Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Паглядзіце, як яны апранаюцца, асабліва дзяўчаты летам. Усе як адна з голым пупам..."


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за аўторак 5 сьнежня. 24 г адзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды" 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" — гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні на нумар — 8-029-391-22.

(Сталы слухач:) “Я вельмі рады паведаміць, што ў Амэрыцы ў Вэнэсуэле перамагла разумная і прагрэсіўная частка. І працягнуў свой тэрмін той прэзыдэнт, які супраць каляніяльнай і спусташальнай палітыкі янкі, амэрыканцаў. Гэта радасьць для ўсяго сьвету. І цяпер у Лібане таксама стаіць пытаньне пра тое, каб блюдаліза амэрыканскага зьняць і замяніць нармальнымі працаўнікамі. Гэта я кажу да таго, што тыя Мілінкевічы, якія дамаўляюцца звернуць існуючы лад… Як Лукашэнка гэта трывае, я ня ведаю, бо гэта ж правакатары... А народ беларускі, мы зноў абярэм Лукашэнку…”

“Цяпер на ўсіх скрыжаваньнях, па радыё, тэлебачаньні выступаюць і вусатыя, які чэшуць пад носам, і такія, і сякія, і ўсё цьвердзяць пра наш дабрабыт. Вось падвысілі вам пэнсію. Ура, якая раскоша! А я хачу сказаць, што не падвысілі – зьнізілі. Інфляцыя чаму не ўлічваюць? І нават рост коштаў на прадукты ды на іншыя рэчы. Усё ж на месцы. Мы плацім гэтаксама за газ, але ўсё рэзка падскочыла. Нават працэнтныя стаўкі ўкладаў тых бедных пэнсіянэраў зьніжаюць па яго ўказу, па ўказу Лукашэнкі. Вось напрыклад я. У тым годзе ад працэнтаў 90 тысяч атрымліваў, а ў гэтым 70, 69, калі дакладна. Дык на 20 тысяч зьнізілі, скралі… Я толькі маленькі прыклад прывёў. І ня тое што як было засталося, а горш. Дык чаму мы радуемся? Дык у дадзеным выпадку трэба проста людзям раскрываць вочы, што ён слаба адукаваны эканаміст. Пры чым гэта не нехта выдумвае. Тое што чыноўнікі гэта само сабой. А ён вучыць іх: вы павышайце кошты на паслугі ЖКГ летам, калі менш плацяць за гарачую ваду. А ў мэдыцыне? Калі хочуць заплаціць, дык трэба ў асобную палату, а тады іншым даводзіцца ў агульных палатах, колькасьць у палаце павялічваецца”.

“А цяпер наконт будаўніцтва атамнай станцыі. Вы ўсё зьбіраеце па Менску, бегаеце: з аднаго боку добра, зь іншага дрэнна. Справа не ў гэтым. Трэба, канечне, электрастанцыя. Але справа ў тым, што нас змардуюць з грашыма, разумееце? З нас зьдзяруць апошнюю нітку на яе будаўніцтва. Вось што страшна. Электрастанцыя патрэбна адназначна. Але ж ён усё за наш кошт, за кошт пагаршэньня жыцьця людзей. Так было, калі ён помнікі сабе ўзводзіў. Я не магу пагадзіцца зь ягонай палітыкай. Там ёсьць шмат добрага, але ў эканоміцы ён проста малакасос. Нічога не разумее ў гэтым. Вось што страшна... Кіраўнічыя рашэньні ня ўмее прадумаць наперад”.

(Зіноўеў:) “Вось калі ў НАТА запросяць у Беларусь, думаю, дойдзе справа і да дэпартацыі беларусаў з Расеі”.

(Ніна Ярмалінская, Салігорск:) “Нашаму ўраду неабходна весьці перамовы з кіраўніцтвам Расейскай Фэдэрацыі аб захаваньні ранейшых коштаў на энэрганосьбіты. Увесь транзыт з Усходу на Захад ідзе праз тэрыторыю Беларусі, у тым ліку нафта і газ. А хто нам заплаціць за расейскія ваенныя базы, за сталінскія ГУЛАГі, за Аўганістан, дзе сотнямі й тысячамі загінулі нашы беларусы? Апазыцыя павінна заняць канструктыўную пазыцыю на перамоўных працэсах, а не нацкоўваць адзін бок на другі”.

(Спадар:) “Я хачу выказацца па пытаньні атамнай электрастанцыі ў Беларусі. Тэхналёгія рэактараў Савецкага Саюзу адстае ад заходніх на 30-50 год. Навошта будаваць электрастанцыю з такім рэактарам, пры якім мы, беларусы, будзем сядзець як на бочцы з порахам. Хопіць нам Чарнобылю, мне здаецца. Гэта першае. Другое. Пакуль узначальвае заўхоз Мясьніковіч Акадэмію навук, што можна ў навукі ўзяць? Адкажыце, калі ласка. Акадэмікі павінны абіраць свайго лідэра, а не кіраўнік дзяржавы...”

(Ларыса, Менск:) “Пра нашу моладзь можна сказаць, што яна адпавядае свайму часу і той краіне, у якой яна жыве. У наш час не было той інфармацыі, якую яна атрымлівае цяпер, карыстаючыся кампутарам, Інтэрнэтам і мабільнай сувязьзю. Гэта дае магчымасьць шырэй глядзець на сьвет. Я не хачу сказаць, што гэта кепска. Так, яны сталі больш свабоднымі ў сваіх выказваньнях. Але ў мой час кожны чалавек быў індывідуальнасьцю. Паглядзіце, як яны апранаюцца, асабліва дзяўчаты летам. Усе як адна з голым пупам. Неяк непрыемна глядзець на гэта. А гэта вынік таго, што яны бяруць прыклад з выступоўцаў на экранах тэлевізару, там амаль голыя. Па-другое, яшчэ не пасьпелі скончыць школу, як ужо ідуць замуж. Хочацца сказаць: даражэнькія, спачатку атрымайце адукацыю, а потым ужо стварайце сям’ю. Тады ня будзе праблемаў, якія ў іх цяпер ёсьць”.

