Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйныя камуністы пачынаюць байкот выбараў


Радыё Свабода Сёньня ў Беларусі пачынаецца новы этап выбарчай кампаніі — рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. У адпаведнасьці з Выбарчым кодэксам, працэдура будзе доўжыцца ад 5 да 14 сьнежня. Тым часам вылучэнцы Партыі камуністаў беларускай (ПКБ) ужо на гэтым этапе пачынаюць байкот выбараў.

Старшыня ПКБ Сяргей Калякін сёньня ў інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што вылучэнцы ад партыі пачынаюць адклікаць свае дакумэнты з выбарчых камісіяў.

(Калякін: ) “Ёсьць рэкамэндацыя зьезду ПКБ на тое, што людзі здымуць свае кандыдатуры. Сёньня і заўтра. Я мяркую, што дні тры будзе працэс доўжыцца. Калі мы давядзем да грамадзянаў, што адбываецца, то яны зразумеюць, што гэта ня выбары — калі ўдзельнічаюць толькі прадстаўнікі ўлады і ім няма альтэрнатывы. Людзі будуць думаць, ці варта ўвогуле браць удзел у гэтых выбарах”.

Са словаў Сяргей Калякіна, у ПКБ на сёньня амаль дзьвесьце вылучэнцаў. Разам, як адзначыў лідэр партыі, яны сабралі больш за 70 тысяч подпісаў у сваю падтрымку. Да прыкладу, жыхар Гомелю Ўладзімер Сякерка сабраў 300 подпісаў. Сёньня, аднак, ён адклікае гэты сьпіс з выбарчай акругі. У заяве Ўладзімер Сякерка тлумачыць прычыну так:

(Сякерка: ) “Па-першае, не ўключылі ніводнага нашага прадстаўніка ў выбарчыя камісіі. Тым самым улада мае намер пэўным чынам фальшаваць выбары. Ну і тут жа прагучала прызнаньне галоўнага нашага чыноўніка, што апошнія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі былі сфальшаваныя. Таму ўдзельнічаць у гэтым спэктаклі й хлусіць сваім выбарцам я ня маю намеру”.

І таксама сёньня стала вядомая першая афіцыйная рэакцыя на дзеяньні вылучэнцаў ПКБ. Вось што заявіў у інтэрвію Радыё Свабода сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) “Арганізаваную такую акцыю не магу зразумець. Значыць, яны назапашвалі факты, што “нас дзесьці прыціскаюць”, хаця ніякага ўціску няма”.

Для вядучага: Так выказваецца Мікалай Лазавік. Сёньня ў інтэрвію Радыё Свабода ён заявіў, што пакуль ня мае зьвестак пра парушэньні пры здаваньні дакумэнтаў у выбаркамы для рэгістрацыі кандыдатаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG