Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астрына: “Каб выжыць тут, толькі на астрынцаў разьлічваць нельга!”


Віталь Сямашка, Астрына, Шчучынскі раён З Астрына, што ў Шчучынскім раёне, спачатку я вяртаўся разгублены — настолькі ўзаемавыключальныя былі погляды маіх суразмоўцаў на сытуацыю ў пасёлку. Зрэшты, доза пэсымізму ці аптымізму залежала ад сацыяльнага статусу таго, з кім гаварыў. Так што рознасьць меркаваньняў, бадай, дапаможа стварыць аб’ектыўную карціну.

Зь першай карэннай астрынкай я сустрэўся за 14 кілямэтраў ад малой радзімы, у вёсцы Новы Двор, дзе яна працуе настаўніцай. Але 24-гадовая Сьвятлана Рыжкевіч кажа, што рвецца дахаты.

(Рыжкевіч: ) “Калі была ў школе, быў мёртвы гарадок. А цяпер разьвіваецца. Шмат бізнэсоўцаў з крамамі прыватнымі. Усе вёскі да нас за прадуктамі — якасьць палепшылася. Цётку перанесьлі на падворак да школы — а так ля пошты ніхто яе ня бачыў. Працаваць у Астрыне — у ПМК, школе, бальніцы, калгас ёсьць”.

У даведніку “Малыя гарады Беларусі”, што й цяпер прадаюць у кнігарнях, гаворыцца яшчэ пра дрэваперапрацоўчы ды кахляны завод. Адразу высьвятляю, што і той, і другі даўно збанкрутавалі й зачыненыя. А наконт помніка Цётцы — чыстая праўда. У школе ў чаканьні загадчыцы музэю разгаварыўся з прыбіральшчыцай Тацянай Язэпчык ды гардэробшчыцай Верай Юхневіч.

(Спадарыні: ) “Пякарню закрылі, у бальніцы ложкі прыбіраюць і прыбіраюць… Раней тут быў лепшы санаторый — з Масквы прыяжджалі, бо ёсьць возера, крыніцы… Жанчыне наагул няма дзе ўладкавацца, нават з тае анучай. Затое прыёмных сем’яў надта шмат — бяруць зь дзіцячых дамоў два-тры, а тое й чатыры дзіцяці. І стаж, і заробак ідуць — выгадней чужых, чым сваіх заводзіць!”

У самой школе колькасьць навучэнцаў скарацілася за апошняе пяцігодзьдзе з 600 да 420. Імя Цёткі школа атрымала амаль паўстагодзьдзя таму. А вось і сёньняшняя захавальніца спадчыны паэткі ды рэвалюцыянэркі — настаўніца беларускай мовы, таксама паэтка — Ала Балобан. Ідзем ля стэндаў.



(Балобан: ) “Я заўсёды дзецям кажу, што калі бацька мае шмат грошай, цяперашняе пакаленьне імкнецца гэта выкарыстаць. А яна спакойна б жыла, бо “люблю я ўраганы, бо я ў буры чую рай… Думаць усюды аб народзе, родны край паўсюды сьніць”. Яе сяброўка ўспамінае, што мусіла сказаць Цётцы, што будзе сход. А яна была хворая, і тая падумала, што хай паляжыць. А пасьля на сходзе ўбачыла Цётку, якая нейкім чынам даведалася й прыйшла, не зважаючы на здароўе. Была на сходах, мітынгах, яе вершы распаўсюджваліся як праклямацыі”.

(Карэспандэнт: ) “Ала, сёньня, калі многія прадстаўнікі апазыцыі вагаюцца, ісьці ці не ісьці на выбары, відаць, каб была жывая Цётка, не раздумвала б?”

(Балобан: ) “Канечне, Цётка ўдзельнічала б. Для яе найперш было жыцьцё народу свайго”.

(Карэспандэнт: ) “А сама чаго ад мясцовай улады чакаеш?”

Спадарыня Ала раптам замахала рукамі й папрасіла выключыць мікрафон: маўляў, падобныя пытаньні да Ганны. 50-гадовая Ганна Сьцяпанічэнка — асоба, якую ў Астрына не абмінуць. Найвядомейшая тут беларускамоўная паэтка, краязнаўца з дваццацігадовым стажам, што пры бібліятэцы стварыла моладзевы клюб “Спадчына” і… старшыня пасялковага выбаркаму ды кандыдат у мясцовыя дэпутаты ад улады.

