Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Расея дагэтуль ня могуць падпісаць дамову аб рэадмісіі


Радыё Свабода Адсутнасьць дамовы аб рэадмісіі з Расеяй шкодзіць перасоўваньню беларусаў па Эўропе. Гэта адна з тэмаў, якія абмяркоўваліся ўчора на сэмінары, прысьвечаным міграцыйнай палітыцы Беларусі і Расеі.

Намесьнік кіраўніка консульскага ўпраўленьня Міністэрства замежных спраў Беларусі Сяргей Бобаў падкрэсьліў, што акрамя легальнай міграцыі існуе і нелегальная:

(Бобаў: ) "Гэта праблема ў беларуска-расейскіх дачыненьнях. Падпісаньне двухбаковага пагадненьня аб рэадмісіі, гэта значыць прыёме і перадачы затрыманых на тэрыторыі дзяржавы, "кульгае" яшчэ з 1999 году. І пакуль пэрспэктывы яго падпісаньня даволі няпэўныя. Гэта выцякае з розных падыходаў -- нашых і расейскіх партнэраў -- у вызначэньні статусу "нелегальнага мігранта", а таксама аб''ектыўнымі ўмовамі "незакрытасьці" мяжы".

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў цьвердзіць, што нелегальныя мігранты зьяўляюцца ў Беларусі праз Расею і рухаюцца далей на Захад:

(Фёдараў: ) "Да нас яны могуць патрапіць толькі з Расеі. І вельмі важна пазбавіцца ад іх, бо іх утрыманьне каштуе вельмі дорага. Калі ёсьць пагадненьне аб рэадмісіі, дык вызначаны і адпаведныя ўмовы, на якіх адбываецца вяртаньне нелегалаў. А калі пагадненьня няма, дык мы павінны ўтрымліваць іх на сваёй тэрыторыі. І вярнуць як быццам права не маем".

Старшыня камісіі ў міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Савета Рэспублікі Мікалай Чаргінец, які ўдзельнічаў у сэмінары, таксама прызнаў праблему мігрантаў і прывёў некалькі красамоўных лічбаў:

(Чаргінец: ) "Больш жорсткая міграцыйная палітыка эўрапейскіх краін прыводзіць да таго, што нелегалы, якія не змаглі прабрацца на Захад, асядаюць у Беларусі. У месцах іх канцэнтрацыі абвастраецца крымінагеннае становішча. Яны займаюцца незаконным гандлем, удзельнічаюць у абароце наркотыкаў, зброі... Сёлета за першыя шэсьць месяцаў замежныя грамадзяне зрабілі 1014 крымінальных злачынстваў, прынамсі 20 забойстваў".

Андрэй Фёдараў гаворыць, што ўсё гэта шкодзіць больш свабоднаму перасоўваньню беларусаў па Эўропе:

(Фёдараў: ) "Гэта значна ўскладняе нашы візавыя адносіны з Эўропай. Калі б у нас была нармальная дзяржаўная мяжа з Расеяй, калі б было падпісана пагадненьне аб рэадмісіі, дык для беларусаў быў бы значна спрошчаны візавы рэжым з Эўропай. Заходнія краіны баяцца, што, калі яны спросьцяць умовы для беларусаў, дык нелегальныя мігранты, якія трапяць да нас праз Расею, таксама будуць атрымліваць такія спрошчаныя візы".
XS
SM
MD
LG