Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мікракрэдыт як пэрсанальны спосаб дапамогі


Ганна Соўсь, Прага Cёлета Нобэлеўскую прэмію міра атрымаў вынаходнік мікрафінансаваньня Мохамэд Юнус з Бангладэшу за ўнёсак у барацьбу з галечай і разьвіцьцё прыватнага прадпрымальніцтва. Канцэпцыя мікракрэдытаў становіцца ўсё больш папулярнай у сьвеце. Група фінансістаў дае магчымасьць звычайным грамадзянам выкарыстоўваць свае банкаўскія карткі для невялікіх пазыкаў дробным бізнэсоўцаў у разьвіваных краінах. Такім чынам мікракрэдыт становіцца вельмі пэрсанальным спосабам дапамогі.

Уявіце сытуацыю. Жыхар Уганды хоча пабудаваць навес, каб мець магчымасьці прадаваць вугаль, нават калі ідзе дождж. Амэрыканка чытае ягоную гісторыю і бачыць фота ў інтэрнэце. Яму патрэбныя для гэтага 500 даляраў, і жанчына праз сваю банкаўскую картку пазычае 100 даляраў.

Такая схема паўтараецца сотні разоў на дзень, дзякуючы он-лайн дзейнасьці кампаніі KIVA, створанай Джэсікай і Мэтам Флэнары. Некалькі гадоў таму Джэсіка працавала бізнэс-кансультанткай ва Усходняй Афрыцы. Нядаўна яна пабралася шлюбам з Мэтам Флэнары, інжынэрам-кампутаршчыкам з Каліфорніі. Паколькі маладажоны раней кантактавалі пераважна праз тэлефон, то ў іх з’явілася жаданьне зблізіць два сьветы -- Усходнюю Афрыку і Злучаныя Штаты.

Джэсіка сустракала ў Афрыцы сотні людзей, якія мелі патрэбу ў невялікіх грошах, каб пачаць альбо палепшыць свой бізнэс. Мэт меў шмат сяброў, якія з задавальненьнем маглі б пазычыць афрыканцам патрэбныя ім грошы.

Такім чынам з’явіўся іхні некамэрцыйны вэб-сайт www. KIVA.org. Зь ягонай дапамогай былі створаныя больш за 2 тысячы бізнэсаў, і пазыкі атрымалі больш чым мільён прадпрымальнікаў у разьвіваных краінах сьвету. Большасьць людзей, якія пазычаюць грошы, жывуць ў Заходняй Эўропе і ЗША. Пакуль усе пазыкі вярталіся. І гэтыя грошы найчасьцей паўторна інвэстуюцца ў нейкі бізнэс.

Вэб-сайт KIVA – гэта сапраўдная бібліятэка дробных бізнэсоўцаў ва ўсім сьвеце. Зараз кампанія разьвівае новы кірунак – пры дапамозе кампаніяў NOKIA и Microsoft мясцовыя прадстаўнікі могуць дасылаць SМS і фота непасрэдна на сайт KIVA.

(Флэнары: ) "Мабільныя тэлефоны працуюць добра ў большасьці месцаў, і найчасьцей яны працуюць нашмат лепей за інтэрнэт. Такім чынам мы далі сотавыя тэлефоны нашым прадстаўнікам ва Угандзе. Яны робяць фота, пішуць тэкст і адпраўляюць праз SMS усё гэта на наш вэб-сайт, і гэтыя паведамленьні адразу могуць пабачыць нашы крэдыторы”.

Што да прыбытку ад мікракрэдытаў, то адзінае, што атрымліваюць інвэстары KIVA , гэта эмацыянальнае задавальненьне ад таго, што яны дапамаглі людзям зьмяніць іх жыцьцё да лепшага.
XS
SM
MD
LG