Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Люстэрка дня" – пошукі паміж ног і вальдшнэп


Радыё Свабода

Артур Фінькевіч адбывае пакараньне папраўчымі работамі ў Магілёве за графіці палітычнага зьместу ў часе выбарчай кампаніі. Ён распавёў пра ўчорашні выпадак, які яму запомніцца на ўсё жыцьцё.

(Фінькевіч:) “За маё жыцьцё я шмат вясёлых момантаў бачыў і чуў пра іх, але мяне больш за ўсё ўразіў сёньняшні выпадак. Мяне ўпершыню ў маім жыцьці прымусілі зьняць майткі і фактычна мэтанакіравана шукалі ў мяне паміж ног тэлефон і алькагольныя вырабы. Пры гэтым казалі, што насамрэч ён павінен быць у мяне на дадзены момант. Прыкол, які я, напэўна, запомню на ўсё сваё жыцьцё. Такога нават і блізка не было на Валадарцы ці на і-вэ-эсе [ізалятар часовага ўтрыманьня]. Там папросту праводзілі мэталашукальнікам, а тут… Сэржант, відаць, такім чынам хацеў выслужыцца перад сваім кіраўніцтвам. Безумоўна, у мяне там, канешне, нічога не знайшлі і не маглі знайсьці. Таму што я шчыра і адкрыта паступаю, калі ў мяне няма забароненых рэчаў, то я так і кажу, што ў мяне іх няма. Да мэдычных працэдураў, як у спадара Статкевіча, у мяне пакуль яшчэ не даходзіла, але я не выключаю такіх момантаў, што могуць і мяне ў хуткім часе завезьці”.

Руслан Быкаў, дызайнер рэклямнай агенцыі:

“Нечаканае здарэньне са мной адыблося шэраговым працоўным днём. Мы вярталіся з сябрам з абедзеннага перапынку, добра пад’еўшы ў сталоўцы ГУМа. І акурат пасярод дарогі, на перакрыжаваньні праспэкту з вуліцай Леніна бачым дзіўную птушку – было адразу бачна, што яна не гарадзкая . З доўгаю дзюбай, меншая за качку, але большая за голуба. І колерам – прыкладна як качка. Яна не магла лятаць, толькі трохі падскоквала – было відавочна, што ёй блага. Мы прынесьлі яе ў офіс, сфатаграфавалі, я знайшоў у Інтэрнэце сайт Арганізацыі Аховы птушак Беларусі і даслаў ім ліст і фотаздымкі, – маўляў, хто гэта і што рабіць… Аказалася, гэта вальдшнэп. І што ён ляцеў на зімоўку ў Францыю. Але вельмі моцная ілюмінацыя Менску блытае птушак – начное асьвятленьне горада яны прынялі за сонца. Ну, і мне параілі папросту выпусьціць яе ў лесе на волю – праз пару дзён яна будзе здольная паўтарыць спробу пералёту. Я прывёз яе дадому, у раён Уручча, там і лес паблізу… Пакуль дэманстраваў яе сваёй дачцы, дык яна ўжо і лётаць пачала, што было нечакана… Выглядала, што яна ўжо прыйшла ў норму. А ранкам я яе прынёс у лес – і яна паляцела”.
XS
SM
MD
LG