Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ім нічога не заставалася, як абвесьціць галадоўку"


Радыё Свабода Пяты дзень працягваецца галадоўка каталікоў у Горадні. Разам з ксяндзом Аляксандрам Шэметам іх сямнаццаць чалавек. Яны патрабуюць ад уладаў дазволу пабудаваць касьцёл. У гарадзенскім Катэдральным касьцёле ўдзень адбылася імша, на якой гаварылася аб галадоўніках. Як парафіяне Катэдральнага касьцёлу ставяцца да галадоўкі ў капліцы Маці Божай Вастрабрамскай на вуліцы Рэпіна?

(Ксёндз: ) “Маўчаць пра тое, што да касьцёлу сёньня несправядліва ставяцца — няможна. Гэта было б грахом. Ня бойцеся, мы з вамі… Памолімся зараз за тых людзей, якія галадаюць”.

(Карэспандэнт: ) “Цяпер была імша у касьцёле ў падтрымку тых людзей, што галадаюць на вуліцы Рэпіна. Ці падтрымліваеце іх? Ці будзе плён ад галадоўкі?”

(Пажылы спадар: ) “Добра робяць яны, трэба ў Бога верыць, трэба верыць”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што Бог усё знае і ўсё бачыць, няхай будзе Божая воля”.

(Сталы спадар: ) “А ці ёсьць у іх праект? У газэце, у “Гродзенскай праўдзе”, было напісана, што ў іх нібыта дакумэнты ўсе не сабраныя, тады я ня ведаю”.

(Спадарыня: ) “Людзі дзесяць гадоў хадзілі ў гарвыканкам, у аблвыканкам, каб дамагчыся дазволу на пабудову касьцёлу. Ім нічога не заставалася, як зьвярнуцца да скрайняй меры — аб’явіць галадоўку”.

(Яе сяброўка: ) “Я веру ў іх і падтрымліваю”.

(Спадарыня: ) “Мы да іх далучымся ў пятніцу — хаця б на некалькі дзён”.

(Пажылая спадарыня: ) “Так, пакуль не даможамся свайго”.

(Сталая спадарыня: ) “Вось гавораць: вольнасьць, свабода. Але якая тут у нас свабода, калі ня маеш ні на што права? Гэта што — нельга даць крыху зямлі на касьцёл?! Гэта ж нават перад іншымі краінамі сорамна. Трэба ж, каб у нас было як у Эўропе: свабода, незалежнасьць, каб чалавек быў вольны, а тут дзе ні возьмеш — паўсюль нявольны”.

(Дзяўчына: ) “Я ведаю пра галадоўку, яшчэ ў нядзелю пра яе ў касьцёле нашым гаварылі. Я лічу, што гэтыя людзі правільна робяць, бо нельга забараняць будаваць сьвятыні”.

(Яе сяброўка: ) “Увогуле, гэта іхная асабістая справа. Маё суб’ектыўнае меркаваньне такое: калі яны спрабавалі іншымі шляхамі дабіцца свайго й гэта не атрымалася, тады ім нічога іншага не засталося, як галадаць. Хаця я асабіста такіх мэтадаў не прымаю”.

(Дзяўчына: ) “Калі людзі галадаюць, у іх ёсьць канкрэтная мэта, і калі зь імі разам галадае ксёндз, то я думаю, што гэтая галадоўка мае значэньне. І мне здаецца, што ўлады прыслухаюцца да гэтых людзей”.

Сёньня галадоўнікаў наведаў старшыня Савету ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Ігар Папоў, ён прывез ліст, падпісаны намесьнікам старшыні гарвыканкаму Анатолем Кунашам. У ім гаварылася, што вернікі могуць зьбіраць дакумэнты, патрэбныя для атрыманьня дазволу на праектаваньне й будаўніцтва храму. Ксёндз Аляксандар Шэмет адмовіўся браць ліст, паколькі ён быў прызначаны не сьвятару, а кіраўніку касьцельнага камітэту. Айцец Аляксандар мяркуе, што ўлады павінны зьвяртацца ў такіх справах да біскупа і сьвятароў, а не да парафіянаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG