Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць пра сучасную моладзь менчукі сталага веку?


Радыё Свабода Як вы ставіцеся да беларускай моладзі? Гэтае пытаньне людзям на вуліцах Менску задавала карэспандэнтка Свабоды.

(Спадар: ) “Добрая моладзь, добрая. Бо маладыя, думаюць пра жыцьцё, глядзяць у будучыню. Здароўя ім і шчасьця”.

(Спадарыня: ) “Яны больш пісьменныя, больш прагрэсіўныя. У іх сьмелыя думкі, ідэі, больш жаданьняў, чым у нас было. Так што тыя, хто вакол мяне, цалкам станоўчая моладзь”.

(Спадар: ) “Ад выхаваньня залежыць і ад саміх маладых людзей таксама. Раней, пэўна, была лепшая моладзь, чым цяпер”.

(Спадарыня: ) “Едзеш, да прыкладу, у мэтро — і абвяшчаюць, каб саступалі месца старэйшым людзям. Некаторых сумленьне замучае і саступяць, а іншыя сядзяць нахабна, і ўсё”.

(Спадар: ) “Традыцыі згубленыя, канечне. Моладзь 1960—1970-х гадоў была не такая, як цяпер. Цяпер, канечне, час іншы, каштоўнасьці зусім іншыя”.

(Спадарыня: ) “Мне здаецца, што моладзь ня вельмі актыўная. Ня вельмі актыўная, бо пляшка — і пайшоў. І ўсё”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да сучаснай беларускай моладзі?”

(Спадарыня: ) “Іншая, чым мы былі, але вельмі шмат маладых людзей, якія вельмі самастойныя, чым некалі ў мой час моладзь. І ўвогуле, вельмі шмат прыстойных маладых людзей. У мяне няма такога меркаваньня, як у старых, што ў наш час усё было вельмі добра, а цяпер усё вельмі кепска. Я рада за нашую моладзь”.

(Спадар: ) “Вельмі разбэшчаная цяперашняя моладзь. Піва п’юць, пляшкі б’юць, ня хочуць працаваць і толькі піва, піва і піва. Трэба ўвогуле забараніць, каб Лукашэнка прадаваў піва. Яны п’юць і дурэюць ад гэтага піва. Вельмі кепская ў нас моладзь”.

(Спадарыня: ) “Я моладзь люблю і паважаю. Гэта нашы дзеці. Многія размаўляюць па-беларуску, і гэта вельмі прыемна чуць. Малайцы: разумнікі, вучацца, стараюцца. Я люблю зь імі кантактаваць — і яны са мной. Таму я яшчэ маладая душой, і мне падаецца, што нашая моладзь цудоўная”.

(Спадарыня: ) “Бывае розная моладзь: бывая добрая й бывае дрэнная, як і ў наш час. Ёсьць ветлівыя, вучацца, не бадзяюцца. Ну, а тое, што кураць, п’юць, дык гэта ўлада вінаватая. Мне вельмі не падабаецца, што па тэлевізары сэкс паказваюць. Яны ж з гэтага вучацца, дык чаго тады хацець?”
XS
SM
MD
LG