(Васіль Цюхай, Беразіно:) “Год 1999-ы, сёмы месяц. Зь неба прыйдзе цар жаху. Ён адродзіць цара з Ангулему. Празь нейкі час яго кіраваньне будзе шчасьлівым”. Варыянтаў тлумачэньня гэтага катрэну існуе вельмі шмат: уваскрэсьне Чынгіс Хан, прыйдзе прарок французкага гораду Ангулем, прыйдзе нейкі кароль ангельскіх месяцаў і гэтак далей. Я магу прапанаваць яшчэ адзін. Ангулем – гэта Віфліем. У Віфліеме былі два цары: Давід і Хрыстос, сын Давіда. Новы прарок некалькі разоў названы Давідам, некалькі разоў Ісусам і некалькі разоў Міхаілам. Цар жаху – гэта, відавочна, гасподзь Бог. Месяц ліпень часта фігуруе. А вось год –гэта пытаньне. Калі быў 96-ы, я сказаў бы дакладана, што ён азначае. Большасьць камэнтатараў лічыць, што кіраваньне цара Ангулему будзе доўжыца 70 зь нечым гадоў. І яшчэ адзін урывак зь невядомага катрэну: “Белы баран будзе несьці гіпербарэйскі народ празь бездань працягласьцю ў тры гады”. Магчыма, што гэта прароцтва пра Мілінкевіча. Бо ўвогуле цяжка тлумачыць няпоўныя катрэны без кантэксту. Магчыма таксама, што гэты чалавек будзе народжаны ў год Белага Барана, пры ўмове, што такі год ёсьць. А магчыма, што ён народжаны пад знакам Авена. Гэты Белы баран, кім бы ён ні быў, будзе дзейнічаць правільна царом з Ангулему. Ён будзе другім і апошнім афіцыйным прэзыдэнтам Беларусі, тым, якому ня доўга быць у адпаведнасьці з адкрыцьцём. Вяртаючыся да цара з Ангулему. У ісьлямскіх апокрыфах апавядаецца, што адзін з нашчадкаў прарока Мухамэда Імам Махдзі, які ці то памёр, ці то быў узяты на неба, але хутчэй памёр…Дык вось гэты Імам Махдзі абяцаў вярнуцца, калі будзе адступленьне ад веры. І зараз увесь мусульманскі сьвет чакае яго вяртаньне, таму таксама магчыма, што цар з Ангулему, гэта Імам Махдзі, а цар жаху ў такім выпадку – гэта новы прарок”.

(Уладзімер:) “Прывітаньне. Хацеў бы пракамэнтаваць словы Анатоля Грыцанава ў перадачы “Праскі акцэнт,” якая прагучала ў нядзелю, 3-га сьнежня. Наконт таго, што ў нас зусім няма намэнклятуры. Вымушаны адзначыць, што намэнклятура ў нас ёсьць. Іншая справа, якія якасьці ў гэтай намэнклятуры, але гэта іншая тэма для размовы. Як ёсьць і свае падпольныя міліянэры, “варацілы ценевага бізнэсу” і гэтак далей. Зразумела, што з Масквой і Варшавай гэта не параўнаць. Але можна параўнаць з краінамі Балтыі, якія, хоць крыху менш, чым Беларусь, але таксама маюць гэтыя моманты. Па-другое. Улічваючы тое, як у наш праводзяцца выбарчыя кампаніі й сам момант працы дзяржапарату, трэба адзначыць, што й намэнклятура, і партыя ўлады ў нас ёсьць, але партыя, шкада, юрыдычна не аформлена, бо гэта так выгадна. Інакш было б вельмі цяжка сфальшаваць выбары і рабіць іншыя рэчы. Таму намэнклятура ёсьць. Але якая намэнклятура? Ну, хутчэй за ўсё, наша, тутэйшая. Іншай мы ня маем. Калі б у нас не было намэнклятуры, то 19 сакавіка Масква б высунула свайго кандыдата, і ён бы ўпэўнена перамог. І не было б цяпер спрэчкі пра “Белтрансгаз” і іншыя прадпрыемствы. А “Белтрансгаз” усё ж такі нешта важыць, бо яшчэ той паўночна-заходні газаправод па дне Балтыйскага мора трэба пабудаваць. А на гэта трэба грошы і час адпаведны. І да таго ж, усё роўна пэўная частка газу й нафтапрадуктаў будзе прапампоўвацца праз тэрыторыю Беларусі. Таму, калі б не было намэнклятуры, то гэта б усё вельмі хуценька трапіла ў рукі Расеі”.

(Спадарыня:) “Беларускія ўлады, хаваючы ад народу ўсё, што адбываецца з былым кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным, даказваюць, што яны прымаюць наўпросты ўдзел у пагаршэні яго здароўя. Была надзея на спадара Сідорскага. Але й ён выявіўся, мякка кажучы, чалавекам нясьмелым. Што ж? Увесь сьвет ведае тым ня менш заказчыка і выканаўцу гэтага палітычнага зьнішчэньня палітыка, вучонага, прафэсара Аляксандра Казуліна. Палова насельніцтва Беларусі ня можа спаць спакойна па начах, прымаюць усялякія медычныя прэпараты. Нехта сардэчныя, нехта ад нэрвовага зрыву й гэтак далей. А тыя, што ва ўладзе, спакойна чакаюць, калі ўсё скончыцца. Ганьба такой уладзе!”
XS
SM
MD
LG