(Сьцяпанічэнка: ) “Дэмакраты думаюць пра нашых людзей вельмі добра. А беларусы баязьлівыя да зьменаў, і таму такое жыцьцё іх задавальняе. Сьмешна, калі пасьля выбараў жанчына падыходзіць да мяне — во фальсыфікацыя… Усе будуць беспартыйныя сярод кандыдатаў — я бачыла ўсе гэтыя сьпісы”.

Настрой большасьці тутэйшых Ганна апісвае так:

(Сьцяпанічэнка: ) “Я ў першую чаргу спадзяюся на людзей, а не на палітыку. І калі чуем пра ўсё з усіх бакоў, кажам: божа, як гэтыя гарадзкія надакучылі, як ім няма чаго рабіць! (Сьмяецца.) Каб іх у нашае жыцьцё, калі я занятая з ног да галавы цэлы дзень — мне няма калі пра гэта думаць. Я ведаю, што ў мяне чацьвёра дзяцей. Мне трэба, каб яны жылі ня горш за астатніх, каб былі здаровыя, каб ня думала, чым іх пакарміць”.



Пра справы мясцовыя гутарым адкрыта — Ганна Аляксандраўна ведала, што дагэтуль я правёў шэраг, так бы мовіць, альтэрнатыўных сустрэчаў.

(Карэспандэнт: ) “Ганна, мясцовыя саветы, кажуць, на лакатках”.

(Сьцяпанічэнка: ) “Я лічу, зусім не. Я працую ў адным будынку з пассаветам, і, я бачу, як што трэба, людзі ідуць да Сьцяпанавіча — Цагельнік усё вырашыць. Напрыклад, як ён змагаецца, каб пабудаваць новы будынак Палацу культуры. Шмат дамоў кінутых. Як ён езьдзіў, каб выбіць нейкую суму заплаціць родным, зьнесьці й на гэтым месцы зрабіць нешта прыгожае”.

Рэтраспэктыва. Я гасьцяваў у 76-гадовай Зінаіды Макараўны Паўлюкевіч. Шаснаццаць гадоў яна адпрацавала сакратаркай Астрынскага сельсавету. Як кажа, даўно не глядзіць на сьвет праз ружовыя акуляры. Калі ёй было адзінаццаць, немцы забілі бацькоў. Дваццаць пяць гадоў таму памёр муж. Няма дзяцей. Жыве ў вялікім, паводле мясцовых мерак, катэджы. Кажа, што максымальны кошт, калі прадасі — тры з паловай тысячы даляраў. А цяпер ейны погляд на кінутыя хаты й клопат пра астрынцаў з боку пассавету.

(Паўлюкевіч: ) “Такіх хатаў больш за семдзесят. Купляюць вельмі танна — за тысячу ад сілы. За гэты гарод плаціла-плаціла! І “архітэктуры”, БТІ, пажарнай. У пассавеце трэба было даказваць, што гэта дакладна мая хата. Я так сьмяялася — а мо вы мяне не прызнаеце гаспадыняй?! А цяпер за прыватызацыю зямлі плаціць. Сказалі, што пакуль не выкуплю гэтую зямлю, ня маю права хату прадаць. Гарод ёсьць — няма дзе ўзяць чалавека, каб нешта ўзараў. І заплаціла б! 150 тысяч машына дроваў, а іх трэба пілаваць, калоць. А зіма — лепей галоднаму сядзець, чым у холадзе. Былі б людзі ад сабесу, каб можна было б заплаціць яму. Каб ён штосьці зрабіў”.

У кандыдаткі на дэпутата Галіны Сьцяпанічэнкі пытаюся:

(Карэспандэнт: ) “Што абяцаеш людзям?”

(Сьцяпанічэнка: ) “Проста, як дэпутат, змагу болей дапамагчы. Самая вялікая хвароба — недахоп рабочых месцаў. Беспрацоўя няма. Але ідуць скарачэньні. Васямнаццаць сем’яў узялі дзяцей — апякунская сям’я. Гэта не прыёмныя — яны проста ўладкаваліся на працу выхавацелямі”.

(Карэспандэнт: ) “Моладзь бяжыць?”

(Сьцяпанічэнка: ) “Многія ўладкоўваюцца на ПМК нашыя. І дастойныя заробкі — 500—600 тысяч, мільён. У калгасе маладыя трактарысты”.

Я сустрэўся з 22-гадовым беспрацоўным Алегам.

(Алег: ) “Спрабаваў працаваць у калгасе трактарыстам. 170 рублёў не ўстроіла — цэлы дзень з дзевяці да васямнаццаці. Пратрымаўся тры месяцы! Моладзь з Астрына бяжыць — галадае. Пакуль патусуюся да Новага году, а там, можа, у горад”.

