Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельшчына: 10-15% кандыдатаў ад апазыцыі не сабралі подпісы (абноўлены)


Радыё Свабода На Гомельшчыне на этапе вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў дэмакратычныя партыі страцілі каля 10—15% патэнцыйных кандыдатаў на дэпутацкі мандат.

Кіраўнік абласной суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сябра кааліцыі Васіль Палякоў лічыць, што галоўная прычына таго, што патэнцыйныя дэмакратычныя кандыдаты не прайшлі нават першы этап кампаніі — адсутнасьць матывацыі ўдзелу ў выбарах.

(Палякоў: ) “На першым этапе згублена каля 10—15% кандыдатаў. Галоўная прычына ў тым, што адсутнічае матывацыя. Выбары ў нас не зьяўляюцца выбарамі. Таму ў людзей няма вялікага жаданьня ўдзельнічаць у гэтым працэсе”.

Некаторыя суполкі прынцыпова ня сталі вылучаць сваіх прадстаўнікоў на мясцовыя выбары. Гаворыць старшыня Рагачоўскай раённай суполкі АГП Віктар Жылінскі:

(Жылінскі: ) “Мы ня хочам сваім удзелам у гэтых выбарах даваць ім легітымізацыю. Людзі збоку зразумеюць так: калі дэмакраты пайшлі на выбары, яны ўскосна іх прызнаюць. Мы на паседжаньні кааліцыі ў Рагачове менавіта й прынялі такую пастанову: не надаваць сваім удзелам легітымнасьці гэтым выбарам”.

У асяродку Партыі камуністаў Беларускай некаторыя актывісты адмовіліся зьбіраць подпісы — бо адміністрацыя папярэджвала, што можна згубіць працу.

Як сьцьвярджае лідэр абласной суполкі ПКБ Уладзімер Сякерка, з гэтай прычыны подпісы дзеля вылучэньня кандыдатамі ў дэпутаты ня сталі зьбіраць ў Гомелі, Калінкавічах, Буда-Кашалёўскім і Петрыкаўскім раёнах восем сябраў партыі.

Асобныя актывісты дэмакратычных партыяў, найперш з сацыял-дэмакратычнай “Грамады”, не змаглі зарэгістраваць ініцыятыўных групаў з-за тэхнічных памылак. Іншыя наагул ня здолелі сабраць патрэбнай колькасьці подпісаў.

Толькі адзінкі дэмакратычных прадстаўнікоў вылучаныя кандыдатамі ў дэпутаты непасрэдна ад партыяў. У выбарчых акругах проста няма партыйных структураў, як патрабуе беларускае заканадаўства для вылучэньня там кандыдатаў ад партыяў.

Урэшце больш як на 4 тысячы мандатаў дэпутатаў мясцовых саветаў у рэгіёне прэтэндуюць толькі каля ста дэмакратычных актывістаў.

Выбары на Гомельшчыне наагул будуць праходзіць без канкурэнцыі. Гэтак будзе найперш у сельскіх, пасялковых і раённых саветах, дзе ў акругах, паводле зьвестак абласной выбарчай камісіі, на дэпутацкія мандаты прэтэндуе 1 ці 1,1 прэтэндэнта.

У Гомельскі гарсавет на 40 дэпутацкіх месцаў вылучыліся 97 чалавек.

У аблсавет на 60 мандатаў прэтэндуюць 108 вылучэнцаў.
XS
SM
MD
LG