Напрыклад, жыхарам пятага і шостага мікрараёнаў, дзе пражывае больш за 30 тысяч чалавек, дабірацца будзе вельмі цяжка, ня менш дзьвюх гадзінаў, улічваючы, як у нас гарадзкі транспарт працуе”.

“Вольнае Глыбокае” публікуе нарыс докшыцкай школьніцы Анастасіі Юнцэвіч пра дзеяча беларускай эміграцыі, ураджэнца вёскі Таргуны Докшыцкага раёну Сяргея Карніловіча, які ў 13 год быў вывезены на прымусовыя працы ў Нямеччыну, потым трапіў у ЗША. Распавядае глыбоцкі журналіст Уладзімер Скрабатун.

(Скрабатун: ) “У 1951 годзе Сяргей Карніловіч заснаваў парафію жыровіцкай Божай маці Беларускай аўтакефальнай царквы ў Кліўлендзе. З Кастусём Калошам яны купілі 9 гектараў зямлі ў ваколіцах Кліўленда, хацелі назваць гэта месца Докшыцамі, але назвалі яго Полацак. Увогуле, ён быў сьвядомым беларусам, прапагандаваў беларускую мову, культуру”.

“Пасакрэтнічаць” можна толькі з пракурорам”. “Комсомольская правда” в Белоруссии” даведалася пра таямніцы турэмнай перапіскі. На аднаго цэнзара даводзіцца 300 зьняволеных, ён павінен прагледзець усю перапіску, акрамя скаргаў у ворганы дзяржаўнай улады. Зносіны паміж зьняволенымі забароненыя, як забаронена паведамляць пра падрабязнасьці сваёй справы і справы сукамэрнікаў, выкарыстоўваць шыфроўкі, коды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG