Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Казуліна сёньня павінна сустрэцца з мужам


Радыё Свабода 5 сьнежня Ірына Казуліна сустрэнецца са сваім мужам Аляксандрам Казуліным у калоніі "Віцьба-3" пад Віцебскам. Жонка вядомага палітыка, які ўжо 47-мы дзень трымае галадоўку, паведаміла, што дазвол на кароткатэрміновую сустрэчу быў атрыманы пасьля яе сустрэчы з намесьнікам начальніка Дэпартамента выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных справаў Юрыем Барынкавым.

Са словаў Ірыны Казулінай, гэтая сустрэча была непрацяглай. Яна паведаміла таксама, што прасіла намесьніка дэпартамэнта дазволіць прысутнічаць на сустрэчы Сяргею Скрабцу, які выйшаў на свабоду ў сярэдзіне лістапада. Ён таксама адбываў пакараньне ў калёніі "Віцьба-3" і галадаў у знак салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным. Аднак спадара Скрабца на сустрэчу з экс-кандыдатам на прэзыдэнта не дапусцілі.

Як паведамляе БелаПАН, за восем месяцаў зняволеньня й за час галадоўкі Казулін схуднеў прыкладна на 30 кіляграмаў. Учора раніцай ціск зьняволенага складаў 75 на 60 мілімэтраў ртутнага слупка.

Экс-кандыдат на прэзыдэнта абвесьціў галадоўку 20 кастрычніка, пратэстуючы такім чынам супраць "беззаконьня ў краіне", а таксама каб зьвярнуць увагу Савета бяспекі ААН да сытуацыі ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG