Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандар Казулін адмаўляецца спыніць галадоўку (абноўлены)


Алег Грузьдзіловіч, Менск Беспасьпяхова закончылася спроба Ірыны Казулінай падчас сустрэчы з мужам у калёніі ўгаварыць яго спыніць галадоўку. Зьняволены палітык галадае ўжо 47 дзён.

Сустрэча Ірыны Казулінай з мужам доўжылася каля трыццаці хвілін. Ірына кажа, што Аляксандар Казулін моцна схуднеў, але трымаецца бадзёра. На просьбу спыніць галадоўку палітык адказаў адмовай — ён лічыць, што асноўныя ягоныя патрабаваньні ня выкананыя.

Аляксандар Казулін па-ранейшаму дамагаецца, каб адна з краінаў “вялікай васьмёркі” паставіла на разгляд у Радзе бясьпекі ААН беларускае пытаньне. Другім патрабаваньнем ёсьць зварот у ААН Палітычнай рады дэмакратычных сілаў Беларусі адносна парушэньня правоў чалавека ў краіне. Палітык дамагаецца, каб Палітычная рада зьвярнулася й да прэм’ера Сідорскага з прапановай узяць у свае рукі ўладу. Паводле Ірыны Казулінай, яе муж мяркуе, што гэта ўсё выканальна.

(Казуліна: ) “Ён нагадаў, што свае патрабаваньні выставіў яшчэ 20 верасьня, сёньня ўжо сьнежань. Я яму тлумачыла наконт амбасадараў з краінаў Эўразьвязу — што, магчыма, у іх ёсьць нейкія цяжкасьці. Ён адказаў, што разумее, што разгляд беларускага пытаньня ня можа адбыцца дакладна заўтра. Але, на ягоную думку, рэальна хаця б заявіць пра намер гэта зрабіць. Ён ня лічыць, што гэта невыканальнае патрабаваньне, і не разумее, чаму гэтага ня робяць”.

Ірына Казуліна зрабіла выснову, што адміністрацыя калёніі зацікаўленая ў тым, каб сытуацыя з галадоўкай Аляксандра Казуліна хутка разьвязалася. Паводле яе, мужу прапанавалі па заканчэньні галадоўкі лекавацца ў рэспубліканскім турэмным шпіталі, але ад гэтай прапановы Аляксандар Казулін адмовіўся. “Як чалавек моцны, ён лічыць, што сам справіцца з галадоўкай”, — кажа Ірына Казуліна.

У Віцебск разам з Ірынай Казулінай езьдзіў былы дэпутат Сяргей Скрабец, які яшчэ тры тыдні таму ў калёніі “Віцьба-3” галадаў разам з Аляксандрам Казуліным. Сёньня на спатканьне з Казуліным Скрабца не пусьцілі. Аднак яму ўдалося пагутарыць з супрацоўнікамі адміністрацыі пра тое, як бавіць час ягоны сябра. Сяргею Скрабцу апавялі, што Аляксандар Казулін шмат шпацыруе, чытае, наведвае душ.

(Скрабец: ) “Сёньня раніцай ён прыняў душ і нават наведаў турэмную цырульню. Рыхтаваўся да сустрэчы з жонкай, бо пачуў па Радыё Свабода, што яна прыедзе”.

Сёньня ідзе 47-мы дзень галадоўкі Аляксандра Казуліна. Паводле турэмных дактароў, за час галадоўкі палітык схуднеў на 26 кіляграмаў. Дактары адзначаюць, што ў Казуліна небясьпечна зьнізіўся ціск і тэмпэратура цела.

Нагадаем, экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін асуджаны на пяць з паловай гадоў зьняволеньня за хуліганства й арганізацыю вулічных беспарадкаў. Вінаватым сябе Казулін не прызнае й тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі.
XS
SM
MD
LG