Меркаваньне былой сакратаркі пассавету спадарыні Паўлюкевіч.



(Паўлюкевіч: ) “Моладзь, наагул, нідзе не працуе. Па праўдзе, ніякіх вытворчасьцяў няма. Быў лесазавод побач са мной, за сто мэтраў — таксама зачынілі. Тут палова ў турме сядзіць — адны крадзяжы. Кладзесься спаць і думаеш, што заўтра ня ўстанеш. Побач жанчына, у яе тры ўнукі — усе ў турме сядзяць. Адзін выйшаў — толькі два дні прабыў на свабодзе, пайшоў красьці, вокны выбіў. Можа, хтосьці й хацеў бы рабіць, але працы — лічы, што няма. Бальніцы, сяльпо…”

Акурат перад маім прыездам абвясьцілі пра скарачэньне напалову — з 50 да 25 — колькасьці бальнічных ложкаў. Узрушаная Галіна Сьцяпанічэнка кажа:

(Сьцяпанічэнка: ) “І едзь у Шчучын з кожнай балячкай! Было дзіцячае аддзяленьне, раддом, інфэкцыйнае…”

Ля прыпынку “Астрына”, на ажыўленай трасе Горадня—Вільня месьціцца ўтульная прыватная кавярня “Фаварыт”. Лічыцца, што трапіць у яе прэстыжна — ніколі не бывае пустая. Гутару з уладальнікам, вядомым у Астрына прадпрымальнікам Міхасём Журуном — ён трымае яшчэ краму й два шапікі. Між іншым — памятаеце словы настаўніцы напачатку, што астрынскіх бізнэсоўцаў усё более? Кажа спадар Журун.



(Журун: ) “Я думаю, бізнэс-плян можа разьвівацца, трэба ўкладаць грошы, бо ня толькі на астрынцаў разьлічваю. Тут побач адзін, другі прапускныя пункты, літоўцаў многа спыняецца, заходзяць”.

(Карэспандэнт: ) “Дзяржава душыць?”

(Журун: ) “Проста падаткі павінны быць такія, каб мы маглі іх плаціць. Мы зьяўляемся канкурэнтамі, але божухна — у мяне на ўсіх прадпрыемствах, базах 100 адсоткаў перадаплаты! Для тае ж дзяржструктуры адтэрміноўка ідзе на месяц. Можна ўзяць, прадаць і яшчэ раз прыехаць узяць. І занадта шмат кантрольных органаў.У мяне жонка бугальтар — працуе на кантрольныя інстанцыі. Калі нешта ўпусьціў, будуць такія штрафы, што не падняцца. Мне ўжо 9,5 мільёна давалі за касавую дысцыпліну — там трэба было зрабіць тое і тое, а ніхто не папярэдзіў. Але я павінен грошы зарабляць, а не адбівацца, каб у мяне іх не адабралі!”

(Сьцяпанічэнка: ) “Стаяў на ўзгорку прыгожы горад, Астрэя зваўся і герб свой меў. Як і народ свой, шмат зьведаў гора, Толькі нікому зла не хацеў. Дзяўчаты-кветкі там жалі жыта, Хлопцы-дубочкі касіць ішлі. Усё ў мінулым, усё забыта, Мы гарадзішча толькі знайшлі”.

А гэта ўжо зусім іншая, не вядомая пакуль вам Галіна Сьцяпанічэнка. Паэтка. Маці. Беларуска.

(Сьцяпанічэнка: ) “Я люблю гэты пасёлак, шмат зрабіла, каб ведаць пра гісторыю. Клюб “Спадчына” — найбольш дарагія ня самі зьвесткі, а тое, што дзеці ўбачылі, што ў іхным маленькім пасёлку ёсьць нешта незвычайнае. Тут камуністычнага няма. Вуліца Зіняцкая, бо вяла на Зінякі. Валашай, бо вядзе на валашаі — траву, дзе нішто не расьце. Месца, дзе мы знаходзімся, — на Маргах. Морг — габрэйская мера плошчы. Ім давалі гароды маргамі. Астрына жыве так, як жыве. Вы б паглядзелі, колькі цяпер у нас жанчын зь дзеткамі! Як сонейкі ў калясачцы — колцы круцяцца, аж душа радуецца. Ёсьць надзея, калі чалавек не баіцца нарадзіць дзіця. Таму я патрыёт свайго краю, сваіх людзей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG