Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі Эўразьвязу – "Для нас гэта будзе катастрофа"


Міхал Стэльмак, Менск 5 сьнежня рабочая група Эўразьвязу большасьцю галасоў прыняла рашэньне выключыць Беларусь з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў. Гэта было зроблена ў сувязі з парушэньнем у Беларусі правоў прафсаюзаў. Чакаецца, што да канца месяца рашэньне пра выключэньне ўхваляць сталыя прадстаўнікі краінаў Эўразьвязу. Наступствам такога разьвіцьця падзеяў маюць стаць шматмільённыя страты для Беларусі. Што думаюць пра гэта гаспадарнікі й прадстаўнікі прафсаюзаў, высьвятляў наш карэспандэнт.

Паводле экспэртаў, страты Беларусі ў выпадку канчатковага рашэньня Эўразьвязу аб прыпыненьні прэфэрэнцыяў складуць ня менш як 300 мільёнаў даляраў. Гэта стане вынікам павелічэньня мытаў на шэраг беларускіх тавараў, якія імпартуе Эўразьвяз. Скасаваньне прэфэрэнцыяў закране, у прыватнасьці, мінэралы, лесаматэрыялы, тэкстыль. У ліку экспарцёраў тэкстыльнай прадукцыі ў краіны ЭЗ менскае прадпрыемства “Сукно”. У прыватнасьці, яно прадае ў Літву й Латвію драп. Да апошняга рашэньня экспэртаў Эўразьвязу на прадпрыемстве ставяцца з трывогай. Супрацоўніца службы маркетынгу Галіна Наўковіч:

(Наўковіч: ) “Прыбалтыка плаціць у сябе ўвазныя мыты. Гэта ў іх як імпарт. Калі павялічаць, то, зусім магчыма, што па цане наша прадукцыя стане даражэйшай і экспарт зьменшыцца”.

Яшчэ больш устрывожаныя рэальнай пагрозай эканамічных санкцыяў з боку Эўразьвязу ў Баранавіцкім вытворчым баваўняным аб’яднаньні. Тут у эўрапейскія краіны пастаўляюць асноўную частку экспарту. Кіраўнік службы маркетынгу Аляксандр Дульчэўскі:

(Дульчэўскі: ) “Для нас гэта будзе катастрофа, бо ў нас 60-80 працэнтаў прадукцыі ідзе на экспарт ў Эўразьвяз. У асноўным гэта баваўняныя тканіны. Іх пастаўляем у такія краіны, як Польшча, Чэхія, Італія, Нямеччына. І калі гэта будзе прынята, то гэта адразу пацягне за сабою павелічэньне цаны”.

Пагроза эканамічных санкцыяў Эўразьвязу справакаваная парушэньнем ўладамі Беларусі правоў незалежных прафсаюзаў. Як ставяцца іх прадстаўнікі да ініцыятывы Брусэлю? Намесьнік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Мікалай Канах:

(Канах: ) “Яно ня радуе. Нам бы, вядома, лепш было б, каб эўрапейская супольнасьць, камісіі Міжнароднай арганізацыі працы дамагліся, каб былі адменены дэкрэты, каб прымусілі выканаць рэкамэндацыі МАП. А калі скасуюць прэфэрэнцыі, то ўсё застанецца на месцы, і дзе гарантыя, што горш ня стане?! Наадварот, будуць казаць, што з-за нас, прафсаюзаў, “мы страцілі зь бюджэту столькі вось грошай”.

Інакш мяркуе лідэр Свабоднага прафсаюзу прадпрыемства “Полацак-Шкловалакно” Віктар Стукаў:

(Стукаў: ) “Ня ведаю, пацерпіць народ ці не, але калі ёсьць такое правіла, то бок ільготы даюцца за выкананьне, то трэба альбо адмяняць гэтае правіла і тады ніяк не рэагаваць альбо, калі ёсьць гэтае правіла, яго трэба выконваць. Нас давялі да стану абмежаванай колькасьці і не даюць гарантыі дзейнасьці прафсаюзу на прадпрыемстве, не заключаюць калектыўную дамову”.
XS
SM
MD
LG