Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч вылучыў А.Казуліна на прэмію Эналса


Радыё Свабода Сёньня старшыня Палітрады аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч прапанаваў вылучыць Аляксандра Казуліна на прэмію Марціна Эналса, першага Генэральнага сакратара міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International.

Прэмія Эналса з’яўляецца адной з галоўных узнагародаў за правы чалавека. Паводле правілаў, ляўрэатамі прэміі робяцца людзі, якія зьяўляюцца "сымбалямі барацьбы за правы чалавека ў краінах, дзе абарона правоў чалавека і дэмакратыі прадстаўляе сабой небясьпечны від дзейнасьці". На думку Аляксандра Мілінкевіча, “мужнасьць і рашучасьць Аляксандра Казуліна ў барацьбе за свае правы выклікае захапленьне. Яго галадоўка сёньня зьяўляецца сымбалем імкненьня ўсіх беларусаў жыць у свабоднай дэмакратычнай краіне. Пра яе павінен ведаць увесь сьвет”. Паводле Мілінкевіча, "гэта ўзнагарода перш за ўсё стане магутным міжнародным патрабаваньнем да рэжыму ў Беларусі – пачаць вызваленьне палітзьняволенных”.

Прэмія Марціна Эналса зьяўляецца супольнай акцыяй адзінаццаці вядучых праваабарончых арганізацый сьвету. У склад журы Прэміі ўваходзяць прадстаўнікі "Міжнароднай амністыі" (Amnesty International), "Хьюман Райтс Вотч" (Human Rights Watch), "Хьюман Райтс Фэрст" (Human Rights First), Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, Сусьветнай арганізацыі супраць катаваньняў, "Франт лайн" (Front Line), Міжнароднай камісіі юрыстаў, "Дыяконі-Германія" (German Diakonie), Міжнароднай службы правоў чалавека (International Service for Human Rights), "Інтэрнэшнл Алерт" (International Alert ) і арганізацыі "Сыстэм інфармацыі і дакумэнтацыі па правах чалавека" (HURIDOCS).
XS
SM
MD
LG